Выбрать главу

— Выходзіць, што я хаджу і збіраю плёткі па завуголлі? Так? — у Верыным голасе чуліся слёзы.— То дай мне работу! Дай! Я з радасцю пайду працаваць... калі ты мяне папракаеш, што я толькі хаджу і збіраю плёткі.— Яна ўжо плакала.

— Сціхні! Як малая! — крыкнуў Драгун.— Нельга сказаць і слова, адразу перакручваеш на свой лад.

— Мне абрыдла сядзець у гэтым катуху! Мне хочацца да людзей. Я жывы чалавек! А ты папракаеш мяне, што я збіраю плёткі... Што, і я павінна так маўчаць, як ты, днямі і начамі? Я звар’яцею хутка ад гэтай адзіноты, ад гэтага мёртвага маўчання...

— Табе не ўнаровіш. То цябе шум і гам выводзяць з цярпення, то цішыня... Хадзі, гавары, хто табе не дае?

— Хадзі, гавары... Вось пад бокам оперны тэатр! А калі мы з табою былі ў ім? Сорамна людзям сказаць: ні разу! Толькі ў бібліятэку ты ведаеш дарогу. Табе добра, ты пайшоў, развеяўся, пагаварыў з кім, пачытаў — у цябе зусім другія думкі ў галаве. А я? Я тупею, бо толькі думаю, што зрабіць на снеданне, што на абед, што на вячэру. І каб танна, і каб смачна, каб муж не крычаў, што я кепская гаспадыня... Ты ведаеш, што я начамі не сплю, калі ідзе да зарплаты і ў нас канчаюцца грошы? Ты спіш, табе напляваць! А я ламаю галаву, як стачыць канцы з канцамі, падлічваю капейкі... Іду здаваць кроў... Дзіцяці шыю са сваіх неданоскаў...

За што Драгун не любіў сябе, дык гэта за тое, што падпадаў пад чужы настрой. З вясёлым ён смяяўся, з ныцікам сам пачынаў ныць, а хто на яго крычаў ці кідаўся з кулакамі — і ён рабіў тое самае: адбіваўся і лез, як кажуць, у бутэльку, станавіўся на дыбкі і брыкаўся. І з жонкаю так: калі яна часам за што-небудзь узнімала крык, Драгун і сам не мог гаварыць спакойна — заместа таго каб яшчэ супакоіць жонку. Ці мо ён баяўся, што яго спакой ці маўчанне палічаць за баязлівасць? Скажуць, што ён баіцца... Што хочаш мог вынесці Драгун, але слова «баязлівец» яго абражала. Ён ніколі не мог сябе папракнуць за баязлівасць: калі лічыў, што трэба за нешта вартае пабіцца, мог пабіцца, калі трэба пасварыцца — трэба пасварыцца. Толькі калі ўсе сродкі выпрабаваны і болей нічога не застаецца рабіць. У сваім жыцці ён ніколі не ўцякаў — яшчэ і хлапчуком, не любіў заячай смеласці — стукнуць каму і ўцякаць, як гэта пашырана сярод многіх задзіраў. Ён любіў чэсную бойку і мог легчы касцьмі на месцы, але не ўцякаць, не паказваць пяты. Страх за тое, каб яго не назвалі баязліўцам, вёў часам да таго, што ён не саступаў свайму праціўніку, хоць адчуваў, што сам вінаваты. А калі праўда была на яго баку, тады ён ніколі не здаваўся.

Цяпер ён ужо збіраўся перайсці на самыя высокія ноты, як на кухні скрыпнулі дзверы, пачуўся дзіцячы плач, а потым нервовы стук у дзверы.

Драгун адчыніў. Ля парога стаяла расчырванелая Плоткіна і трымала за ручку заплаканую Вальку.

— Ваша дзіця дрэнна выхавана. Яна ўдарыла маю Марынку па галаве.

Спачатку Драгуны маўчалі.

— Ці мала за што дзеці могуць пабіцца? — Драгун не лічыў гэта падзеяй: нават каб стукнулі і яго дзіця — што ж тут такое? — Ты навошта ўдарыла малую Марынку? — спытаў ён Вальку.

Валька толькі ўсхліпвала і церла вочкі.

Плоткіна бразнула дзвярыма і пайшла.

— А чаго ж ты сама плачаш? — спытала ў дзіцяці Вера.— Цябе набілі?

— Цёця стукнула мяне кніжкаю па галоўцы, таму я і плачу... А Марынка стукнула мяне першая...

— Разбярыся цяпер, хто каго стукнуў... Ну, нічога, яшчэ ўсяго будзе па-суседству,— супакойваў дзіця Драгун.— А цяпер, маці, давай вячэру... Пачалося з малога, а дайшло да вялікага... Ты нешта многа праблем зараз узняла, цяжка ўсё ахапіць... Добра што Валька перарвала нашу гутарку... Хадзі ка мне на люткі, як ты казала год назад. Не плач! Лепш я пачытаю табе казку пра мушку-зелянушку і камарыка — насатага тварыка.

28

Сваркі з Плоткінымі здараліся ўсё часцей, узнікалі з-за якой-небудзь дробязі: Вера не зачыніла дзвярэй на балкон, надыміла керагазам, шумам у кухні разбудзіла Марынку. І пачыналіся яны звычайна тады, як Драгун быў у бібліятэцы ці на рабоце. Потым Вера расказвала яму, і ён дзівіўся, якія ёсць на свеце людзі. Ён прасіў жонку не прымаць усіх гэтых застрамак блізка да сэрца, пляваць на іх і болей смяяцца. Але яна так не магла.

Толькі потым Драгуны зразумелі, навошта Плоткіным спатрэбіліся сваркі: яны захацелі новую кватэру. А самы вялікі козыр на руках яны мелі той, што ім трапіліся сварлівыя суседзі, з якімі нельга жыць на адной кухні. І хутка такі кватэру ім далі, а на іх месца пераехала сям’я таксама з трох душ: бацька, маці і хлопец год шаснаццаці.

Трымаліся яны асцярожна, адчужана, з Драгунамі не павіталіся, не пазнаёміліся. Спярша перавязлі манаткі, гаспадар памяняў замок у сваю кватэру, на дзвярах на лесвічнай пляцоўцы прыбіў персанальную паштовую скрынку з вялікім вісячым замком, а прозвішча «Плоткіны» замаляваў і белай фарбаю вывеў новае — «Шварцман». Быў ён невысокі, лысы, насаты, з вялізнымі вушамі, якія віселі з абодвух бакоў яго галавы, як масіўныя замкі.