Тут зайшоў галоўны мастак Гуцэвіч з рэдактарамі мастацкага афармлення, яны прыняслі ахапкі нейкіх малюнкаў і эскізаў.
— Ну, прабачце, цяпер мы тут засядзем надоўга,— сказаў дырэктар і ўстаў з-за стала.
Маскалевіч і Драгун выйшлі, спыніліся на калідоры.
— Бач, гэта не ў яго кампентэнцыі,— зларадна прамовіў Драгун, націскаючы на першае «н», якога ні ў якіх кнігах не вычытаеш.— А адправіць мяне па кватэру ў Саюз, дзе я, можна сказаць, яшчэ госць, гэта ў яго кампентэнцыі? — І ён зноў націснуў на першае «н».
Маскалевіч толькі хітра ўсміхнуўся.
— Не злуй, і яму таксама не лёгка. А што слова часам няправільна вымаўляе — не вялікая бяда. Даўно вучыўся чалавек.
— Яно і відаць, што даўно. Пара перавучвацца.
Маскалевіч нічога не сказаў на гэта, толькі спытаўся, сплёўваючы на недакурак:
— Дык што будзеш рабіць?
— Пайду ў райсавет ці яшчэ куды...
— Як хочаш... А заяву ў Саюз напішы. Не пашкодзіць.
— Не буду,— упарта сказаў Драгун.— Не маю ніякага маральнага права.
Па дарозе з работы на зэканомленыя ад абеду грошы Драгун купіў паўбутэлек. Па гэтым Вера адразу здагадалася, што нешта ёсць нядобрае. Яна і без таго ўмела пазнаваць яго настрой... Вера змазвала малую Аленку нейкай маззю. Высыпка на целе трохі паблякла, ссыхалася, нібы хаваючыся ўсярэдзіну. Але дзіця яшчэ часта плакала, кепска спала і драпала твар сваімі кволымі пальчыкамі.
Вера глянула на мужа, закруціла дзіця ў пялёнкі, завязала спавівачам і паклала на пасцельку, што месцілася на чамаданах. Аленка нездаволена крахтала.
— Што там у цябе, расказвай. Думаеш, не бачу?
— Ат, нічога. Проста добры настрой, узяў чацвяртушку. Давай што перакусім.
Вера пайшла на кухню, прынясла салёных агуркоў, свежае маладое бульбы і яечню з трох яек. Да стала кінулася Валька, якая ў піжамцы ўжо хадзіла па хаце, хоць яе пасцель на канапе не засцілалі.
— Дай што дзіцяці,— сказаў Драгун да жонкі.
— Я нядаўна давала, нічога не хацела, а тут раптам заманулася ёй. На гурочак.
— Не трэба рэзкага. Дай лепей яйка.
— Добра. Еш сам.
— І ты сядай, чаго там?
— Я нанюхалася...
Валька шылася бацьку на калені.
— Дзіцятка, дай бацьку пад’есці, ён жа з работы, галодны.
Малая паклала далонь на бацькаву шчаку.
— Няпраўда, ён не халодны,— запішчала яна.
Дзіця ніяк не хацела адрозніваць двух такіх розных слоў — галодны і халодны.
Драгун наліў у чаркі пароўну.
— Ты што, хочаш, каб я ап’янела? — Вера адсунула чарку.— Пачакай, я прынясу хлебнага квасу.— І яна выйшла на кухню.
І тут жа, як порах, там успыхнула сварка, адразу на высокіх нотах. Чуліся толькі жаночыя галасы: Верын і Шварцманішын. Потым, здалося Драгуну, пачулася «плясь-плясь» — няйначай, нехта некаму па твары.
Драгун нехаця ўстаў з-за стала.
— Чаго там мама крычыць? — на ўвесь голас заплакала Валька.
— Ціха, ціха, яна зараз прыйдзе...
Драгун пачуў, як бразнулі дзверы і прагучаў рэзкі мужчынскі голас: на кухню, няйначай, выйшаў сам Шварцман.
Цяпер па ўсіх законах тактыкі і Драгуну лішне было сядзець у засадзе. На кухні сілы былі няроўныя, і ён паспяшыў туды.
Бой быў у самым разгары. Жанчыны тузалі адна адну за валасы, драпаліся пазногцямі, лаяліся і пляваліся.
— Мужычка ты, хамка! — крычала Шварцманіха.
— Я табе пакажу, як лазіць у чужы столік! Што ты там палажыла? Што? — крычала Вера.
Іх бойка нагадвала паядынак катоў, у якім многа шуму-гвалту і нічога болей. Мо жанчыны так пакрычалі б, пашумелі б і разышліся б, але Шварцман не вытрымаў і ўкінуў свае тры грошы. Ён груба схапіў Веру за каўнер халата і пацягнуў на сябе. Вера ледзь утрымалася на нагах: каб не схапілася за край кухоннага століка, то ўпала б.
Тады Драгун таксама ззаду і таксама знячэўку схапіў Шварцмана за каўнер і тузануў назад. Шварцман адарваўся ад Веры і паляцеў да супрацьлеглай сцяны, аб якую і затрымаўся. Ён зрабіў яшчэ адну спробу прарвацца на аператыўную прастору, але Драгун рыўком адчыніў дзверы ў Шварцманавай кватэры, а потым штурхануў туды Шварцмана. Пакуль той дабягаў да супрацьлеглай сцяны, Драгун схапіў сваю Веру за руку і тут жа выштурхнуў яе з кухні ў свой пакой. Яшчэ паўхвіліны — і ён гэтак жа лоўка схапіў за руку Шварцманіху, працягнуў яе па кухні і тут жа адправіў у яшчэ не зачыненыя за Шварцманам дзверы. За гэты час ён, здаецца, нават ні разу не вылаяўся, толькі мускулы наліліся цяжкаю свінцоваю сілай.
Драгун зайшоў у свой пакой. Было ціха, толькі ў бязгучным плачы на канапе калацілася Вера, а над ёю стаяла малая Валька і гладзіла яе па галаве.
— Ты кепскі, татка, нашто ты мамку набіў? — надзьмуўшыся, сказала Валька.