— Пра што ты думаеш? — спытаўся ў яе аднойчы Драгун.
— А ні пра што. Пустая галава...
— Няпраўда, ты недзе вельмі далёка ад гэтага занятку.
— Не надта тут задумаешся: вакол шум і гам. То Валька не дае, покуль укладзеш яе спаць, то на кухні ўвесь час бразгаюць, то тая за сцяной бушуе. Ты сабе сядзіш там у сваёй бібліятэцы, а я тут слухаю гэтую музыку да атупення.
За сцяной забразгала патэльня, суседка выспеўвала сабе пад нос нейкую мелодыю.
— Ужо сёння не будзе спакою,— заўважыла Вера.— У мяне абед гатовы, толькі цукру я забылася купіць.— Яна ўключыла рэпрадуктар, каб заглушыць песню за сцяной, але не моцна, каб не разбудзіць Вальку.
— Дык я збегаю ў магазін, куплю цукру. Для цябе я гатоў ісці хоць на край свету.— Ён абняў Веру, прытуліў яе галаву да сваіх грудзей.
— Ну, ідзі... Для сябе таксама...— яна асцярожна адпіхнула яго ад сябе.— Нешта сёння ў мяне баліць галава.
— Трэба больш вылазіць з гэтае нары. А ты ўжо як сядзеш, то ні з месца... Ну, я хутка! — ён нават не апрануў пінжака — на дварэ яшчэ стаялі апошнія цёплыя дні восені.
Пакуль прастаяў у чарзе, прайшло хвілін дзесяць, не болей. Ён бег па лесвіцы свайго дома і чуў, што наверсе нехта дзіка лямантуе. Ён уляцеў на кухню, як на пажар, і стаў аслупянелы. На парозе расчыненых насцеж дзвярэй, што вялі на чорную лесвіцу з балконам, яго жонка счапілася з суседкай Турбан. Яны ўперліся адна ў адну як два казлы на вузкай кладцы, і хоць Турбан выглядала мажнейшай за шчуплую Веру, Вера ўсё ж сапхнула яе з парога, адарвала яе рукі ад вушакоў і, бразнуўшы дзвярыма, зашчапіла іх на кручок.
Жончын твар быў перакошаны і дзікі, а з вуснаў зрывалася лаянка. Як вецер, яна праскочыла ў свой пакой, а на балконе, адгароджаная дзвярыма, выла і крычала п’яная Турбан.
Дзверы ў яе пакойчык былі адчынены насцеж, і Драгун падышоў бліжэй, з цікаўнасцю зазірнуў усярэдзіну. У цэнтры пакоя стаяў стары ложак з бруднаю бялізнай, у кутку ля дзвярэй была тумбачка з электрычнаю пліткаю наверсе і адзінае старое крэсла, перакуленае, ляжала ля парога, як барыкада. Сцены былі зусім голыя, не беленыя і не абклееныя, а нейкія аскрэбеныя, нібы іх абгрызлі мышы. Падлога засмечаная, брудная, пад ложкам стаяла некалькі пустых бутэлек.
Драгун павярнуўся, адшчапіў дзверы на балкон.
Турбан адразу сціхла, асцярожна прашмыгнула ў свой пакой і зашчапілася на кручок.
А Вера ляжала на канапе і плакала. Плечы яе ўздрыгвалі. Драгун сеў да яе, стаў супакойваць. Але як, чым яе можна было супакоіць? Што хутка дадуць людскую кватэру? Гэтага ён не мог ёй сказаць... Таму і самому зрабілася цяжка: вінаваты ён сам, ён — гаспадар, і ён адказвае за спакой і дабрабыт сям’і.
— Нічога, Вера, пацярпі трохі... Яшчэ годзік, яшчэ два...
— Яшчэ тры, чатыры? Ці не так? — Вера высмаркалася ў пакамечаную хустачку, засунула яе ў кішэню халата.— Колькі цярпець?
— А што рабіць? Крычаць: дайце кватэру? І думаеш, дадуць? Парай, што мне рабіць? — сказаў Драгун і ўзяў Веру за аголеныя да локцяў рукі. І тут яго позірк улавіў на згібе Верынай левай рукі характэрную сказінку — след ад уколу ў вену.— Стой, дай руку! Што гэта ў цябе?
Вера спакойна адвяла руку.
— Чаго прыстаў? Нічога тут няма...
— Як нічога? Табе рабілі ўкол у вену? Прызнавайся, а то будзе горш.
— Рабілі...
— А што, табе было кепска, ці ад чаго?
— Галава пабольвае... Мо малакроўе...
— Не выдумляй! Ты нешта тоіш! Кажы, бо я не адстану ўсё роўна! Адкуль у цябе ў сумцы трыццаць рублёў, калі я ведаю, што ў нас грошы скончыліся?
— Ты ўжо ўлез у сумку... Ну добра, скажу... Я здавала кроў...
— Кроў? — Драгуна нібы абдало варам.— Ты звар’яцела?!
— А што рабіць?
— Каб болей гэтага не было! Лепей я залезу ў даўгі, а не хачу такіх грошай! К чорту!
— А я не хачу даўгоў... Ты мне пра іх не ўспамінай. Мяне ад аднаго гэтага слова пачынае муціць.
— А мяне будзе муціць, калі я ўспомню, што ем хлеб, куплены за тваю кроў!
— Нічога, гэта не крадзеныя! Калі я была студэнткай, то заўсёды, калі канчаліся грошы, ішла здаваць кроў. І не я адна... Я стары донар, ты не думай, мне нічога не зробіцца...
— Ты мяне не супакойвай... Гэта не спосаб... Вось неяк выдам сваю кніжку, будуць грошы...
Драгун прыходзіў з работы, а дома яго чакаў які-небудзь сюрпрыз. Вера вінавата гаварыла:
— Ты даруй мне, Косця, але я ўзяла ў Плоткінай гэтую кофту. Глядзі... Яна-то мне не падыходзіць, ты сам бачыш, але хоць маме пашлю.
Кофта была падношаная, але яшчэ мела від, толькі фасон Драгуну адразу не спадабаўся: без таліі і вязка цвёрдая — нібы кофта пашыта з рагожы.
— Як гэта ўзяла? Сама?