Выбрать главу

Малышка толькі крыва ўсміхнуўся.

— Невядома хто каму,— сказаў ён ціха.— Гэта яго справа, з каго спісваць героя... Але герой і аўтар не адно...

— Што вы, як папугай, прабачце: не адно, не адно! — ускіпеў дырэктар.— Тут не літаратурны дыспут, а абмеркаванне работы рэдакцыі, і я прашу гаварыць канкрэтней — што трэба зрабіць, каб выратаваць аповесць, каб яна ўсё ж убачыла свет, паколькі яна стаіць у плане і мы звязаны матэрыяльнымі затратамі.

Малышка сеў, чырвоны як рак, нешта памыкаўся яшчэ сказаць, але потым толькі махнуў рукою.

Пасля такіх слоў дырэктара ніхто не захацеў выступаць. Тады дырэктар знайшоў вачыма загадчыка рэдакцыі Гушчынскага.

— А што скажа таварыш Гушчынскі? Каторы раз мы ставім на абмеркаванне работу яго рэдакцыі? Хто не так даўно мне абяцаў, што падобных зрываў болей не здарыцца? Дакуль мы будзем абмяркоўваць кнігі не ў рукапісах, а ў другой, падпісной, карэктуры?

Гушчынскі толькі раскрыў рот, каб адказаць на ўсе гэтыя, такія страшныя, пытанні, як нечакана зазваніў тэлефон. Іх у дырэктара было два: адзін звычайны, а другі так званая вяртушка, прамы. Толькі адзін дырэктар умеў пазнаваць іх галасы. Гэты раз, відаць, званілі па прамому. Дырэктар павітаўся па-свойску, некаму адказваў на «ты».

— Добра, харашо... Улічу... Харашо, добра... Усяго! — і, павесіўшы трубку, падышоў, стаў насупраць Гушчынскага.— Дык што скажаш, таварыш загадчык?

Гушчынскі разгубіўся спачатку, а потым пачаў здалёк:

— Павел Іванавіч, гэта такая справа, што вельмі цяжка... У нас уся арыгінальная літаратура.

— Не загаворвай мне зубоў! — дырэктар стаяў перад ім і пастукваў наском чаравіка па ножцы крэсла, на якім сядзеў Гушчынскі.

— Другім рэдакцыям лягчэй — у іх няма палітыкі, ідэйнасці, мастацкасці...

— Затое ў іх ёсць дакладнасць навукі,— пачынаў зноў даказваць дырэктар,— чаго ў вас няма і не будзе. Вы ўсё можаце высмактаць з пальца і пісаць тоўстыя раманы, далёкія і ад палітыкі, і ад ідэйнасці, і ад мастацкасці.

— Жартаваць можна, Павел Іванавіч, а я кажу сур’ёзна. Гэта не так проста. Сёння кніга адпавядае патрабаванням часу, веянням эпохі, а заўтра недзе некага змясцілі — і ўсё трэба мяняць, увесь кірунак думак паварочваць у другі бок, перамяшчаць акцэнты, выкідваць цэлыя раздзелы, дапісваць новыя.

— Ну, ты пайшоў, як цыган на неба па драбіне,— сказаў дырэктар і адышоўся ад Гушчынскага, сеў за свой стол.— Кан’юнктурная праўка была і будзе... Ты канкрэтней, пра «Партызанскую адысею». Што тут залежала ад тых змен, пра якія ты гаворыш?

— А што? І залежала,— ажывіўся Гушчынскі, нават прыўстаў з крэсла.— Не прыкідвайцеся, Павел Іванавіч, бо нават я ведаю, як некаторыя з тых, пра каго непрыязна намякаў у сваёй аповесці Карповіч (або горай таго — зусім не ўпамянуў), званілі ў некаторыя інстанцыі. І я так думаю, гэткія заўвагі невыпадковыя, пры іншай атмасферы іх магло б не быць.

— Слухай, Гушчынскі, гэтага я нічога не ведаю і ведаць не хачу. Не апраўдвайся, а праглыні пілюлю — і ўсё. Не выкруцішся! — ён пагразіў Гушчынскаму чырвоным алоўкам.— Рэдакцыю ты распусціў. Я не кажу пра аднаго Драгуна, хоць ён мо на першым месцы, але ёсць і другія. Напрыклад, Каляда... Мала кантралюеш, не чытаеш рукапісаў, а калі і чытаеш, то павярхоўна, не ўдумваючыся ў кожны радок, без партыйнай адказнасці за даручаную справу... Мы не можам даваць лішняй стравы сваім ідэйным ворагам, сам разумееш. Мы пастаўлены зусім для другога... Скажу шчыра, што ў мяне быў намер скарыстаць сваё права дырэктара на ўсю сілу ў адносінах да Драгуна... Але нешта мне яго стала шкада. Усё-такі сям’я, дзіця... Хай абдумае ўсё як след, узважыць.

На гэтым нарада і скончылася.

34

Пісьмо з райсавета было для Драгуноў громам з яснага неба: ім паведамлялі, што ў гэтым годзе кватэры яны не атрымаюць, бо ўвесь запас жылога фонду перадаецца дэмабілізаваным па загаду аб скарачэнні Узброеных Сіл.

Вера плакала. Адзінае, што дагэтуль узнімала яе дух,— гэта надзея, што другое дзіця адразу можна будзе нясці ў цёплую дагледжаную кватэру. І раптам гэтая зорка-надзея патухла. Цяпер Вера пайшла ў дэкрэтны адпачынак, сядзела ў абрыдлых чатырох сценах свайго пакоя, збірала памалу пялёнкі, кашулькі, нешта шыла, думала і сумавала. На кухню яна і праўда баялася выходзіць, бо Шварцманы хадзілі толькі па дваіх. А апошні час у іх пасялілася яшчэ адна сям’я з чатырох душ: дачка з зяцем і дзеці. Цяпер на кухні нельга было размінуцца. Праўда, зяць з самага ранку недзе ішоў, а вольны мастак Шварцман, як генерал, камандаваў цэлаю арміяй і мог у любы момант падкінуць рэзервы.