Шварцманы неяк замітусіліся: ён глянуў на яе, яна на яго, потым разам на Драгуна. Пачаў гаспадар.
— Нам, ведаеце, не вельмі зручна... але мы паклікалі вас пагаварыць... Ну, каб вы ведалі... наконт вашай жонкі...
— Што? — вырвалася ў Драгуна.
Шварцман нацягнуў на твар ліслівую ўсмешку, заспяшаўся:
— Не падумайце нічога кепскага... Мы проста хацелі б вас прасіць, каб вы неяк супакоілі... супакойвалі трохі сваю жонку...— Ён выцер пот з бледнай, пакрытай пушком лысіны.— Мы ведаем вас як культурнага, вельмі стрыманага чалавека... Нам гаварылі гэта яшчэ Плоткіны. Дый мы самі бачым... Але ваша жонка...
— А што вам зрабіла мая жонка?
— Як вам сказаць? — адступіў Шварцман, нібы баючыся, што зайшоў вельмі далёка.— Яна нічога не зрабіла, але яна так сябе паводзіць... Ёй нельга сказаць і слова... І яна робіць усё назло... Калі я адчыню дзверы на балкон, яна зачыніць. Калі я зачыню, то яна адчыніць...
— А ці не здаецца вам, што гэта вы робіце назло?
— Што вы! Божа барані!
— А што яшчэ?
— Яшчэ? Абзывае нас усякімі словамі, робіць такія тэатральныя жэсты, што...
— Я ўжо баюся адна выходзіць на кухню,— ледзь не плачучы, сказала гаспадыня.
— Так, так, я выводжу яе на кухню...
— А па-мойму, гэта дарэмна! Не трэба нікога баяцца, але не трэба нікога і чапаць.
— Хто чапае? Божа барані! Ніхто ніколі! Навошта нам? Хіба мы не ведаем, каго чапаць?..
Шварцман спахапіўся і падазрона глянуў на Драгуна: ці не сказаў лішняга? Але Драгун выглядаў спакойна. І Шварцман пачаў закругляцца:
— Мы вас вельмі і вельмі просім... Угаварыце яе, хай яна не будзе такой... Ну, рэзкай, грубай, вульгарнай, прабачце за слова... Мы вас вельмі паважаем, таму і звярнуліся... Навошта нам? Мы ж суседзі... Пагаварыце вы з ёю...
— Добра,— сказаў Драгун і ўстаў.— Пагавару... Толькі прашу вас таксама — не злоўжывайце яе цярпеннем... Яна жанчына. І яна чакае дзіцяці. Так што прашу ўлічыць гэта.
У Шварцманаў — у яго і ў яе — акругліліся вочы.
33
«Партызанская адысея» запомнілася Драгуну мо не менш, чым яе аўтару. Аўтар быў родам з Заходняй, беларускі гімназіст, падпольшчык-камсамолец, потым смелы партызан у час нямецкай акупацыі. Гэта быў рослы, плячысты, моцнага складу мужчына, інтэлігентны з выгляду.
Нягледзячы на сваю вышэйшую адукацыю, ён гаварыў на дыялекце свае мясцовасці. І не толькі гаварыў, а нават пісаў на ім. Яго трэба было многа правіць, асабліва з мовы, са стылю, але радавала тое, што правіць ёсць што. Адразу відаць, што чалавек, перш чым узяцца за пяро, прайшоў вялікую школу жыцця, што ён не фантазіруе, не выдумляе, а апісвае тое, што сам перажыў, бо такога не прыдумаеш ніколі... І апісвае не абы-як, а цікава.
Лагер смерці Штутгоф. Уцёкі, дарога дадому. Ён прыходзіць у родную хату, а там немцы... Ідзе да суседа, і той, каб ніхто нічога не падумаў, кладзе яго паміж сабою і жонкай... Потым партызаншчына, жыццё на валаску. Крыўда на лёс: ён уцёк з лагера смерці, а яго падазраюць нямецкім шпіёнам... Урэшце ўсё гэта ззаду. Ён — камандзір партызанскага атрада... Апошні ці перадапошні эпізод: немцы адступаюць пад ударамі Чырвонай Арміі. Партызаны, усяго некалькі чалавек, хочуць раззброіць вялікую калону — мо цэлы батальён. Немцы не адстрэльваюцца, але і не хочуць здавацца. Яны разбягаюцца па лесе. Герой, камандзір партызанскага атрада, адчувае, як халадзее ў яго сэрца, як яму сорамна і крыўдна, што ён не можа авалодаць сітуацыяй, што падзеі не падуладныя яго волі...
І вось гэтую кніжку затрымліваюць, вяртаюць у выдавецтва, і начальства садзіцца яе чытаць.
Як заўсёды ў такім выпадку, рэдактара не чапаюць. Цішыня! Драгун сам ідзе да дырэктара і ставіць пытанне рубам:
— Павел Іванавіч, ці лічыце вы, што нам зрабілі сур’ёзныя і слушныя заўвагі?
Дырэктар пракалоў яго вачыма і сярдзіта сказаў:
— Якраз гэтае самае я хацеў спытаць у вас...
— Калі вы хочаце ведаць маю думку,— тут жа выпаліў Драгун,— то я вам скажу: заўвагі зусім несур’ёзныя, яны проста смешныя!
— Вы заўсёды так лічыце! — сярдзіта адказаў дырэктар.— Вы ніколі не згодны з заўвагамі, хто б іх ні рабіў!
— Разумную заўвагу я заўсёды прымаю... Але ж гэта дзіцячыя прыдзіркі! Сабраліся партызаны: немец, бельгіец, паляк, беларус, чэх — збор багародзіцы, кажа герой. Што ж тут такога? Так гавораць, гэта ж ідыёма, яе ведае кожны дзед у вёсцы, а цэнзар бачыць у гэтым абразу для партызан. Або гэты эпізод з наганам, калі стары бацька вучыць матку, як з яго страляць, і яна, разгневаная, пасылае яго ў... прабачце, с... Гэта ж класічны эпізод, чыста ў народным духу. Маці павінна нараджаць, гадаваць, даваць жыццё, а не забіваць некага!.. Ці што герой адразу не можа забіць здрадніка, шкадуе яго... Што ж у гэтым заганнага? Наадварот! Ён паказвае свайго героя чулым, чалавечным, якога толькі цяжкія абставіны прымусілі ўзяць зброю і забіваць. На яго напалі, ён вымушаны абараняцца. Няўжо лепш, каб аўтар паказаў яго бяздушным забойцам, які толькі і прагне крыві — хоць бы сабе і варожай?