— Прашу цябе, супакойся! — Драгун абняў яе за плечы.
— Адыдзі! Ты мяне не любіш, не паважаеш, я для цябе — пустое месца... Твой спакой табе даражэй за маё жыццё!..— галасіла Вера.
— Што ты гаворыш? Падумай толькі! — закрычаў Драгун.— Я цябе не шкадую? Я іх баюся? Глупства ўсё гэта! Чысцейшая лухта! Я проста не хачу лезці ў кухонныя памыі, лічу гэта для сябе нізкім, нікчэмным, не вартым гонару мужчыны!
— А гонар жонкі ты лічыш глупствам? Хай на ёй ездзяць... У туалет! Вось які ты муж! За свой гонар ты можаш пастаяць, а за жончын — не хочаш. Гэта цябе прынізіць! Навошта ж ты тады жаніўся? Заводзіў сям’ю? Ты цяпер павінен абараняць гонар сям’і, а не свой уласны!
— Што ты ў гэты гонар улезла? Пры чым тут гонар? Я не хачу ісці на павадку — ні ў іх, ні ў цябе, нарэшце! У мяне ёсць свая дарога... І зварочваць з яе з-за нейкага там кухоннага бруду не збіраюся!
Гэта была тая кропля, якая перапоўніла чашу Верынага цярпення.
З цяжкасцю Драгуну ўдалося супакоіць жонку. Заснулі яны позна. Драгуну сніўся сон: нібы ён ішоў праз якое балота, дарога скончылася і невядома, што было рабіць далей. Да яго даляцеў нейкі стогн, спачатку ціха, а потым мацней. Ён ірвануўся з усіх сіл наперад — і прачнуўся.
Стагнала Вера. Ён разбудзіў яе.
— У цябе што баліць?
— Мне млосна. Дай вады...
Драгун выскачыў на кухню, прынёс шклянку вады.
Але ад вады ёй стала яшчэ горай. Яе пачало ванітаваць.
— Калі праз дзесяць мінут не палепшае, я выклікаю «хуткую дапамогу»,— сказаў Драгун.
— Не трэба, пройдзе,— ледзь магла прамовіць Вера.
Але прайшло дзесяць і болей, а ёй не лепшала.
Драгун апрануўся і пабег на аўтамат выклікаць «хуткую дапамогу». Здоўжылася чакаць, покуль яна прыехала, хоць і прайшло ўсяго з паўгадзіны.
Доктар агледзела Веру, паслухала сэрца і сказала збірацца. Паехаў і Драгун.
Дзяжурны доктар доўга нешта бурчаў сам сабе, доўга не мог уцяміць, што ад яго трэба.
На развітанне Вера пацалавала Драгуна і ўсміхнулася вымучанай усмешкай.
— Даруй мне за ўчарашняе... І глядзі Вальку,— сказала яна і заплакала. Яна ўжо была ў бальнічным.
— Не бойся за нас. Глядзі, каб усё абышлося добра. Бывай здарова! — Драгун памахаў ёй рукою.
Яму першы раз за іх сумеснае жыццё стала раптам страшна: а што, калі з ёю надарыцца якая бяда? Што ён тады будзе рабіць? «Тэорыя разумнага эгаізму,— усміхнуўся ён сам сабе.— Думаю перш-наперш пра сябе. Чаму гэта так скроены чалавек? Ці мо толькі я такі?»
Назад ён ішоў сваім ходам — была чацвёртая гадзіна ночы. Горад спаў, рэдка ў якім доме свяцілася акно. Там, думаў Драгун, або прачнулася малое і маці мяняе яму пялёнкі, або хто хворы — і людзі не спяць, трывожацца за чалавечае жыццё, трымаюць напагатове нашатырны спірт ці шпрыц з камфарай... А мо і так каму не спіцца?.. Ці мала прычын? Адзін дзівак нават выйшаў у піжаме на балкон пакурыць...
Дзеці спалі. Нянька нават не прачнулася, калі Веру забіралі, а пра малую Вальку ўжо і гаварыць няма чаго: як пакінуў яе Драгун, адгароджаную ад краю коўдрай, так і застаў, толькі раскрылася.
Драгун згарнуў свой раскладны ложак і лёг з дзіцем. Валька праз сон абхапіла яго ручкамі за шыю, і ён доўга так ляжаў, баючыся варушыцца, і пазіраў у столь. Цікаў толькі гадзіннік, ды за сцяной праз сон часам ускрыквала Турбан.
Невясёлыя думкі мроіліся ў Драгуновай галаве...
Як цяжка пачынаць жыццё на голым месцы! Хоць бы нават узяць сям’ю... Мо і правільна робяць яго землякі, што не жэняцца, покуль не падрыхтуюць «базы»... Але што! Каб ён чакаў «базы», да гэтага часу гібеў бы недзе на прыватнай кватэры, спіўся б, скруціўся б, збасячыўся б. Ён добра памятае, як ахоплівала яго часам такая самота, што хацелася павесіцца або ўтапіцца. А цяпер такія думкі яго перасталі трывожыць. Ён моцна прывязаў сябе да жыцця вось гэтым стварэннем, а недзе яшчэ адна жывая істота рвецца на свет па яго волі, ды і тая, з якою ён звязаў уласны лёс, таксама патрабуе сваю долю клопату, катурхае, не дае доўга ляжаць на адным баку. Большае клопатаў — чалавек робіцца энергічны, растарапнейшы, паваротлівейшы. За тры гады свайго халасцяцкага жыцця пасля вучобы ён нічога не паспеў зрабіць — усё не было часу. Смех, дый годзе — не было часу! І гэта тады, калі ён жыў адзін, ніхто яму не мяшаў і ён нікому... А ўжо жанаты амаль за той жа час, маючы немалы сямейны клопат, напісаў кніжачку апавяданняў, распачаў аповесць. І не заядаюць яго, як тады, усякія бытавыя дробязі, як кухня, бялізна... Цяпер толькі гэтая кватэра не дае спакою... Што і казаць! Жыццё поўна ўсякіх сюрпрызаў. Неба доўга чыстае не бывае. Трэба толькі прымаць гэта як суровую непазбежнасць... Аднак чаму яна так суровая да адных і мяккая да другіх? Некалі разам з Драгуном школу канчалі два хлопцы — родныя браты Паўлюкевічы. Іх бацькі добра жылі пры старой Польшчы, мелі многа зямлі, сад і пасеку пчол. Хлопцы выраслі як дубы. Вучыліся сярэдне, ленаваліся, хадзілі добра апранутыя, дагледжаныя. Скончылі школу — падаліся вучыцца далей, здабылі дыпломы, пажаніліся... Нядаўна Драгун даведаўся, што цяпер яны жывуць у Мінску, маюць свой дом, сваю машыну. На лета ездзяць да бацькоў як на дачу... Так, ніколі яны не перажылі і не перажывуць таго, што выпала на долю Драгуна. Яны самі і іх дзеці будуць таму здаравейшыя і шчаслівейшыя за яго і яго дзяцей.