Выбрать главу

Чаму ўсё ж такі мы баімся голасу грамадскасці, чаму баімся агласкі? Мне ўспамінаецца абмеркаванне рамана Драздова на рэдсавеце ў выдавецтве. Усе, хто там быў, з невялікімі агаворкамі хвалілі раман: Баркоў, Шыкевіч, Крыцкі, Ярашэвіч. Болей крытыкаваў галоўны рэдактар, бо, дарэчы, ён ужо ведаў думку дырэктара. А думка дырэктара ішла ўразрэз з усімі, хто тады выступаў: раман кепскі і выдаваць яго нельга...

Не мне судзіць, ці пахіснулі яго веру ў сваю думку тыя таварышы, што тады выступалі, але мне чамусьці здалося, што дырэктар не згадзіўся з імі толькі з амбіцыі. Як гэта? Каб я, дырэктар, ды адступаўся ад свайго? Навошта ж мне далі ўладу?.. А можа, я памыляюся?

Затое чарговая «аперацыя» — абмеркаванне вершаў маладога паэта Вярэйскага была падрыхтавана з улікам промахаў, якія былі дапушчаны на рэдсавеце па Драздову. Усю рэдакцыю выклікалі на партбюро. Аўтара, як закон, не запрасілі. Не запрасілі нікога чужога. Усе свае. І тон, зададзены дырэктарам упачатку, не спадаў да канца. Зборнік вершаў даручылі чытаць людзям, якія стаяць ад паэзіі вельмі далёка. Напрыклад, загадчыку аддзела кадраў, рэдактарам з сацыяльна-эканамічнай, навукова-тэхнічнай літаратуры. Яны спатыкаліся на кожнай метафары і хапаліся за галаву ад кожнага складанага вобраза, гаворачы, што ў іх час так ніхто не пісаў. Яны ўвачавідкі шкадавалі аб «іх часе», але што зробіш — час назад не вяртаецца.

О, божа, казалі яны. І як чалавек мог дадумацца да такога:

Я іду і пяю ад вялікай, пранозлівай радасці,

Што памру, не дайшоўшы да подласці, трусасці, старасці!

Гэта ж не жарты! Старасць ставіцца на адну нагу з подласцю, трусасцю! Значыць, кожны стары — гэта...

Жалезная логіка!

Члены партбюро поўнасцю падтрымалі дырэктара. Рэдакцыя спрабавала даказваць сваё, але толькі яшчэ больш разгневала дырэктара. Усе мы былі бітыя, усе вінаватыя.

Прызнацца, да гэтага выступлення дырэктара я быў лепшай думкі аб ім як аб кіраўніку і чалавеку. Яго выступленне было грубай вульгарызацыяй, абсалютнай пародыяй на разбор вершаў. Я ўпэўнены, што каб дырэктар рабіў свой даклад перад такой аўдыторыяй, як сёння, то яго асвісталі б, і нашаму вышэйшаму кіраўніцтву давялося б рабіць арганізацыйныя вывады — пасылаць таварыша Важніка на курсы па павышэнню кваліфікацыі, бо ў яго, здаецца, усяго два курсы даваеннага КІЖа.

Абмеркаванні нашых промахаў і памылак ператвараюцца ў судзілішча, у расправу, на якой літаральна затыкаюць рот таму, хто не згаджаецца з думкай дырэктара, як гэта было з бляскам паказана пры абмеркаванні вершаў Вярэйскага, калі рэдактар Нікіфароўскі выступіў у абарону паэта і фактычна абвергнуў усе дырэктаравы закіды.

Дырэктар у нас — паўнапраўны валадар, які робіць усё, што лічыць патрэбным. І там, дзе яму не хапае логікі і розуму, ён ужывае сілу.

Могуць спытаць: а дзе ж галоўны рэдактар, на якім ляжыць адказнасць сачыць за ўсім літаратурным працэсам, абараняць пісьменніка і яго правы перад адміністрацыяй, памагаць выдаваць, друкаваць, ствараць добрыя кнігі, тым болей што сам Быліна таксама пісьменнік — літаратурны крытык. На жаль, такога галоўнага рэдактара ў нас няма. Яшчэ не было выпадку, каб галоўны рэдактар выступіў супроць дырэктарскай думкі. Больш таго, калі часам па якіх-небудзь прычынах галоўнаму даводзілася самому рашаць тое ці іншае пытанне, то ён тут жа мог адступіцца ад свайго рашэння, калі думка ў дырэктара была другой. Так што шукаць падтрымкі ў галоўнага рэдактара, калі гутарка заходзіць аб нязгодзе з дырэктарам,— тое, што шукаць ветру ў полі.

Самы вялікі грэх у выдавецтве — заступіцца за пісьменніка. А той, хто, як кажуць, бярэ аўтара за горла і рэжа па жывому, ходзіць у перадавых і паважаных. Але калі я бачу, што праўда на баку аўтара, я не магу прызнаць, што гэта не так — я заступаюся за аўтара. За гэта я стаў лібералам, апалітычным і нават ненадзейным. Цяжка, вельмі цяжка працаваць у такой атмасферы, яшчэ цяжэй выдаваць кнігі пісьменнікаў, якія яшчэ не маюць літаратурнага імя, якія яшчэ толькі ўступаюць у літаратуру... А такіх кніжак за апошнія гады я адрэдагаваў і выдаў ні многа ні мала — пятнаццаць штук.

Сваё выступленне Драгун закончыў пад гром апладысментаў.

31

У такія дні няпэўнасці і душэўнага неспакою Драгуну сніліся «прароцкія» сны. Ён узбіраўся на нейкія горы, хадзіў над бяздоннем, лазіў па лесвіцах і высозных дахах, балансаваў, і варта яму было зрабіць адзін неасцярожны, недакладны рух, як ён сарвецца і паляціць. Ён фізічна адчуваў сваю бязважкасць і бескантрольнасць над целам, якое жыло цяпер па нейкіх сваіх законах, для яго зусім незнаёмых, толькі свядомасцю ён разумеў, што так не павінна быць, што раней яго цела слухала ўсе яго каманды, якія ішлі з галавы... І страх! Страх дзікі, жывёльны халадзіў яго сэрца. Цікава, што страху наяве Драгун ніколі не перажываў — наадварот, у хвіліны небяспекі ў яго з’яўлялася сіла і безразважнасць, якая заглушала і перамагала страх, ён адступаў, меншаў і прападаў. А ў сне страх перамагаў, браў у палон усю яго істоту. Драгун прачынаўся ад уласнага крыку, у халодным поце. Ці яго будзіла жонка, калі ён пачынаў праз сон стагнаць, а крык ніяк не мог вырвацца з яго здушанага страхам горла...