Выбрать главу

Наяве, калі бачыш, чуеш, разважаеш — усё не такое страшнае, як у сне. Пасля Драгуновага выступлення ў Саюзе пісьменнікаў надышла часовая цішыня. Пэўна ж, часовая, бо казалі, што назаўтра пасля выступлення галоўны рэдактар пайшоў да дырэктара ў кабінет і сядзеў там з гадзіну. Пра што яны гаварылі — невядома, мо і пра Драгуна, бо галоўны якраз тады быў і нават выступаў пасля, каб неяк згладзіць уражанне. Пэўна ж, яму было непрыемна: Драгун перад усімі сказаў, што галоўны — пустое месца... Драгуну здалося, што тады галоўны нікога не пераканаў. Ён хваляваўся, блытаўся, адчуваў сябе сканфужана. Гаварыў, што Драгуна яны шкадуюць, а за яго памылкі трэба потым расплачвацца і ім. Ён нават назваў выпадкі з Маркавым і з Дабрасельскім, калі Драгун блаславіў яго прыгодніцка-шпіёнскую аповесць «Радзімая пляма», у той час як усе чамусьці паўсталі супроць яе, нават той «прынцыповы» рэцэнзент, які некалі хваліў слабы зборнік Бортніка. А гэта была сярэдняя аповесць на прыгодніцкую тэму, напісаная хоць не вельмі гладка, але праўдападобна — відаць, на фактычным матэрыяле.

Драгуна ў рэдакцыі хлопцы віншавалі ўжо з перамогай, ды, відаць, ранавата, бо праз колькі дзён Жывіца па сакрэту сказала яму, што на Мішчанкаву кнігу ў газеце хутка будзе разносная рэцэнзія... Тады толькі ўспомніў Драгун, што калісьці на нейкім вытворчым сходзе, калі яго скланялі на ўсе лады за нейкія грахі, ён выступіў і сказаў прыблізна такое. Ужо колькі год начальства даказвае яму і ўсім, што ён, Драгун, кепскі рэдактар, што кнігі, якія ён рэдагаваў і выдаваў, маюць памылкі і недахопы нават палітычнага характару. Ён ужо і сам паверыў бы ў гэта, ды ў нашым друку, як правіла, на тыя кнігі, што ён рэдагаваў, пішуць станоўчыя рэцэнзіі, нават хваляць. Ён перакананы, што з кніг, якія ён выпусціў у свет, ёсць многія выдатныя — і гэта якраз тыя, за якія яго найбольш лаялі і білі ў выдавецтве.

Цяпер Драгун зразумеў: у яго хочуць выбіць апошні козыр. Ну што ж, і гэтага трэба было чакаць...

Ды ўсё ж, як ён сябе ні рыхтаваў, рэцэнзія ў газеце яго ашаламіла. Такой беспардоннай лаянкі ён даўно не чытаў! «Пацяруха» — так назваў сваю рэцэнзію нехта Сідорчык. Гэта быў псеўданім, а сапраўднае прозвішча яго стала вядома пазней...

Начальства святкавала перамогу. Кнігу, якую рэдагаваў Драгун, разбілі ў друку, перацерлі на пацяруху! Хай ён цяпер скажа, што начальства не казала праўды! А ён толькі спрачаўся з-за свае ўпартасці, такі ўжо ў яго характар. Ты яго рэж, а ён не прызнаецца, што вінаваты. Прызнацца — не хапае смеласці, затое іграе ў прынцыповасць, прыкрываецца лічынай пакрыўджанага, шукае таннай папулярнасці ў мас... А сам не можа даць палітычнай ацэнкі кнізе, рукапісу... Аднойчы дырэктар у вузкім коле так і сказаў: «Я яшчэ дарую рэдактару звычайную непісьменнасць, калі ён не ведае, якую літару паставіць — на гэта ўрэшце ёсць аўтар і карэктары, а вось палітычнай неадукаванасці не дарую».

Дырэктар забываў, што той, хто не ведае граматыкі, як правіла, і палітычна непісьменны. Тупіца, які не можа адолець простай граматыкі, ніколі не раскусіць такой складанай рэчы, як палітыка. Хоць у нас лічаць, што палітыка — простая рэч. Паўтарай усё за начальствам — і не памылішся.

Палітычна спелы рэдактар павінен ведаць, што выразаць, а што пакінуць... Драгун выразаў не тое, што трэба. У гэтым уся яго бяда. І за гэта яго будуць біць, покуль ён працуе рэдактарам. Як той Карнейчук пісаў: «Што такое тэлеграфны слуп? Гэта адрэдагаваная сасна...» Вось так трэба рэдагаваць, шаноўны Драгун! Цяпер ты павінен расплачвацца за свае памылкі!

Дырэкцыя загадала разабраць Драгуна на рэдакцыйнай нарадзе — толькі загадчык рэдакцыі і ўсе свае, нават нікога ад дырэкцыі.

Драгуну намякалі і прама гаварылі, што ён павінен пакаяцца. Але нічога не выйшла з гэтай нарады. Драгун сказаў, што ён не адчувае сябе вінаватым: ён выпусціў добрую ў асноўным кнігу, у якой, магчыма, ёсць і слабыя ці невыразныя рэчы. Рэцэнзія ў газеце — гэта паклёп на пісьменніка, грубая, абразлівая і не да твару савецкага журналіста фальшыўка.