— Вам што? — пытае касірка.— Вы забылі, ці што? Хутчэй!
Драгун стукае сябе кулаком у лоб, з цяжкасцю адрываецца ад думак.
Цяпер ён і яны сталі гарадскія. Драгун першы завёў сям’ю, а яго суседзі-землякі ўсё яшчэ нечага агінаюцца, цягнуць. Мо ў іх жыве падсвядома тая закладзеная сялянскім ладам асцярожнасць і развага, што куды я прывяду тую жонку. Дзяды і прадзеды прыводзілі жанок у свае (няхай сабе і бацькавы) хаты...
Вера сустрэла яго мяккім папрокам:
— Ну, цябе па смерць добра пасылаць. Можна нажыцца...
Драгун памаўчаў, сеў на вольнае месца між жонкай і Кузьмічом.
— Мы тут пра цябе гаварылі,— сказаў Савош, пазіраючы сваімі хітрымі жвавымі вочкамі на Драгуна.— Кепска жывеш, браце. Усё-такі ты рэдактар, пісьменнік. А побач Шварцман мае два пакоі на траіх. А які ён мастак?
— Такі, як і я пісьменнік...
— Ну, вось бачыш...
— Дык што, выходзіць, я кепска стараюся, не хачу дабра свае сям’і? Парайце, што рабіць, парайце!
— Ну, дабівацца або, на горшае, будаваць хоць кааператыўна, ці як...
Драгун нявесела ўсміхнуўся, паківаў галавою.
— Ты вось вазьмі мяне за горла і скажы: дай сотню новымі, а то табе канцы,— і я не дам, бо не маю. А ты кажаш — кааператыўна...
— Ну, колькі ж ты ў месяц бярэш?
— Сто дзесяць...
— Хі-і! Навошта ж было вучыцца пятнаццаць год? — Савош павярнуў уверх далонямі свае прамасленыя, як вымазаныя ў графіт, дужыя рукі.— Ты ж ведаеш, колькі я скончыў. Пяць класаў. А ведаеш, колькі я зарабляю вось гэтымі мазольнымі рукамі? Дзвесце, дзвесце пяцьдзесят у месяц. Я наладчык... А ён інжынер — і атрымлівае гэтулькі, як і ты...
Кузьміч, які дагэтуль маўчаў, не вытрымаў:
— Не трэба ўсё вымяраць грашыма. Сваю работу на тваю я не памяняю. Мая цікавейшая. І думаю, што Драгунова — таксама. Соль не ў зарплаце, а ў рабоце.
— А мне — у зарплаце! За сто рублёў я табе на самай цікавай не стану горб нажываць. Няма дурных!
— Скажы, а колькі ты прапіваеш?
— Ну, трэць калі і прап’ю, то і застанецца болей, як у цябе.
— Але ў мяне чуць не кожны месяц пазычаеш? Чаму так выходзіць?
— Ты ўмееш эканоміць, а я — не...
— Дзівакі мы, хлопцы! — Драгун узняў чарку.— За вечную дружбу землякоў! Да дна!.. Я кажу — дзівакі мы. Вось мы траіх, некалішнія суседзі.— Ён павярнуўся да Веры, якая сядзела з Валькай на каленях.— Як мы страшэнна не падобныя да сваіх бацькоў! Яшчэ Кузьміч сюды-туды. Ён такі ж працавіты, цягавіты, эканомны, з моцнымі тармазамі, як яго бацька ці маці. Рэдка бывае такая ідэальная пара, як яго бацькі. Ці сварыліся яны калі-небудзь?
— Чаму не? Часам сварыліся. Але так, не злосна.
— А мае сварыліся, яшчэ і як!
— Ты і сам сварлівы,— зазначыла Вера. Сёння яна нешта маўчала, слухала, што гавораць мужчыны.
— Гэта праўда,— згадзіўся Драгун.— Я — як мой бацька. Чуць што — адразу ў крык. Але я і астываю хутка... А вось ты, браце Савош, на сваіх бацькоў не падобен. Ты проста як не іх сын. Выйшаўшы з такое сям’і: працавітай, эканомнай, нават прыжымістай, у якой саломінка на дварэ не прападзе, не то што якое дабро — раптам такі стопрацэнтны пралетар! Ніяк не даходзіць да мяне такая перамена!
— А што мне тое багацце? — Савош трохі падпіў, наверх прабівалася яго прыхаванае дагэтуль жаданне пахваліцца.— Ёсць сёння — і добра. Няма — заробім. Не заробім — пазычым. Заробім — аддамо, вып’ем, пагуляем. Усё проста і ясна... А навошта мне збіраць? Каб потым прападала?
— Але каб усе жылі пад такім лозунгам, то што было б?— спытаўся Кузьміч.— Гэта добра, што ты яшчэ адзін. А як завядзеш сям’ю?
— Таму я і не спяшаюся лезці ў ярмо...
— Ой, глядзі, мілы чалавек, цяжка будзе сябе перарабляць,— паспачувала Вера.— Бо жонкі звычайна на свет і на жыццё глядзяць не так.
— Я знайду сабе такую, як сам...
— Доўга ж ты шукаеш,— зазначыў Кузьміч.— І яшчэ, відаць, не скора знойдзеш...
— Каб чаго добрага! Абы толькі захацеў!
— Аднак ты вельмі самаўпэўнены. Але не забывай, што час бярэ сваё.