Выбрать главу

І гэтыя наіўныя дзіцячыя словы разбілі адным махам усю тую халодную брылу гневу, якая толькі што ляжала ў яго на сэрцы. Драгун ад душы зарагатаў, адразу яму стала лёгка. Ён сеў за стол і цяпер толькі заўважыў, што чаркі ў іх стаяць непачатыя.

— Уставай, Вера, ды вып’ем за перамогу над супастатам,— сказаў ён ненатуральна ўзнёсла.— За гэта грэх не выпіць!

— Пі, хай ты захлыніся,— прастагнала Вера.— Я не хачу цябе бачыць! Я не хачу з табой быць ні мінуты!.. Я не магу тут жыць! Не магу!..

Драгун выпіў сваю чарку, хрумстаў агурком і думаў. Твар яго стаў сур’ёзны, здавалася, ён узважваў кожнае жончына слова, правяраў, як тую руду: а колькі ў ёй сапраўднага металу, а колькі пустой пароды. І Верыны словы паказаліся яму важкія, поўныя непадробнай пакуты, далёкія ад фальшу і найгранасці. Гэтыя словы ішлі з набалелай, перапоўненай адчаем чалавечай душы.

А чым ён мог супакоіць яе, што сказаць, каб суцешыць? Што яго, як футбольны мяч, пасылаюць па кватэру з аднаго месца ў другое? Што пры такім парадку ён зусім можа застацца без кватэры? Не, ён гэтага не скажа датуль, покуль не даб’ецца пералому ў сваю карысць. А ён гэтага даб’ецца, інакш...

— Супакойся, Вера. Я ведаю, што табе цяжка. Але трэба яшчэ пацярпець. Трэба! — сказаў Драгун хутчэй сам сабе, чым Веры, і наліў яшчэ адну чарку.

36

Парторг Пятроўскі спыніў на калідоры Драгуна, павітаўся за руку.

«Нешта ў лесе здохла, што ён мяне ўгледзеў»,— падумаў Драгун.

— Хадзем там на канапе прысядзем,— сказаў яму Пятроўскі.— Хачу ў цябе нешта спытаць.

Яны прайшлі ў самы канец калідора, селі на чорнай канапе. Спружыны праваліліся да самае рамы — канапа ўжо аджыла свой век.

— Дык што вы хацелі ў мяне спытаць?

Пятроўскі акінуў яго вялікімі чырванаватымі і стомленымі вачыма, пацягнуў сябе за вялікі нос.

— Мяне цікавіць, як вы жывяце са сваімі суседзямі,— сказаў ён пасля паўзы.

«Ужо дайшло»,— мільганула ў Драгуна ў галаве.

— А вас не цікавіць, як мы жывём увогуле? — голас у Драгуна сарваўся адразу на высокую ноту.

— Навошта такі тон? — павярнуўся да яго Пятроўскі.

— Навошта? Я не магу далей цярпець! На дзесяць метраў у нас пяць чалавек. Вам гэта што-небудзь гаворыць?

— М-да... Мнагавата...

— Вось так і ўсе... Уздыхаюць. Спачуваюць... Нібы нам ад гэтага лягчэй. А каб памагчы — ніхто пальцам не хоча паварушыць... Нядаўна хадзіў з Маскалевічам да дырэктара, думаў, што паможа, каб далі па чарзе, дык дзе там! Кажа, не варушы справы, а то зусім здымуць. І яшчэ сказаў: я табе ў выдавецтве кватэры не дам, хай даюць з Саюза пісьменнікаў. А я там паўгода яшчэ не прабыў. Але я вам як парторгу кажу, каб ведалі: я або атрымаю кватэру, або сяду ў турму. Адно з двух!

— Не кіпяціся, Драгун, што ты гаворыш! — стаў супакойваць яго Пятроўскі.— Трэба трымаць свае нервы. Ведаеш прымаўку? Дай сэрцу волю — завядзе ў няволю.

— Не страшце, я не баюся. Усе страхі ў мяне ззаду.

— Я і не збіраюся страшыць, але трэба спакойна разабрацца. Памятаеш, як з тым тваім выбаршчыкам, здаецца, Хурсікам? Спакойна разабраліся, пенсію далі...

— Доўга збіраліся... Дакуль можна спакойна? Спакойна ў нас даўно скончылася. Ад мяне жонка ўцякае... З дваіма дзецьмі... А куды яна пойдзе? Дзе яе чакаюць? Вы ведаеце, што яна даведзена да крайнасці, гатова палезці ў пятлю?

Пятроўскі цяжка ўздыхнуў, паварушыўся на канапе, потым пагладзіў далонню сваю бліскучую голеную галаву.

— Дарэчы, твая жонка... Ты ведаеш, што ваш сусед Шварцман падаў на яе скаргу ў ЦК?

— Ад яго можна чакаць яшчэ і не гэтага...

— І гэтую скаргу накіравалі нам — на разгляд і на рэагаванне, так сказаць. Так што рыхтуйцеся. Недзе на тым тыдні збяромся.

— Добра, будзем рыхтавацца.— Драгун устаў.— Дзякую за ўвагу.

Не адкладваючы, Драгун надумаў схадзіць у райком партыі, хоць і быў беспартыйны. Усё ж такі райком рашае ўсе важнейшыя пытанні ў раёне. Сакратаром райкома была жанчына, нехта Жалейка. На яе імя Драгун напісаў заяву і пайшоў на прыём. Перад ім сядзела некалькі чалавек, давялося чакаць з гадзіну. Урэшце ён зайшоў. Яшчэ даволі маладжавая поўная русавалосая жанчына прыемна ўсміхнулася яму і запрасіла сесці. Перад ёю на пісьмовым стале, засланым зялёным сукном, ляжаў блакнот і побач — дарагая, замежнай вытворчасці аўтаручка.

— У вас заява? Ці якая скарга? — голас у яе быў трохі басавіты, падобны на мужчынскі.

— Заява... А мо і скарга... на жыццё...

— Што, вам кепска жывецца?

— Шчыра кажучы, далей ужо няма куды.

— Што ў вас такое?

— Кватэра... Цеснавата. Пяць душ на дзесяць метраў. Восем год стаю на чарзе. Трэці год абяцаюць. То інвалідам, то дэмабілізаваным, а я на месцы... Але, ўрэшце, не гэта страшна.