Выбрать главу

Пракурат. Здаецца, мы стрыжом усіх пад нулёўку. Да кожнага трэба падыходзіць са сваёю меркай. Па-мойму, такзваных свабод патрабуюць тыя, што яшчэ зялёныя і нічога не маюць, нічога не зрабілі і не набылі... А як трохі прыбарахоляцца, адхопяць кватэры, дачы, заслугі, пасады — адразу пасуравеюць. З пісьменнікамі трэба гаварыць на мове звонкай манеты. Гэты гук іх зачароўвае. Яны адразу мяняюць арыентацыю. І толькі фанатыкі і прасцякі застаюцца на сваім...

Каляда. Грошы свабоды не заменяць.

Пракурат. Як каму... Сёння пастаў сто пісьменнікаў і скажы ім: грошы ці свабода? І ўсе возьмуць грошы.

Каляда. Бо грошы можна ўзяць, а свабоду ў кішэню не пакладзеш.

Маскалевіч. Правільна. Гэта абстракцыя. Аднак я не згодзен з Пракуратам. Свабода — гэта...

Драгун. Чаго захацелі! Паглядзіце на столь, вунь у гэты куточак. Аднаму богу вядома, нашто там дзірка.

Маскалевіч. Не той час, цяпер кажы што хочаш.

Нагорны. А хіба раней нельга было? Гаварылі...

Маскалевіч. Толькі чым гэта канчалася...

Жывіца. Што ні кажыце, а Кавальчук гора не ведаў. Меў машыну, дачу, добрую пасаду, выдаваўся, хадзіў гогалем. Чаго яму яшчэ не хапала?

Нагорны. Чалавеку заўсёды мала.

Роўба. Мо ў гэтым і яго трагедыя?

Каляда. А мо ў гэтым корань прагрэсу?

Пракурат. Правільна. Калі чалавек скажа: хопіць, мне даволі — яшчэ нічога, толькі ён адзін стаў свіннёю. А калі скажа чалавецтва — прагрэсу канец.

Каляда. Менавіта. Якраз тыя, у каго многа чаго ёсць, першыя лажацца на дарозе прагрэсу.

Нагорны. Іх душыць няўмольнае кола гісторыі.

Каляда. Покуль з багатага пух, дык з беднага дух.

Драгун. А хто большыя выгоды мае ад прагрэсу?

Пракурат. Якраз той, хто ляжыць на яго дарозе!

Драгун. Парадокс!

Пракурат. Усё жыццё з такіх парадоксаў.

Драгун. Вось чаму ты гаварыў пра дарогі ў зігзагах. Цяпер ясна. На дарозе вось такія пні, якія трэба аб’язджаць, і ад таго дарога падоўжваецца ў два разы.

Пракурат. У сто разоў!

Каляда. Не будзь Гогалем. Гэта ён любіў гіпербалы. Але я пайшоў. Дзякую за цікавую інфармацыю.

У дзвярах ён сутыкнуўся з дырэктарам.

Важнік. Да вас калі ні зайдзі — толькі размовамі займаецеся.

Пракурат. Сёння грэх не пагаварыць, Павел Іванавіч.

Важнік. А што сёння?

Маскалевіч. Ну, Кавальчук...

Важнік. Але, але...

Жывіца. Як вы на гэта глядзіце, Павел Іванавіч?

Важнік. Я веру таму, што напісана.

Пракурат. Але ж там нічога не напісана, акрамя факта смерці...

Важнік. Вось у гэта я і веру...

Жывіца. А ва ўсё астатняе?

Важнік. Трэба праверыць... Але даволі пра гэта. Дзе Гушчынскі? Яго няма, а ў рэдакцыі і рады. Ну, так далей не пойдзе... Вазьмуся я за Гушчынскага як след...

27

Драгун пачуваў сябе намнога лепей, калі жонка засталася дома. Раней у яго ў душы жыла ўвесь час трывога за дзіця: ці накормленае, ці дагледжанае, ці не прастудзілася? Бо што маладая нянька? Загаворыцца, засядзіцца, а дзіця ўлезе куды-небудзь, а потым рабі што хочаш. Адчуваў ён сябе лепей і дома: прапала тая скаванасць, стрыманасць, якая жыла ў ім увесь час пры чужым чалавеку. Цяпер ён паводзіў сябе натуральна, мог з жонкай гаварыць пра ўсё, што яго турбавала і хвалявала, болей гуляў з дзіцем, і гэты занятак здаваўся яму цікавы і прыемны. Прыйшоўшы з работы, ён выводзіў Вальку на вуліцу, гуляў з ёю у скверы ля опернага тэатра, потым ішоў у магазін, купляў тое, што заказвала жонка для сённяшняй вячэры і назаўтра. Раней яго цяжка было ўтрымаць дома, усё рваўся ў бібліятэку, а цяпер з-за нязвыклай перамены мала думаў, каб пайсці, добра было і дома.

Жонка нібы таксама трохі паспакайнела, ранейшая яе стрыманасць як бы растала, яна, таксама як і Драгун, станавілася сама сабою. Усё-такі прыгледзець за дзіцем і зварыць абед лягчэй, чым яшчэ да гэтага адбыць восем гадзін на рабоце.

Праз нядоўгі час пасля звальнення яна папрасіла Драгуна, каб ён купіў ёй нітак. Цяпер, прыйшоўшы з работы, Драгун заставаў яе ў пакоі за вязаннем. Яна сядзела спакойная, здавалася, бяздумная, толькі шпарка варушыліся пруткі ў яе пальцах, ды сяды-тады кароткае ўздыханне вырывалася з яе грудзей.