Выбрать главу

— Але не забывай, што мэту трэба выбіраць па сваіх сілах.

— Тады, мне здаецца, не будзе росту, развіцця. Усе рэкорды застаюцца бітыя толькі таму, што людзі замахваюцца вельмі далёка і высока.

— Але ж ты не возьмеш і не падымеш адразу дзесяць пудоў?

— Адразу не, а калі пачну з трох, то мо і падыму. Ды калі дайду да сямі, то і гэта добра. Нехта другі пачне з гэтага і возьме больш. Ягады не растуць раней за кветкі. Спачатку папрацуеш, а потым убачыш плён свае працы. А мо і наогул не ўбачыш, але ніколі аб гэтым не шкадуй і тым больш не апраўдвай свае ляноты. Як кажуць, не зважай на ўраджай, а жыта сей.

— Не сей толькі на пустым полі...

— Халера, ты мяне сячэш пад корань. Але я ўпарты. Мяне не так лёгка спіхнуць з дарогі, якую я доўга выбіраў.

5

У рэдакцыі здараліся такія шумныя дні, што нічога нельга было рабіць. Прыходзілі без канца людзі: адзін прыносіў рукапіс, другі забіраў карэктуру, трэці здымаў пытанні з рэдактарам, ці карэктар здымаў тыя ж пытанні з рэдактарам і аўтарам. А яшчэ хто прыходзіў, каб адпачыць, развеяцца, расказаць апошнія анекдоты, падзяліцца навінамі. Прыходзілі і такія, што былі пакрыўджаны ці суровай рэцэнзіяй, ці строгасцю рэдактара. Цэлы дзень стаяў такі тлум, што апошнюю гадзіну людзі ўжо не працавалі, а сядзелі над рукапісамі і рабілі выгляд, што чытаюць.

Першы раз у жыцці Драгун убачыў п’янага паэта. Па вершах ён яго ўжо ведаў. Гэта быў сярэдняй сілы паэт, вельмі народны, вельмі напеўны, але трохі аднастайны, на адной ноце, і надта «юбілейны». Да любога свята, да ўсякай важнай даты — разгарні часопіс ці газету — тут ужо вершы Дубровіча. Пачытаеш — і бачыш, што чалавек піша не ад сэрца, не шчыра, а таму, што патрэбен лішні рубель або проста хочацца ўбачыць яшчэ раз сваё прозвішча.

Дубровіч выглядаў асілкам: меў моцныя плечы, быў каржакаваты, як дуб. З твару быў сімпатычны, мо нават прыгожы: прамы востры нос, упарты падбародак, высокі лоб, жывыя цёмныя вочы.

Адным словам, гэта была натура, багата адораная прыродай, бракавала ёй толькі інтэлекту, агульнай культуры, шырыні кругагляду. Паслухаўшы яго, адразу падумаеш: ён не паэт у поўным значэнні гэтага слова, а пісьменны селянін, які адолеў грамату, але застаўся яшчэ грубы, неадшліфаваны, каструбаваты.

Апрануты Дубровіч быў у чорнае паліто з каракулевым каўняром, на галаве — рыжы памяты капялюш, які сядзеў у яго ссунуты на патыліцу, як кепка ў хлапчука.

Ён гучна павітаўся, а потым падыходзіў да жанчын і паціскаў руку.

— Ты ўсё прыгажэеш? — спытаў круглавідую, смяшлівую Жывіцу і, не чакаючы адказу, падыходзіў да нахмуранага, засяроджанага Пракурата.— А ты трохі дзюбнуў ці сёння яшчэ не паспеў?

Той толькі збіраўся нешта сказаць, як Дубровіч ужо ціснуў руку Нагорнаму.

— Ну, як, наладзіў падвеску? Возьмеш мяне на падлёдны лоў? Чорта ты возьмеш! Кулак ты, браце, гэта точна. Не сярдуй, шчыра кажу...

— Што ты, Алесь, не сярдую... Божа барані! — казаў Нагорны, а сам, відаць, усё ж сердаваў.

— Добра, добра...— Дубровіч стаў пасярод пакоя.— А дзе гэты, кароткі, тоўсты, як кабан... Ну, Рымар! — успомніў ён.

— У надомніках Рымар,— адказвае Нагорны і з’едліва ўсміхаецца: а што на гэта скажа Дубровіч?

— У-у-у, клоп, гэты ўсюды жыве прыпяваючы. Закон для каго хочаш, толькі не для яго... У-у-у, крывасмок!

Нарэшце Дубровіч апынуўся перад Драгуном. Дубровіч глянуў неяк безуважліва і з пагардай сказаў:

— А дзе вы ўзялі гэтага абармота? Адкуль ён тут узяўся? Па-мойму, тут сядзеў нядаўна такі рыжы, лысы, насаты. Як яго?

Драгун не ведаў, што рабіць: ці адказаць грубасцю, ці звярнуць на жарт. Усе смяяліся, і Драгун, абвёўшы вачыма вясёлыя даверлівыя твары рэдактараў, сказаў у тон Дубровічу:

— Таго рыжага насатага павысілі за прынцыповасць, а мяне прыслалі на ўмацаванне рэдакцыі і на страх вам.

Ён яшчэ канчаў гэтую фразу і ўжо разумеў, што не змог патрапіць у тон Дубровічу. Твар у тога стаў барвовы, як у чалавека, які толькі што вырваўся з лазні.

— Цьфу! — плюнуў Дубровіч.— Мне на страх! Пастраш сваю маму, смаркач!

Драгун устаў з-за стала. Кроў адліла ў яго ад галавы.

— Паслухайце, ці не занадта вы...— ён запнуўся, падбіраючы слова.

— А што ты мяне страшыш? Ты ведаеш, каго страшыш? — ён стаяў перад Драгуновым сталом, здаецца, гатовы кінуцца ў бойку.

— Ды я вас не страшу,— сумеўся Драгун. З-за такога глупства ён ніколі не палез бы на ражон.— Проста я жартую...

— Жартаваць трэба ўмець... І ведаць з кім,— трохі збавіў тону Дубровіч. Ён падышоў да крэсла пры акне і з крэктам сеў, расшпіліў паліто, а капялюш насунуў на лоб, але не скідаў.— Ён жартуе! Ты яшчэ зялёны, а яны ўсе тут,— ён абвёў вачыма прыцішаных і зацікаўленых рэдактараў,— ведаюць, як мяне страшыць.— Ён дастаў пачак «Казбеку», не пытаючы дазволу, запаліў запалку, прыкурыў.— Ты ведаеш, хто такі генерал Дубровіч? — ужо зусім спакойна спытаў ён у Драгуна, які зноў сеў на сваё месца.