Ён глянуў на яе з падазронасцю, убачыў прыхаваны сум у яе вачах, але не надаў гэтаму вялікага сэнсу. Падумаеш, нешта жонцы заманулася!
— Сёння пайду. Я ж учора не быў.
— Дык учора ж ты хадзіў у лазню.
— У лазню — не ў бібліятэку...
— Палічы: субота, нядзеля — бібліятэка, панядзелак — лазня, аўторак, серада — бібліятэка, чацвер — адсыпацца, пятніца і гэтак далей — бібліятэка.
— А што тут кепскага? Хочаш, каб я на танцы хадзіў?
Вера пачынала злаваць. Ён знарок не хацеў разумець таго, пра што яна гаварыла.
— А пра мяне, пра сям’ю ты падумаў?
— Думаю, калі маю час...
— Але ж яго ў цябе ніколі няма.
— Ты ж ведаеш, што я пачаў адну рэч, ідзе добра... А калі я ўжо за што вазьмуся, то мне цяжка адарвацца. Няўжо ты мяне не разумееш?
— Выходзіць, што ты мяне не разумееш, а не я цябе.
І жонка надоўга змоўкла. Моўчкі ішоў і Драгун.
Прыходзілі, вячэралі — нянька збольшага навучылася гатаваць страву, хоць і не так смачна, як Вера.
З бібліятэкі Драгун прыходзіў каля адзінаццаці вечара. Усе ўжо спалі, толькі Вера часам рабіла што-небудзь ці чытала. Ён піў чай і клаўся спаць на сваім раскладным крэсле-ложку, бо Вера спала з Валькаю, а нянька на канапе.
Ноччу Драгун прачнуўся: нехта варушыў яго за нагу. Ён прадзёр вочы і ў паўзмроку ўбачыў Веру ў доўгай белай начной кашулі.
— Пасунься,— прашаптала яна.
Драгун даў ёй месца ля сябе.
— Чаго не спіш?
— Думкі розныя не даюць спакою...
— Якія розныя?
— Я ўжо даўно табе хачу сказаць, але ты ўсё не маеш часу...
— Гавары, якая ты...
— Памятаеш, ты неяк казаў, што ў сям’і павінна быць сама мала двое дзяцей. Інакш гэта не сям’я... Што тэхніка, цесната, усё можа здарыцца... Як з тым хлопчыкам, што бацька купіў самакат.
— Памятаю... Дык што?
— У нас будзе другое... Ты рад?
Драгун уздыхнуў.
— Рад-то рад, але клопату...
— А што без клопату даецца?..
— І цесната.
— Я якраз думаю, што гэта лепей. Мо хутчэй дадуць кватэру.
— Ты тут маеш рацыю. Гэта праўда... Аднак... Аж страшна робіцца...
— То што, ты не хочаш?
— Не кажы так. Я толькі хачу хлопца. Пэпік нас падвёў...
— Гэта ўжо што выйдзе...
— Але калі добра падумаць, то гэта ўсё паломіць наш і так нетрывалы парадак...
— І я гэтага баюся горш за ўсё. Год папрацавала — і зноў невядома што...
— Ну, неяк будзе. Старэйшая пойдзе ў сад. Праз год абяцалі месца. А з малым будзем трымаць няньку.
— Можа, і так. Але гэта потым. А цяпер схадзі ў райсавет, правер чаргу, ды мо і заяву трэба было б напісаць.
— Схаджу і заяву напішу. Мо і з работы мясцком якую пісульку даложыць. Добра, мая дарагая гаспадынька, добра. Зраблю, як ты кажаш.
Яны яшчэ доўга гаварылі пра ўсе свае нялёгкія клопаты, і хоць Драгун адчуваў побач цяпло жончынага цела, ён быў далёкі ад грэшнай думкі — нібы побач ляжалі не муж і жонка, а два чалавекі аднаго полу, якіх заўтра раніцай чакае цяжкая і непрыемная работа, што ім трэба было б заснуць, каб асвяжыць стомленае за дзень цела, а заместа гэтага яны растраўлялі сабе душу размовамі менавіта пра гэтую цяжкую і непрыемную работу, якая іх чакае і ад якой ім нікуды не дзецца.
Назаўтра Драгун зайшоў у навукова-тэхнічную рэдакцыю да старшыні мясцкома Бруневіч пагаварыць наконт паперы ў райсавет. Бруневіч, тоўстая, чарнявая, ужо ў гадах, але бойкая на язык і даволі рухавая жанчына, замахала рукамі.
— А што я напішу? За цябе прасіць буду? Прасі сам!
— Усё ж такі мясцком каб далучыў свой голас...
— І думаеш, паможа?
— А хіба вам цяжка? Звычайную паперу...
— Не цяжка, але гэта нічога не дасць,— непрыветліва сказала Бруневіч і адвярнула свой доўгі нос.
— Ну і прасіць вас не стану,— груба сказаў Драгун.— Слугі народа, заступнікі...— і ён выйшаў з рэдакцыі.
Неяк з паўгода назад ці болей яны пасварыліся за газеты. Бруневіч напала на Драгуна за тое, што ён не выпісвае газет. Гэта была няпраўда, бо Драгун выпісваў, але не ў выдавецтве, а на пошце, у апошнія дні падпіскі, у той час як у выдавецтве бралі грошы наперад за два ці тры месяцы. Тады Драгун сказаў Бруневіч: «Газеты я выпісваю не для вас, а для сябе. І нават каб вы мне сказалі іх не выпісваць, я ўсё адно выпісаў бы, бо яны мне патрэбны не толькі для таго, каб пабольшаць кола падпісчыкаў». Відаць, тую гутарку не забыла Бруневіч і цяпер рашыла паказаць яму, як шкодна сварыцца з такімі людзьмі, як старшыня мясцкома.
Што ж, Драгуну давялося ісці без мясцкомаўскай паперы, ён толькі напісаў сваю «слёзную» заяву.
Лепей было б пайсці на прыём да старшыні райсавета, але для гэтага давялося б цэлы тыдзень чакаць, таму Драгун скіраваў у кватэрны аддзел, дзе яго даўно ведалі.
— Як там мая чарга маецца? — павітаўшыся, спытаў Драгун.