Выбрать главу

А яго Вера? Жыла не ў раскошы, вучылася — галадала, аспірантура пачалася з няўдач, праца таксама ішла са скрыпам. А каб сказаць, што яна не ведала справы — не скажаш. Уся бяда ў тым, што яна не ўмее цярпець, не ўмее маўчаць. І ў гэтым быце таксама... Што яму той быт? Ён фактычна тут толькі начуе, а яна — жыве, на яе плячах увесь клопат пра сям’ю, пра заўтрашні дзень. А што будзе яшчэ праз гадоў колькі, калі яго жыццё крута возьме ўбок?..

Сон непрыкметна звёў яму павекі.

Нешта снілася, але калі ён раптам прахапіўся, усё разляцелася на часткі, засталіся толькі асобныя малюнкі, кавалкі, дэталі. Балела галава і была цяжкая, як з перапою. Другі раз мо ён і зрабіў бы сабе скідку, паляжаў бы яшчэ якой з паўгадзіны, але сёння — не! Сон адляцеў умомант. І першае, што ўсплыло ў свядомасці: як там Вера? Другі клопат быў меншы, але таксама блізкі: бялізна. Трэцяе: работа. Спачатку хацеў пабегчы пазваніць з аўтамата ў бальніцу, а потым падумаў: дачакаецца дзевяці гадзін і за адным скрыпам пазвоніць і на работу, адпросіцца на пару гадзін, каб расправіцца з бялізнай. Снеданне зварыць Нэля, тут клопат невялікі.

Драгун распаліў керагаз, паставіў грэць ваду, памыўся. Потым заварыў крухмал, развёў у начоўках, стаў крухмаліць бялізну: прасціны, наўлечкі, кашулі, рубашкі, дзіцячыя сукеначкі. Выходзіла гэта ў яго не надта спрытна: ён заліў усю кухню, абліў штаны, не раз што чыстае падала на падлогу, ён узмакрэў ад поту, але стараўся як мог.

На кухню выйшла заспаная, але ўжо апранутая Валька, убачыла бацьку і кінулася да яго.

— Дзе мама? — былі яе першыя словы.

— Чаго ты выбегла? Ідзі назад, я зараз прыйду і скажу табе, дзе мама.

Але малое не так лёгка было ўгаварыць. Яно з цікавасцю пазірала на бацькаву работу.

— Дай і мне што выкруціць!

— Валька, няможна табе. Я зараз сам скончу. Ідзі!

Дзіця нехаця пайшло, але зноў спытала:

— А дзе мама?

— Зараз прыйдзе,— буркнуў Драгун, і слёзы закруціліся ў яго на вачах.— Ідзі, ідзі, дачушка!

Выйшла нянька і за ручку ўцягнула дзіця ў пакой.

Заскрыгітаў ключ у замку, на кухні паказаўся Шварцман. Робячы асцярожныя зігзагі, ён абышоў усе перашкоды, дабраўся да мыцельніка. Доўга мыўся сваім лазневым мылам, пару разоў скасіў вока на Драгунову работу. Але Драгун быў так заняты, што яму было не да Шварцмана. А той як знарок стаў паволі выцірацца, усё так жа паглядваючы, як Драгун выкручвае і складвае ў таз чыстую бялізну.

— Першы раз бачу, каб мужчына ды займаўся такою работай,— глыбакадумна сказаў ён.

Гэта камплімент ці насмешка? Драгуна адразу ўзарвала.

— А што вам да таго? — выкрыкнуў ён злосна.— Ва ўсё вы ўсадзіце свой доўгі нос!

Шварцман скурчыўся і хуценька паклыпаў у сваю крэпасць. І гэта яго шчасце. Каб ён агрызнуўся, сёння Драгун не змог бы сябе стрымаць.

35

Дзеці зляглі неяк адно за другім, хоць старэйшая пераносіла хваробу лягчэй: высыпка ў яе на целе была невялікая. А малая Аленка ўся была як сколата іголкай — цельца густа пакрылася дробнымі чырвонымі прышчыкамі вятранкі. Месяц, як яны з Верай выпісаліся з бальніцы, дзе праляжалі таксама каля месяца, бо Вера пачувала сябе вельмі кепска: панізіўся ціск, стала падводзіць сэрца. Драгун за гэты час таксама прыкметна змяніўся: пабольшаў нос, запалі шчокі, больш стала пракідвацца сівых валасоў на скронях, а лысіна з кожным днём усё расла. Але на гэта ён не зважаў. Яго суцяшала тое, што ўсё абышлося добра з родамі. А колькі ён нацярпеўся страху! Які ж быў наіўны, калі чакаў першае дзіця! Усё здавалася так проста, звычайна, будзённа. А цяпер, праз колькі год, ён адчуваў сябе зусім іншым чалавекам: ён ужо ведаў, якая гэта цяжкая і адказная задача — радзіць на свет дзіця, ды каб яно было такое, як трэба: з ручкамі, з ножкамі, з сінімі вочкамі... А што, калі яно... Страшна нават падумаць, не толькі што вымавіць тое слова. Як вольна ўздыхнецца, калі, прыйшоўшы ў пачакальню, прачытаеш на стале ў спісе імя жонкі і супроць яго: «Дзяўчынка, вага 3700, рост 54...»

Радавала Драгуна і тое, што Вера паспакайнела, стала не такая ўзвінчаная, як раней, да родаў. Цяпер вочы яе свяціліся ціхім шчаслівым бляскам, нават рухі, паходка стала павольнай і плаўнай, яна папаўнела, твар пасвяжэў. Дзіця было ціхае, спакойнае, многа спала, добра ела. У Веры, як і першы раз, не хапала свайго малака, і Драгун хадзіў у два месцы, браў малако ў жанчын-донараў.