— Я не збіраюся з вамі спрачацца, Драгун. На днях будзе абмеркаванне аповесці — вось тут, у маім кабінеце. Тады і скажаце ўсё.
З гэтым Драгун і пайшоў ад дырэктара.
Аповесць далі чытаць яшчэ некалькім чалавекам з іх рэдакцыі.
І вось усё паўтараецца, як і многа разоў назад. Рэдакцыя ўся сядзіць за вялікім сталом для нарадаў. Дырэктар Важнік чытае свае тэзісы... Кніга прасякнута скепсісам, яна не паказвае перамогі, адны няўдачы, паражэнні, уцёкі, сумненні. Урэшце, галоўны герой хоча апраўдаць свайго бацьку, фактычна кулака — у яго каля трыццаці гектараў зямлі, хоць ён і член падпольнай КПЗБ... А чаго варты гэты эпізод: чалавек з Заходняй пераходзіць у СССР, потым вяртаецца назад. Ён расказвае сваім людзям, што ў Савецкай Беларусі бачыў чэргі па хлеб і па крамніну, што там многія людзі ходзяць у гумовых галёшах... Яму не вераць, лічаць, што ён прадаўся панам і агітуе супроць Савецкай улады. Чалавек не перанёс гэтага, пайшоў і ўтапіўся...
«Што ж у гэтым эпізодзе крамольнага? — думае Драгун.— Што ў Савецкім Саюзе былі чэргі па хлеб і па крамніну? Гэта ж праўда! Што чалавеку не паверылі, палічыўшы яго за панскага агітатара? Гэта вельмі натуральна, бо Савецкі Саюз у Заходняй Беларусі лічылі да вайны зямным раем. Гэта ведае кожны, хто жыў у Заходняй Беларусі хоць адзін год. Значыць, у гэтым таксама няма ніякай крамолы... А што чалавек утапіўся? Гэта зусім не азначае, што ён расчараваўся ў Савецкім Саюзе, бо ў такім разе ён утапіўся б раней. Ён пакончыў з жыццём таму, што страціў давер сваіх аднавяскоўцаў. Ён нічым не мог даказаць праўды сваіх слоў, як толькі ўласнай гібеллю, хоць у той час людзі расцанілі яго смерць як слабасць. Толькі потым, праз многа год, яны пераканаліся, што той чалавек гаварыў ім праўду. Але хіба гэта адштурхнула людзей ад Савецкага Саюза, хоць бы таго бацьку героя ці яго самога? Значыць, тут усё законна, усё на сваім месцы! Дык чаму ж дырэктар Важнік услед за нейкім там цэнзарам-палітыканам выкрэслівае гэты эпізод як шкодны? Ён толькі на першы няўважлівы погляд можа паказацца не ў нашу карысць. А падумаўшы? Празмернае захапленне, асляпленне, замазванне недахопаў — шкодна таксама. Рана ці позна людзі зірнуць на свет цвярозымі вачыма. І можна смела сказаць, што, чым раней гэта будзе, тым лепш. Бо ўжо калі літаратура стане служыць для абдурвання, а не для прасвятлення розуму, то хай яна прападзе! Развіццё магчыма толькі тады, калі працэс ідзе ад малога да большага, ад горшага да лепшага, а не наадварот! Толькі тады ён неадольны і непадуладны ніякім модным уплывам і шкодзе».
...Успамінаюцца ўсе тыя эпізоды, пра якія Драгун некалькі дзён раней гаварыў з дырэктарам. Дырэктар з пафасам разбівае пункт погляду Драгуна:
— У той час, калі нашы савецкія жанчыны ў вайну хапаліся за зброю, маці нашага партызана гаворыць: «Заткні ты яго (наган) у с..., я яго і ў рукі не вазьму». Гэта ж ганьба, таварышы!
Драгун толькі круціцца на крэсле, як уюн на патэльні. Вось як разумеюць літаратуру людзі, ад якіх яна залежыць больш як ад каго!
Потым выступаюць тыя, што чыталі ў рэдакцыі. Драгуну проста шкада было гэтых людзей, бо душою ён адчуваў, што яны гавораць няшчыра, што яны ведаюць, што азначае цяпер для іх пахваліць твор, які трапіў у няміласць начальства.
Найменш знайшоў недахопаў у аповесці рэдактар Малышка.
— На мой погляд, аповесць Карповіча цікавая. Я сам былы партызан, таму мне вельмі блізка тое, пра што піша Карповіч. Што мне асабліва кінулася ў вочы, дык гэта тое, што аўтар не прыгладжвае падзеі, а паказвае партызанскія будні з усімі іх цяжкасцямі. Білі не толькі мы, білі і нас, цяжка нам было страшэнна — да слёз, да скрыгату зубоў. Але ўсё ж мы перамаглі! Значыць, мы дужыя, і слава нам! Так я разумею аповесць Карповіча... Праўда, сёе-тое можна было б падправіць у аповесці, мова ў Карповіча засмечана дыялектызмамі, ёсць нават няправільныя канструкцыі сказаў, ёсць паланізмы і русізмы адначасова, што вельмі здзіўляе...
Дырэктар рэзка перабіў Малышку:
— Вас гэта здзіўляе? А другое вас не здзіўляе? А што Карповіч на кожным кроку выказвае непавагу да вышэйшага камандавання, увесь час выхваляе сябе?
Малышка не разгубіўся ад грознага тону.
— Карповіч і яго герой — гэта зусім розныя рэчы, нельга прыпісваць аўтару таго, што кажа яго герой...
— Глупства гаворыце! — Дырэктар пачырванеў.— Карповіч скрозь і ўсюды піша пра сябе, і вы мне рот не затыкайце.