— Ну, яна мне яе сілаю ўперла... Ніяк не магу адмовіцца... Ды і танна, а ў нас грошай мала.
— Так яны табе ўсё старое барахло перададуць. Лепш хадзіць у сваім, хоць латаным.
Другі раз Плоткіна прапанавала Драгуну мужаў плашч, але ён прымераў плашч толькі для прыліку і занёс аддаў.
— Не падыходзіць,— канфузячыся, сказаў Плоткінай.
— Ну, што вы, такі плашч! Вы толькі прымерце! Ну, прымерце, я гляну!
Драгун успёр на сябе выцерты, у плямах кітайскі плашч, які ўжо даўно аднасіў сваё.
— Цудоўна! Як на вас шыты! Яго толькі трошкі памыць, падкрухмаліць, пагладзіць — і будзе як новы.
Ад яе цяжка было адвязацца, і цяпер ён добра разумеў жонку, якая ўзяла тую кофту. І ўсё ж Драгун прымусіў сябе не ўзяць «абноўкі».
— Дзякую, я збіраюся купляць новы...
— То, можа, хочаце паліто? Праўда! Зусім яшчэ новае... Я хачу занясці ў камісіёнку, але ўсё не збяруся.
Толькі ён хацеў сказаць, што паліто яму не патрэбна, як Плоткіна ўжо вымчала з другога пакоя тое паліто: з паедзеным моллю каракулевым каўняром, прапахлае нафталінам, рыжае, куртатае, цяжкае, як падняць.
— Прымерайце, прымерайце! Вы ж аднаго росту з маім мужам. Вам падыдзе, я вам кажу!
Ён апрануў паліто, глянуў на сябе ў люстэрка і не пазнаў: перад ім стаяў чужы, не ў меру тоўсты мужчына ў куртатым нязграбным лапсардаку, які ляжаў на ім, як на свінні набэдрыкі.
А Плоткіна бегала навокал, абцягвала, падпраўляла паліто і ўсё хваліла:
— Цудоўна, як на вас шыта! Бярыце, шчасце ідзе вам у рукі. У вас жа, здаецца, няма зімовага?
— Няма... Але я хаджу ў асеннім... Ды і грошы якраз...
— Не гаварыце пра грошы! Мы ж суседзі! Што я, не пачакаю? Ды якія тут грошы? З вас я многа не вазьму. Яно новае каштавала старымі дзве пяцьсот, ну, а цяпер якую тысячу, сотню новымі. Ці ж гэта грошы?
Драгуну стала горача. Ён сарваў з сябе паліто, аддаў Плоткінай.
— Не, дзякую. Купляць паліто не ўваходзіць у мае планы. Прабачце...
— Як хочаце, як хочаце,— шчабятала Плоткіна.— Я жадаю вам толькі дабра...
«Каб тое дабро ды табе ў рабро»,— падумаў Драгун, зачыняючы за сабою дзверы.
А аднойчы Драгун зайшоў у свой пакой і не пазнаў яго. Пасярэдзіне стаяў круглы вялікі стол, ля сцяны пры акне ледзь месціўся лакірованы цяжкі сервант, а заместа лямпачкі над сталом вісела трохражковая драўляная люстра.
— Віншую з абноўкамі,— сказаў Драгун, агледзеўшыся.
Вера снавала па пакоі і прыкідвала, куды што лепей паставіць.
— І цябе таксама, мой дарагі! — жартоўна-гулліва адказала жонка.— Як табе падабаецца?
— Падабаецца ці не — гэта глупства. Як расплачвацца — вось што важна.
— Неяк расплацімся. Усяго тысяча трыста на старыя.
— А на новыя ўсяго сто трыццаць. Зусім мала. Паўтара месяца не будзем есці — і аддамо.
— Не плач вельмі, чакаць, покуль ты купіш — не дачакаешся.— Вера пачынала злаваць.
— Што ім, болей не патрэбна? — Драгун кіўнуў на сцяну, за якой жылі Плоткіны.
— Яны купілі сабе нямецкі гарнітур за дзесяць тысяч.— Вера знарок падкрэсліла гэтыя «дзесяць тысяч». Маўляў, табе доўга чакаць, покуль будзеш мець такія грошы.
— Нам трэба думаць пра кватэру, а потым ужо пра мэблю. І так няма дзе павярнуцца.
— Пра ўсё трэба думаць, а не толькі пра кватэру. Дзе я вазьму сто трыццаць рублёў зараз? А за якога паўгода выплацім...
— Ну, добра, ты не злуй. Узяла дык узяла. Толькі не бяры ты ўсяго без разбору. Ну, навошта вось гэты вятрак? — паказаў Драгун на люстру.
— Хай будзе. Лепей, чым наша адна лямпачка... Есці хочаш?
— Як заўсёды... А дзе Валька?
— Успомніў-такі! У суседзяў...
— Не пускай ты яе туды!
— Гэта ж яны ўзялі сабе дзяўчынку... Мо трохі меншая за нашу Вальку.
— Ну і добра, хай гадуюць. А то Плоткіна без работы не ведала, куды падзецца. Даўно трэба было так зрабіць.
— А яны мелі сваіх дзяцей. Двое...
Драгун чуў такую навіну першы раз.
— Гэта мне суседзі расказвалі. Яны адна пра другую ўсё ведаюць.
— Дзе ж яны іх падзелі, тых дзяцей?
— Як пачалася вайна, яны неяк эвакуіраваліся, а дзеці чамусьці засталіся з дзедам і бабаю. Разам і трапілі ў гета. А там рэдка хто мог уцалець...
— Чаго на свеце не бывае! Мне толькі дзіўна, што яны пасля вайны не агораліся на дзіця.
Вера ўсміхнулася.
— Не ўсім гэта лёгка даецца. Я таксама пытала ў суседак тое самае. Аказваецца, Плоткін недзе ў Венгрыі заразіўся венерычнай хваробай. Відаць, з таго часу стаў бясплодны...
— Ну, мо было і зусім не так...
— Мо і не так, але людзі ўсё ведаюць.
— Калі не ведаюць, дык даложаць...
— Чаму ты такі? — успыхнула Вера.— Калі я табе што расказваю, ты ніколі не верыш.
— Дзівачка! Табе я веру, толькі не веру ўсім плёткам, якія ходзяць па завуголлях.