Выбрать главу

Пра кватэру яны пакуль што не гаварылі, баяліся абое чапаць самае іх балючае месца. Малую Аленку прыладзілі на чамаданах у вузкім праёме між ложкам і печкай, бо калыскі не было куды паставіць: усюды яна тырчала, як скула. Драгуну кватэра падпірала пад горла болей, чым Веры: ён адчуваў цяпер сваю вялікую віну перад жонкай і дзецьмі, сваю вялікую адказнасць за іх здароўе і далейшы лёс. Таму ён зноў вырашыў пачынаць усё з самага пачатку. Старшынёй мясцкома стаў свой чалавек — Маскалевіч, і Драгун адразу пагаварыў з ім. Потым разам яны пайшлі да дырэктара. Маскалевіч заходзіў да яго проста, як да сябе, Драгун па-ранейшаму адчуваў дыстанцыю.

Дырэктар сустрэў іх весела, з усмешкай.

— Шьто, загаворшьшики, шьшем пришли? — сказаў ён, страшэнна змякчаючы шыпячыя, і працягнуў доўгую касцістую руку спачатку аднаму, потым другому.— Садитесь.

Маскалевіч і Драгун селі адзін супроць другога і крыху бокам да дырэктара. Першы пачаў Маскалевіч.

— Вось тут Драгун просіць памагчы яму з кватэрай... У яго папаўненне ў сям’і, цяпер пяць душ на нейкія дзесяць квадратных метраў...

— Павел Іванавіч якраз ведае маю кватэру,— уставіў Драгун.

Дырэктар кіўнуў галавою.

Маскалевіч тым часам працягваў:

— Цяпер ён хоча, каб мы памаглі яму паскорыць чаргу...

— Як паскорыць?

— Ну, каб мы пахадайнічалі перад райсаветам. Усё ж такі ў яго 57-мы нумар, маглі б яны даць і на паўгода раней у парадку выключэння. Мы б маглі выйграць кватэру.

— Як выйграць? — дырэктар ажывіўся.

— Ну, вы самі разумееце, што ён прэтэндуе на кватэру ў гэтым доме, які мы будуем разам з Саюзам пісьменнікаў...

— Стоп! — Дырэктар працягнуў наперад узнятую далонь.— Якраз пра гэта я хацеў сказаць.— Ён пачухаў праваю рукою ля левага вуха, паклаўшы сабе далонь на пралышанае цемя.— Справа з Драгуном вельмі складаная, я не збіраюся перад вамі таіць. Скажу прама: я не хачу даваць Драгуну кватэры ад выдавецтва. І не дам!.. Не пазірайце на мяне ваўкамі.— Ён абвёў вачыма здзіўленага Маскалевіча і гатовага да ўсяго Драгуна.— Драгуна прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў. Я думаю, што кватэру яму дасць Саюз. Ён намнога багацейшы за нас...

— Але ж я ўсяго паўгода як у Саюзе, а ў вас працую сёмы год,— з крыўдай у голасе сказаў Драгун.

— Для мяне гэта не важна!

— А для мяне важна,— стаяў на сваім Драгун.

— Пачакайце, спакойна! Паўтараю: для мяне важна не гэта. Для мяне важна захаваць кватэру для свайго работніка.

— А я не ваш?

— Мой, але ты можаш атрымаць у другім месцы. Няўжо да цябе не даходзіць?

— Мне ўрэшце ўсё роўна, адкуль мне дадуць. Толькі кватэра патрэбна мне цяпер, дазарэзу.

— Вось так кожны раз! — Дырэктар развёў рукамі.— Кожны думае толькі пра сябе... А мне трэба думаць пра ўсіх... Вам кватэру павінны даць ад Саюза. Вы напісалі туды заяву?

— Не...

— Напішыце, не саромейцеся... Цяпер з чаргою... З чаргою я не раю вам,— ён кіўнуў на Маскалевіча, потым на Драгуна,— падымаць шуму. І вось чаму. Калі яны даведаюцца, што мы здаём дом, да якога Драгун мае нейкія адносіны, яны адразу адашлюць яго ў выдавецтва, здымуць з чаргі.

— Дык усё ж нейкія адносіны да гэтага дома я маю? — спытаў Драгун.

— А хто ім даў права зняць яго з чаргі? — недарэчы перабіў Драгуна Маскалевіч.— Вы дазволіце закурыць?

Дырэктар і сам узяў з пачка, што ляжаў тут жа, папяросу, пачак падаў Маскалевічу.

Якраз зазваніў тэлефон. Дырэктар прыкурыў, а тэлефон усё ціха, але настойліва пазвоньваў. Урэшце дырэктар павярнуўся ўсім корпусам да тэлефоннага століка, узяў трубку.

— Важнік слухае...— Размова была адрывістай, відаць, ён не быў настроены ўвязвацца ў яе.— Я яму сказаў, што гэта не мая кампентэнцыя...— Ён нібы знарок націскаў на першае «н», якога па граматыцы тут не трэба.— Не мая... Гэтага я не рашаю... Не, не, не... Так, так... О, гэта зусім іншы каленкор... З гэтым я згодзен... Так, так... Харашо, добра... Добра, харашо... Будзь! — і ён з усмешкай на твары паклаў трубку, потым павярнуўся зноў да Маскалевіча і Драгуна, стаў сур’ёзны.— Пра што гэта мы? — зірнуў на Маскалевіча.— Ты пытаў, якое яны маюць права зняць з чаргі? Здымуць, а потым ты будзеш даказваць, што ты не слон... Ім таксама, як і нам, патрэбны кватэры... Так што я не раю вам, Драгун, пачынаць гэтае паскарэнне.— Дырэктар зацягнуўся некалькі разоў, схаваўся ў дыме.— Давай, Драгун, цісні на Саюз. А я табе памагу. Гэта самы рэальны ход...