А новы замок, які Шварцман уставіў у свае дзверы, нешта адразу сапсаваўся, і гаспадар павінен быў ламаць дзверы сякераю. Адным словам, нейкі тыдзень ці болей у Шварцманаў чуўся грукат малатка, шорганне пілкі і лясканне жалеза аб жалеза. Замкі, запоры, завалы. Нават на кухонны столік Шварцман павесіў замок, а калі выходзіў у туалет, то замыкаў кватэру.
Драгун гаварыў Веры з іроніяй:
— Мусіць, у гэтых Шварцманаў поўна золата. Іначай чаго б яны так баяліся? Наш ключ да нашага раю ляжыць заўсёды ў шуфлядзе кухоннага століка, і Плоткіны гэта ведалі, і Шварцманы хай ведаюць. І мы не баімся... А што гэта робіцца?
Жонка пагардліва хмыкнула:
— Не дзівіся. Плоткіны іх застрашылі: тут зладзеі, бандыты, антысеміты і хто хочаш. Вось яны і будуюць сабе крэпасць.
— Мусіць, так і ёсць. Яны баяліся, што мы захопім іх два пакоі, а ім аддамо свой. Сем’і ж роўныя, што ў іх, што ў нас.
— Ты ўжо захопіш! Каб хто сказаў!
— Хіба я які пірат? Прыйдзе час — нам і самі дадуць.
— Чакай Пятра — з’ясі сыру.
— А што застаецца рабіць?? Што? Браць сілаю? Ці павесіцца?
— У цябе адна песня: чакай!
— А ў цябе другая: давай!
Слова за слова — і яны адчулі, што зараз пойдзе гарачая сварка. Кватэра — самае балючае месца ў Драгуноў. Але ён, калі што баліць, то не чапае яго, абыходзіць, маўчыць, а Вера якраз будзе таптацца на мазалі: аціхне-аціхне — і зноў за сваё.
Зазвінеў званок: раз, другі...
— Тваё шчасце! — сказаў Драгун і пабег адчыняць.
— Ці няшчасце,— наўздагон кінула яму Вера.
На парозе стаялі два яго землякі: з адной вёскі, нават суседзі, Кузьміч і Савош. Кузьміч трымаў сетку з двума вялізнымі кавунамі, а ў Саваша нешта тырчала ў кішэні.
— Заходзьце, хлопцы, заходзьце! Даўно не бачыліся!
Яны зайшлі ў пакой, павіталіся.
Кузьміч сяды-тады заходзіў да іх, а Савош быў тут наогул першы раз і Веры яшчэ ні разу не бачыў.
— Савош — мой сусед,— казаў Драгун жонцы.— Мы жылі цераз поплаў. У іх было многа вішань, ну, мы іх часта латашылі. І карову разам пасвілі, і сварыліся, і нават біліся. Памятаеш, як ты мне нажом рассек костачку на назе?
— Дык гэта я жартам,— смяяўся Савош.
Кузьміч даставаў з вялізнай сеткі кавуны — таксама вялізныя, як галовы.
— Гэта мы тут па дарозе купілі вашай малой.
Савош тым часам паставіў на стол паўлітроўку.
— Добрыя госці, усё сваё прыняслі. Каб часцей прыходзілі,— жартаваў Драгун.— Гаспадынька, збірай на стол. А ты, Валька, не еш многа кавуна, а то пуп развяжацца ад вады і жывоцік пацячэ.
— Не развяжацца, не развяжацца! — скакала Валька на адной назе вакол стала і рассыпала зярняты. А потым паслізнулася, упала і стала плакаць.
— Ціха, ціха. Сядзь на канапу і еш,— супакойваў яе Драгун.
Савош разглядаў пакой, зазірнуў у акно і сказаў:
— Каб яшчэ на аднаго, то сюды-туды... А як на сям’ю...— ён няўхвальна пакруціў галавою.
— А вы самі дзе жывяце? — спытаў Драгун, каб укалоць Саваша.
— У інтэрнаце...
— А ці ёсць якая надзея на кватэру?
— Якая там надзея? — умяшаўся Кузьміч.— Халасцяк можа пражыць у інтэрнаце да скону.
Хлопцы гаварылі па-руску, Кузьміч лепей, але з цвёрдым беларускім акцэнтам, а Савош нават шыпячыя вымаўляў мякка, затое часам устаўляў у мову жывыя беларусізмы, толькі даваў ім рускі канчатак ці ставіў няправільны націск на слове, лічачы, відаць, што ён гаворыць на чысцейшай рускай мове.
— Дык гэта знарок, каб вы жаніліся. Вас не падварушы, дык нічога і не будзе... Выходзіць, я за вас самы смялейшы. У мяне, як у таго цыгана, нічога не было, а ўзяў — і ажаніўся. А цяпер будзем разам збіраць свой скарб.
— З табою збярэш! — усміхнулася Вера.— Ідзі вось у магазін, бо ты і рад, што людзі прыйшлі са сваім.
Добра, што магазін быў пад бокам, у высозным міністэрскім доме. Драгун стаў у адну чаргу, у другую, у трэцюю. Ён радаваўся, што да яго завіталі гэтыя хлопцы. Малюнкі далёкага маленства ажывалі ў яго памяці, праходзілі перад унутраным зрокам знаёмыя людзі. Гэта проста цікава, што вось яны, тры хлопцы з суседніх хутароў, апынуліся тут, у Мінску. У гэтым Мінску цяпер з кожнай вёскі па дзесяць чалавек ці болей... А там іх хаты, ці, праўдзівей, хаты іх бацькоў, стаялі на адной лініі з усходу на захад: спачатку Кузьмічова, потым на горцы Савашова, а ў лагчынцы за поплавам — Драгунова. Драгунова маці правярала час па вокнах Кузьмічовай хаты: Кузьмічыха позна лажылася і рана ўставала. Працавітая была і сям’я Савашоў. Іхні хутар стаяў на добрай зямлі, у іх ніколі не было недародаў. У сям’і іх у той час яшчэ жылі старыя дзедаўскія парадкі. Як і памятае Драгун, яны садзіліся за стол у адзін час, кожны ведаў сваё месца і сваю лыжку. Гаспадыня падавала на стол мачанку ў вялізнай місе, а дзед Янка, па мянушцы Галубок, першы драўлянаю лыжкаю здымаў пробу, а потым у канцы даставаў мяса і пальцамі дзяліў яго на кавалкі — адпаведна ўзросту і сямейнаму стану. Янкаў сын, Пятрусь, будзёнаўскі кавалерыст, вясёлы жартаўнік і выдумшчык, так добра мог падрабляць галасы жывёл, птушак, што ўсе дзівіліся. А ў сям’і ён быў спакойны і пакладзісты, і нават пабойваўся свае нізкае таўсматае жонкі...