— Я паклікаў вас, каб спытаць... Не, проста параіцца з вамі... Як вы лічыце: можна браць вашу жонку рэдактарам ці не?
Драгун разгубіўся і не ведаў, што казаць: ён раптоўна робіцца вяршыцелем лёсу свае жонкі!
— Павел Пятровіч, каб вы ў мяне яшчэ спыталі, ці выйдзе з маёй жонкі рэдактар, то я, падумаўшы, мог бы вам адказаць, а так я маўчу. Гэта ваша справа...
— Ну ўсё ж такі... Вы ж зацікаўленая асоба...— Ён перагарнуў паперу.— Увогуле яна беларускую мову ведае, толькі відаць, што доўга ёю не карысталася, была адарвана ад жывой моўнай практыкі... Але ж яна спецыяліст, а такія людзі нам патрэбны... Філолаг будзе ведаць мову, але ён наўрад ці асвоіць заатэхнію так, як спецыяліст. А «вучоны заатэхнік», як у дыпломе напісана, мову, калі захоча, то адужае. Як вы лічыце?
— Тут я з вамі згодзен... Тонкасці мовы і рэдагавання да чалавека дойдуць праз год, не раней. Гэта я памятаю па сабе, хоць я і канчаў беларускае аддзяленне і, здаецца, няблага ведаў мову. За год я толькі пераканаўся, як я кепска яе ведаў.
— Дык вы лічыце, што з яе выйшаў бы рэдактар?
Драгун зрабіў на твары грымасу няпэўнасці.
— Я не магу сцвярджаць катэгарычна, таму што гэта было б раўназначна словам: бярыце маю жонку ў рэдактары... Але я ведаю яе стараннасць, працавітасць....— Ён змоўк і пачырванеў: не заўважыў, як пачаў хваліць сваю жонку.— Прабачце, я многа нагаварыў.
І Драгун выйшаў. Яго рассмяшыў галоўны сваім наіўна-недыпламатычным пытаннем: ці хоча ён, каб яго жонку ўзялі на працу? А які гэта муж скажа: не бярыце! Тым болей пасля таго, як Драгунам колькі год даводзіцца жыць на адну зарплату. І ўсё ж у яго не было ўпэўненасці, што Веру возьмуць.
А сама Вера нават не думала, што яна стане рэдактарам. Яна пераказала Драгуну, як прайшоў яе «экзамен», як потым галоўны крэсліў яе пераклад і гаварыў, што тут не так, а тут недакладна, а тут зусім непісьменна — старая форма, якая цяпер ужо зусім не ўжываецца. Адным словам, даказаў ёй пераканаўча, што беларускай мовы яна не ведае. А Драгун расказаў, як гаварыў галоўны з ім і як пытаў, ці браць яе, Веру, на работу.
— І што ты сказаў?
Драгун рагатаў.
— Сказаў: не бярыце! І са мной вам клопату многа.
— Няўжо праўда?
— Я смяюся... Сказаў, што рэдактар з цябе можа выйсці, бо ты чалавек сур’ёзны і працавіты.
— І ты думаеш, гэта што паможа?
— Паможа не паможа, але і не пашкодзіць, як казаў у нас адзін дзядзька, прымаючы лякарства.
Назаўтра дзень прайшоў у чаканні, але без ніякіх навін-перамен. Думалася ўжо: або хай так, або хай гэтак, але каб ведаць, што там вырашылі.
А яшчэ праз дзень заходзяць у рэдакцыю Гушчынскі з Івановічам, загадчыкам сельскагаспадарчай рэдакцыі. Івановіч быў прыгожы з твару мужчына сярэдніх год, толькі страшэнна павольны і флегматычны. Колькі памятае яго Драгун, ён не бачыў, каб гэты чалавек усміхнуўся або што-небудзь ажывіла яго бледны нерухомы твар. Ён быў роўны, як абгабляваная дошка, і таму трохі нудны.
— Дык як, адпускаеш на работу жонку? — спытаў ён адразу Драгуна.
Драгун з недаверам глянуў на Івановіча.
— Калі вы бераце, дык я адпушчу...
— А як з дзіцем?
— На ўсякі выпадак знайшлі там нейкую няньку...
— Дык чаго ж? — ажывіў гутарку заўсёды бадзёры і хуткі Гушчынскі.— Справа, можна сказаць, уладжана. Дырэктар падпісаў загад.
Драгуну ўсё здавалася, што яны жартуюць.
— Праўда, праўда, падпісаў,— пацвердзіў кіўком галавы Івановіч. Твар яго ў час гутаркі заставаўся як мёртвы, толькі вяла варушыліся вусны маленькага рота.— Сёння маем пятніцу... Скажы, хай з панядзелка прыходзіць на работу.
— То дзякую вам абодвум,— сказаў Драгун да Гушчынскага і Івановіча і ўстаў з-за стала.
— Дзякуем не адбудзеш! — гучна зарагатаў Гушчынскі.
І яны абодва выйшлі з пакоя — Гушчынскі усё так жа весела рагочучы, а Івановіч усё такі ж посны і забальзаміраваны.
У рэдакцыі зашумелі.
— Ну, цяпер Драгуны задрыгаюць!
— Панове рэдактожэ...
— Без хвігі ні да носа!
— Куды яны грошы будуць дзяваць!
Але пазубаскалілі і сціхлі. Адзін Драгун у душы не мог супакоіцца. Усё-такі цяпер яны змогуць жыць па-чалавечы... Каб яшчэ як агорацца на кватэру... Але пра ўсё адразу ён не хацеў і думаць — баяўся. Успамінаў чужую мудрасць: хто не разганяецца на многае, будзе мець усё. Хто хоча схапіць усё, страціць і тое, што меў... Галоўнае, што жонка перастане пакутаваць ад усякіх неадчэпных думак, якія ёй не давалі спакою: што яна няўдачніца, што нешчаслівая радзілася, што кепска выбрала пару, што нават не можа даваць сям’і тое, што павінна даваць кожная жанчына.