І вось з панядзелка Драгуны адправіліся на работу ўдваіх. Ехаць найлепш выпадала трамваем: прыпынак ля самага дома, ды і там да Дома друку дзесяць хвілін хады. У добрае надвор’е прыемна прайсціся, развеяцца пасля работы. Прыходзілі дадому стомленыя, але ў добрым гуморы, разам браліся гатаваць вячэру. Нянька яшчэ гуляла ў скверыку з малою, у пакоі стаяла цішыня, калі ў суседкі Турбан было далёка да пенсіі. Звычайна яна распускала сваю пенсію за тыдзень, шумела, спявала, плакала, крычала, шпурляла нечым у сцены і нават выбівала ўласныя шыбы, а потым тры тыдні сядзела ціхая, прыніжаная, баялася паказацца людзям на вочы. Вера часам давала ёй што-небудзь паесці, а іншы раз жанчына прасіла пазычыць ёй рублёў пяць грошай да пенсіі. Адным словам, была звычайным чалавекам, якога рабілася шкада.
Затое ўжо на трэці дзень нянька Нэля паскардзілася Драгунам, што Шварцманіха ўвесь час яе навучае, як трэба паводзіць сябе ў кватэры, дзе агульная кухня, што яна моцна бразгае дзвярыма і часта бегае ў туалет. І яшчэ ўсякія дробныя прычэпкі.
Аднойчы Драгун, спаткаўшы на кухні Шварцманаву жонку, прымусіў сябе — хоць яму вельмі не хацелася лезці ў гэтае кухоннае балота — сказаць:
— Паслухайце, суседка, я не ведаю толькі, як вас зваць, бо вы не знаёміцеся з намі...
Суседка глянула на Драгуна малымі палахлівымі вочкамі і, здаецца, яшчэ болей скурчылася, паменшала.
— Што вы хочаце? — пісклівым галаском спытала яна.
— Я хацеў сказаць... Я прашу вас, каб вы не займаліся выхаваннем нашай нянькі... Я не сказаў бы вам гэтага, калі б ведаў, што вы гэта робіце з добрымі намерамі. А так я бачу, што вы хочаце запалохаць вясковае дзіця, каб яно адгэтуль уцякло... А нам яна вельмі патрэбна... І прашу вас — не чапайце яе. Калі яна што зробіць не так — кажыце нам.
— Што вы, што вы! Я ёй і слова кепскага не сказала, хай не хлусіць. Навошта яна мне здалася? Хай робіць што хоча, хай хоць на галаве ходзіць! Вы думаеце, яна глядзіць ваша дзіця? Яно больш плача, чым смяецца... Бач, ужо паспела нагаварыць! Ну, падумайце!..— яна так разышлася, што Драгун ужо не рады быў, навошта чапаў.
— Прабачце, мне няма калі... Але я прашу вас: будзьце з суседзямі па-суседску.
А няньцы яны прачыталі вечарам цэлую лекцыю, як жыць у камунальнай кватэры.
Нянька пазірала на іх вялікімі вачыма, у якіх адбіваўся страх. Відаць, з таго, што ёй гаварылі, яна не запомніла нічога.
30
Пракурат падышоў да акна, нацадзіў з сіфона газіроўкі, са смакам выпіў.
— Нешта цябе зранку смажыць,— заўважыў ціха Нагорны, які сядзеў пры акне.
— Хачу ў душы агонь заліць,— абыякава сказаў Пракурат, пазіраючы ў акно, якое выходзіла на двор друкарні.— Не разумею, што яны ўсё тут капаюць. Колькі працую тут, а як прыйдзе вясна, то як пачнуць капаць і грукаць, то да самай зімы.
— Прыкмета горада. Тут і зямлі не даюць спакою,— зазначыў Нагорны.
— Не толькі чалавеку,— падліла масла ў агонь Роўба.
— А што, і праўда... Скрозь капаюць, капаюць...
— Капаюць, хапаюць,— падбавіў Нагорны.
Драгун падумаў, што нешта яны сёння зранку заводзяцца, а яму хацелася папрацаваць, хоць да абеду. Ён не збіраўся ўмешвацца, але неяк падсвядома адчуў, што ўсё круціцца вакол яго. Нешта яго як працяло, кароткі сігнал прабег пад левай лапаткай, насупраць сэрца.
— Галоўнае, мы часам нават не падазраваем, што пад намі ўжо яма,— біў у адну кропку Пракурат.— То добра ж, калі хто шапне: «Сцеражыся, чалавеча, ты вісіш у паветры». А не — дык апынешся там як міленькі. І яшчэ невядома, ці выберашся...
— Пра што гэта ты? — вырачыў вочы Нагорны.
— А што, ты не чуў? — павярнуўся Пракурат да Нагорнага.— Хочуць Драгуна павысіць...— Ён апошняе слова сказаў так, што адразу стаў ясны яго адваротны сэнс.
Драгуна нібы ўкалолі шылам пад лапатку. Ён уздрыгнуў і, відаць, пабялеў. Але нечаканасць мінула, ён ужо апамятаўся.
— Мяне павышаць? Я і так высока...— хацеў пажартаваць Драгун, але голас не слухаў яго: бадзёрасці не было.
— Я ў цябе пытаю: ты ведаеш што ці не? — Пракурат падышоў да Драгуновага стала і стаў насупраць.
— Нічога не ведаю...— Драгун адмоўна пакруціў галавою.— А што?
— Як той з анекдота: а што? Тваю кнігу вярнулі з галоўліта.
— Якую? Мішчанку?.. Не, мне нічога ніхто не казаў...
— У нас скажуць, чакай... Дырэктар даўно чытае...
— Я бо гляджу, што ён мяне цяпер зусім не заўважае, нібы мяне няма... І сны нейкія ўвесь час нядобрыя пляліся...
Нагорны ўважліва глянуў на Драгуна, падміргнуў, але не сказаў і слова.