Выбрать главу

Гушчынскі, няйначай, быў заняты нейкімі сваімі клопатамі, нараду правёў толькі для формы, сам сказаў толькі некалькі слоў — ні за Драгуна, ні на яго. Пакрытыкавалі Драгуна трохі жанчыны — Роўба і Жывіца — за яго яршыстасць і ўпартасць. Нагорны прамаўчаў зусім.

У той жа дзень Драгуну далі падпісаць загад, у якім яму аб’яўлялася вымова з апошнім папярэджаннем.

Ён успрыняў гэта спакойна, нават усміхаўся, хоць у душы жыла крыўда.

Праз дзень ён напісаў ліст у газету, якая змясціла рэцэнзію. У лісце ён пісаў:

«Паважаны таварыш Пашкоў!

Мяне, як рэдактара кнігі С. Мішчанкі «Фарбы восені», абурыла, з дазволу сказаць, рэцэнзія пад назвай «Пацяруха», якая была змешчана на старонках Вашай газеты за 17 жніўня г. г. Таму вельмі прашу Вас змясціць мой ліст, у якім я хачу сказаць некалькі слоў у адказ на закіды Я. Сідорчыка.

Абуральны сам тон рэцэнзіі. Ад яго павявае для многіх добра знаёмым духам бэндаўскіх і рымараўскіх допісаў, якія мелі вельмі мала агульнага з літаратурнай крытыкай.

Рэцэнзент нагадвае мне тэндэнцыйна настроенага замежнага турыста, які прыехаў да нас і «ўбачыў» толькі тое, што яму патрэбна, што склалася ў яго галаве даўно. А назвы тых ці іншых геаграфічных пунктаў спатрэбіліся яму толькі для таго, каб стварыць ілюзію праўдападобнасці: маўляў, быў, бачыў, напісаў, верце!

Дзевяць твораў разбірае ці бегла ўпамінае рэцэнзент. А ў зборніку роўна пяцьдзесят твораў, у тым ліку дзве аповесці.

І яшчэ як разбірае! Хоць і малады рэцэнзент, як гэта відаць з рэцэнзіі, аднак ён ужо добра ведае законы чорнай магіі — як з белага зрабіць чорнае і наадварот, як, спрасціўшы, вульгарызаваўшы змест апавядання, можна перакруціць яго так, што нават сам аўтар не пазнае. Так робіць рэцэнзент з апавяданнямі «Канапляны чад», «Сынок», з аповесцю «Мальвіна».

А што ў Мішчанкі на справе? Апавяданне «Сынок»... Калі хлопчык даведаўся, што цётка Поля кінула сваё дзіця (у часе вайны ў Германіі, туды яе вывезлі на работы), ён падсвядома адвярнуўся ад яе. «Нешта падказвала мне,— кажа герой,— што жанчына, якая кінула роднае дзіця — кепская маці...»

Няўжо рэцэнзент не прачытаў канцоўкі?

Ці той жа «Канапляны чад». Рэцэнзент сцвярджае, што Мішчанка паказвае голую распусту, што каханне ў яго нейкае жывёльнае...

Кожны разумее ў меру свайго густу. Якраз Мішчанка змагаецца з распустай, ганьбіць яе сваім апавяданнем «Канапляны чад». Не канапляны чад вінаваты, як гаворыць рэцэнзент, а вінаваты бязвольны чалавек,— сцвярджае Мішчанка.

Пад рубрыку «Каханне ў Мішчанкі — распуста» рэцэнзент падганяе і аповесць «Мальвіна» і так згушчае фарбы, што сапраўды, хто не чытаў аповесці, таму робіцца страшна.

А чаму рэцэнзент лічыць, што калі пісьменнік паказвае здзек з чалавека, дык гэта ён сам здзекуецца з яго? Наадварот, калі бачыш несправядлівасць, гэта выклікае зусім процілеглыя пачуцці — хочацца справядлівасці. Такія пачуцці абуджае ў мяне апавяданне «Цяжкі ўспамін».

С. Мішчанка — пісьменнік-гуманіст, шчыры патрыёт Радзімы, і пра гэта сведчыць уся яго творчасць.

Пра гэта гаварылі, калі разбіралі яго першы зборнік «Дарога ішла цераз лес». Гэтую традыцыю ён працягвае і ў зборніку «Фарбы восені».

Мішчанка вінаваціць вайну, бо яна прынясла людзям не толькі фізічныя, але і душэўныя раны і пакуты. Вось чаму такія апавяданні, як «Слова пра маці», «Сынок», «Самагоначка», «Мама!», «Каб не вайна», «Зялёны камень», «Дзве сям’і», «Хай думае чалавек», аповесці «Мальвіна», «Палон»,— гучаць як гнеўнае абвінавачанне вайне.

І гэта таксама не заўважыў ці не хацеў заўважыць рэцэнзент. А добрага, таго, што выхоўвае нашага чытача, абуджае ў ім лепшыя пачуцці, ачышчае ад бруду мінулага, у кнізе Мішчанкі намнога болей, чым благога, таго, што рэцэнзент называе пацярухай. Думаю, што пра гэта скажуць яшчэ літаратурныя крытыкі, якія будуць кіравацца праўдай — і ацэняць зборнік так, як ён сапраўды гэтага заслугоўвае.

Вельмі галаслоўная, вельмі аднабокая і непрынцыповая атрымалася рэцэнзія ў Я. Сідорчыка. Мо таму ён і пасаромеўся назваць сваё сапраўднае прозвішча і схаваўся за псеўданім. Рэцэнзія гэтая не толькі абражае пісьменніка, але збівае з панталыку чытача. Такія рэцэнзіі прыносяць толькі шкоду літаратуры.

З павагай К. Драгун».

Як і чакаў Драгун, яго ліст газета не надрукавала. Супрацоўнік аддзела культуры Стральчэня сказаў неяк яму, што Пашкоў хоча з ім пагаварыць наконт ліста. Драгун хадзіў у газету два разы, але не застаў Пашкова. І больш не пайшоў.

32

Яшчэ па дарозе дадому Вера спытала мужа:

— Сёння пойдзеш у бібліятэку?