Доўга так хадзіў Драгун з поўнай галавою гэтых супярэчлівых думак, ды аднойчы ў нядзелю, засеўшы ў бібліятэцы, запісаў усё на паперу, блытана, спехам, але шчыра, як яму здавалася, доказна, пераканаўча... Ці толькі для ўсіх?
І трэба якраз здарыцца, што ў клубе Саюза пісьменнікаў сабралася нарада па рабоце з маладымі: пра іх цяжкасці, пра клопаты, патрабаванні і пажаданні. Драгун доўга не рашаўся, а потым ўсё ж папрасіў слова. Ён так хваляваўся, што каб не збівацца і не блытацца, дастаў з кішэні свой «канспект» і пачаў чытаць.
Драгун. Я не збіраюся выстаўляць сябе анёлам. Усе мы на такой рабоце, што ад памылак не застрахавацца. Розніца тая, што адзін іх робіць больш, другі менш. Не памыляецца, вядома, толькі той, хто нічога не робіць. І калі зыходзіць з гэтага тэзісу, то часцей памыляецца той, хто выдае больш арыгінальных кніжак, асабліва першых кніжак маладых аўтараў, якія яшчэ не зусім авалодалі сакрэтамі правільнага адбору матэрыялу, не адчуваюць яшчэ мяжы паміж «можна» і «няможна», карацей кажучы, яшчэ не нажылі сабе «добрага» дарадчыка, які ў нашым асяроддзі называецца ўнутраным рэдактарам. Божа барані іх ад яго! Хай у сто раз будзе цяжэй нам, выдавецкім рэдактарам, чым аддаваць сваё пяро ў рукі гэтага ўнутранага стража!
Пісаць праўду цяжка. Вось нядаўна Балканаў у рэцэнзіі на аповесць нашага Базылевіча выказаў думку, што аб таленце пісьменніка можна меркаваць па тым, наколькі ён адлюстроўвае, паказвае праўду жыцця. А ўспомнім, колькі крыві было сапсута ў рэдакцыі, покуль мы выдалі першую кніжку Базылевіча «Жураўліны клін». Я мог бы расказаць усю гэтую гісторыю падрабязна і назваць тых, хто станавіўся на дарозе і не даваў ходу гэтай таленавітай кнізе.
А што было з першай кніжкай прозы Каралевіча? Я два разы падпісваў яе ў набор. Яна ніяк не ўлазіла ў пракрустава ложа нашых старых установак і ўяўленняў аб прозе, той прозе, якую мы спакойна выдавалі і выдаём і якая так набіла аскому чытачу.
А возьмем першы раман Міхалевіча. Пра гэта лепей расказаў бы рэдактар Нікіфароўскі, які вёў кнігу Міхалевіча. Раман затрымалі, і Міхалевіча выратавала толькі тое, што яго кніга паралельна друкавалася і ў Маскве, а там людзі трохі смялейшыя, як у нас. Але не будзем яшчэ забываць, што ў Міхалевіча ўжо было літаратурнае імя, чаго ў той час не мелі ні Базылевіч, ні Каралевіч, ні Драздоў, які выдаваў свой раман «На берагах Віліі».
Нашы маладыя празаікі пішуць смялей, лепш і глыбей, чым пакаленне, якое сфарміравалася ў цяжкі перыяд культу асобы Сталіна. А мы патрабуем, каб яны прытупілі свае пёры і паўтаралі Стацкевіча... Новая плынь у літаратуры моцная, здаровая і неадольная. Гэта тое, што патрэбна народу, чытачу, ён вітае і будзе вітаць кнігі Драздова, Базылевіча, Мішчанкі, Каралевіча і іншых.
Цяпер я два словы хацеў бы сказаць пра тое, якім метадам карыстаецца наша дырэкцыя для выхавання нас, рэдактараў.
На днях галоўліт зрабіў заўвагі па кнізе Мішчанкі. Машына адразу стала. Пачаў чытаць дырэктар, галоўны, загадчык рэдакцыі. А мне ніхто і слова не кажа. Толькі пайшлі чуткі, што мяне збіраюцца панізіць, перавясці ў другую рэдакцыю. Ніхто мяне нікуды не выклікаў, ніхто нічога не сказаў, не параіўся, нават не крычаў, што рэдка бывае. Цішыня, як перад навальніцай... Добра, што хоць выпадкова зайшоў у рэдакцыю наш старшыня Саюза. Разам з загадчыкам рэдакцыі яны пайшлі да дырэктара, усе заўвагі знялі, за выключэннем эпізода з фінінспектарам. Кніга пайшла цэлая, а каб не аўтарытэт старшыні? Ад яе засталіся б рожкі ды ножкі. А каб не гэтая выпадковасць? Дырэктар напісаў бы даклад, прачытаў бы яго на вытворчым сходзе або на бюро, зрабілі б аргвывады — і ўсё, Драгун нават не дрыгнуў бы. Яго паставілі б перад фактам. Гэта падобна на суд за закрытымі дзвярыма, якім вельмі ўмела карысталіся берыеўскія памагатыя і які прынёс гэтулькі шкоды нашаму народу.
Час перастаць рабіць таямніцы з таго, што не сакрэтна, час людзей лічыць за людзей і лічыцца з іх думкамі. Калі я рэдактар, я маю свой голас, сваю галаву і погляд на рэчы. Мяне павінны выслухаць, перш чым рабіць якія арганізацыйныя вывады. Ды не! У нашым выдавецтве няма такое моды — гаварыць з рэдактарам, тым болей калі ён яшчэ праштрафіўся.
Мы баімся калегіяльнасці, хоць на словах галасуем за яе абедзвюма рукамі. Хто калі памятае здарэнне, каб дырэктар прыйшоў у рэдакцыю і параіўся па якім-небудзь пытанні, што закранае лёс рэдакцыі ці асобы рэдактара? Ніхто ніколі! Лёс рэдакцыі і яе людзей вырашаецца за закрытымі дзвярыма. Так было нядаўна з Маскалевічам, з Нікіфароўскім.