— То прысылай таго чалавека да Івановіча, хай пагаворыць,— тут жа перайшоў да справы Гушчынскі.
Драгун абяцаў. «Што ж, можа, што і выйдзе,— думаў ён, ідучы дадому.— Вось толькі куды падзець Вальку?..» Гэта не давала яму спакою.
Жонку з дзіцем ён убачыў у скверыку ля опернага тэатра. Вясенняе сонца ўжо добра прыгравала. Усе лаўкі былі заняты жанчынамі, толькі сям-там пракідаўся пажылы пенсіянер. Жанчыны былі ўсякія: старыя і маладыя, але амаль што ўсе з дзецьмі: хто трымаў у калясачцы, чыё бегала само, чыё на трохкалёсным самакаце каталася. Драгун трохі пастаяў на дарожцы, покуль Вера скончыла гаварыць з нейкай старой поўнаю жанчынай у зімовым паліто і ў валёнках. Малая Валька кінулася да бацькі.
— Татка! Там хлопчык маленькі... На веласіпедзе,— заспяшалася яна і паказала ручкай на тэатр.— На веласіпедзе ехаў... Яго забіў трамвай!
— Забіў? Які трамвай? — нічога не зразумеў Драгун.— Мо хіба аўтобус?
— Аўтобус... Я забылася... Ён ехаў на веласіпедзе...
Драгун пахаладзеў. На дзіцячыя веласіпеды ён заўсёды пазіраў са страхам.
— Вось бачыш! А ты ўвесь час просіш купіць веласіпед.
— Цяпер я не буду,— запішчала Валька.
Падышла Вера.
— Што тут такое было?
— Страшна сказаць! Хлопчыка аўтобус забіў. Вунь там, на павароце, ля самых сходаў... Цёткі тут расказвалі... Бацька купіў дзіцячы самакат, зайшоў у садзік, забраў малога. Той адразу сеў і паехаў... А тут якраз аўтобус. Ён яго абмінуў, а пры павароце задам як стукнуў... Дзіця галоўкаю аб асфальт — і канцы... Бацька тут вар’яцеў, людзі трымалі, а так шафёру нешта зрабіў бы... Хоць шафёр, кажуць, зусім не вінаваты.
— Я не буду больш прасіць веласіпеда,— сказала Валька, уткнуўшыся матцы галавой у калені.
— Маладзец, дачушка. Ну іх, гэтыя веласіпеды!
— Тут і без іх можна колы падмазаць.
Валька вылезла наперад:
— А навошта колы падмазваць? Каб лепей машына кацілася?
Драгун паправіў шапачку на русай дзіцячай галоўцы і засмяяўся.
— Каб ні на кога не наязджала, дурнічка ты...
Яны ішлі па дарожцы, сонца лагодна кідала на іх свае шчодрыя промні, навокал стаяў густы пах вясны, сквер звінеў дзіцячымі галасамі, а гадзіну назад... вось тут разыгралася звычайная і незвычайная трагедыя тэхнічнага веку...
— Слухай, Вера! Давай тут пасядзім на лаўцы. А ты, Валька, пабегай ля нас.
— Толькі на дарогу не вылазь! — строга наказала Вера.
Дзіця пайшло, але далёка не адыходзілася: збірала на траве жоўты, яркі з вясны малачайнік.
— Ну, дык што мы з Валькай будзем рабіць?
Вера ажно падскочыла на лаўцы ад такога запытання.
— Пра што ты?
— Ты ўжо і збялела. Ну і мімоза... Работа для цябе наклёўваецца, ведаеш?
— Няўжо? — вочы яе адразу ажылі, загарэліся.
Драгун расказаў пра гутарку з Гушчынскім.
— Ты думаеш, мяне прымуць? Я ж слаба ведаю беларускую мову... Лёс інтэлігента... Толькі і чула яе дома ды ў школе...
— Так і многія нашы... Думаюць, што яна ім ужо ніколі і не спатрэбіцца... Не плюй у пусты калодзеж — давядзецца вады напіцца...
— А што я магла зрабіць?
— Вось так і ўсе разважаюць... Многа мы не можам зрабіць, а сёе-тое можам. Можам мы з табою хоць у сям’і гаварыць па-беларуску?
— Дык ты ж гаворыш...
— Я — яшчэ не ўсё. Трэба, каб і ты. Тады будуць і дзеці... А так за гэтыя дні пачытаеш граматыку, дам табе дыктант, пераклад. Нічога, успомніш!
— Ой, баюся...
— Мяне больш за ўсё турбуе Валька...
Вера апусціла галаву, спахмурнела.
— Напішам сваім, хай зноў шукаюць якое дзяўчо.
— Думаеш, знойдуць? — спытала Вера.
— А чаму не?
Вера ўвесь канец дня была ўзвінчаная, то пачынала спяваць, то замаўкала, нібы нешта ўспомніўшы.
Праз тры дні прыехала да іх Верына маці і прывязла дзяўчынку гадоў чатырнаццаці, кволую, невялічкую, але рухавую і смелую. Праўда, яна не ўмела нічога рабіць, хоць і вырасла ў вёсцы, ды гэта ўжо было паўбяды.
А Вера пайшла на «экзамен», які па просьбе Івановіча праводзіў сам галоўны рэдактар Быліна. Ён даў Веры запоўніць анкету, а потым пасадзіў яе за пераклад. Гэта універсальны сродак праверыць, ці чалавек пісьменны: тут адразу відаць, як ён ведае абедзве мовы: і тую, з якой перакладае і на якую перакладае.
Вера доўга не выходзіла з кабінета галоўнага. Драгун выбягаў на калідор праз кожныя дзесяць хвілін, спадзеючыся злавіць яе і даведацца, чым усё скончылася. Але так і не ўбачыў: яна прашмыгнула непрыкметна, а ў рэдакцыю, відаць, пасаромелася зайсці.
І ўсё ж Драгун хоць трохі, а дазнаўся — ад самога Быліны. Ён паклікаў яго ў свой кабінет і запрасіў сесці. Драгуну здалося, што галоўны паклікаў яго, каб апраўдацца: маўляў, твая шаноўная жонка не справілася з заданнем, нарабіла многа грубых памылак, вось яе работа, таму прабачце... Але адгадаць, чаго пакліча Быліна, было не заўсёды проста. Галоўны прагледзеў паперу, спісаную знаёмым Драгуну хуткім почыркам і сказаў нечакана: