Драгун расказаў, як яго пачынаюць пасылаць з месца на месца.
— Так я і зусім магу застацца без кватэры. А яна для мяне цяпер — усё: маё жыццё, мой прэстыж мужа і бацькі...
— Жонка папракае?
— Яшчэ горай! Яна ўвогуле збіраецца ўцячы ад мяне...
— А мо вы перабольшваеце?
— Наадварот, я змякчаю. Сітуацыя вельмі цяжкая. Мы пасварыліся з суседзямі, яны напісалі на нас скаргу ў ЦК... Бачыце, мы ім перашкаджаем жыць, а яны нам — нічуць. Яго зяць з сям’ёй — чатыры чалавекі — прыехалі недзе з Гомеля, жылі тры месяцы і атрымалі кватэру. А я восем год стаю на чарзе! Якім жа вокам глядзіць на мяне Шварцман? Ён насміхаецца... І ён мае рацыю. Яго зяць нейкі там інжынер, атрымаў трохпакаёвую кватэру, а я рэдактар, нейкі нават пісьменнік — і жыву ў нары. Тут ужо дамешваецца палітыка.
Сакратар нешта запісвала ў сваім блакноце.
У канцы Драгун сказаў:
— Я вельмі прашу вас як-небудзь пераканаць ці паўплываць на нашага дырэктара Важніка — каб ён не ганяў мяне, як футбольны мяч па полі. Усё-такі я ў яго працую сем год...
— Я вам абяцаю прасачыць за гэтым.— Сакратар паклала ручку на раскрыты блакнот.— І пагаварыць з Важнікам. Дарэчы, гэта мы зробім цяпер. Які ў яго тэлефон?
Драгун сказаў. Яна зняла трубку і стала набіраць нумар. Спачатку было занята. Яна пачакала хвіліну і пазваніла яшчэ раз.
— Алё! Таварыш Важнік?.. Добры дзень! Гэта з райкома, Жалейка. Мяне цікавіць, як у вас там з кватэрамі, калі маецеся здаваць дом?.. Пад Новы год?.. А ці намячаеце вы кватэру Драгуну, вашаму рэдактару?.. Чаму? Ага... Ага... Ага... Вы так лічыце? Для яго крыўдна... Добра, добра. Бывайце здаровы... Я пакідаю за сабой права пазваніць вам яшчэ раз... Калі ласка.— І яна паклала трубку.
Потым узяла ручку, перапытала яшчэ раз нумар тэлефона.
— Дырэктар паўтарыў тое, што і вы сказалі. Аднак ён абяцаў дамовіцца з Саюзам пісьменнікаў, а не рашаць без яго... Вас, здаецца, два члены Саюза? Вось ён і кажа: аднаму я дам, а другому хай дае Саюз.
— Калі ўжо так, дык мой таварыш стары член Саюза, а ў выдавецтве нядаўна... Каму як не яму ісці ў Саюз па кватэру?
— Мо тут што асабістае? — Жалейка ўсміхнулася шматзначна.— Бывае ж і так?
Драгун сцепануў плячыма.
— Можа, і так...
— Але вам, відаць, усё роўна, ад каго атрымаць кватэру...
— Пры цяперашняй сітуацыі — то так, а ўвогуле гэта несправядліва... Аднак я заседзеўся ў вас... Ведаеце, у мяне трохі палягчэла на сэрцы... Шчыра вам дзякую,— сказаў Драгун і ўстаў з крэсла.
— Няма за што,— сціпла адказала Жалейка.
Цяпер Драгуны з дня на дзень чакалі, калі ім скажуць прыйсці на разбор «персанальнай справы». І, як ні дзіўна, настрой іх палегчаў, была нейкая надзея на развязку, а якая тая развязка — ужо нават не важна. Ды, урэшце, што яны зрабілі Шварцманам? Укралі што, білі іх, здзекаваліся?.. А Шварцманы нешта хадзілі панылыя, і ніяк не радаваў іх той дзень і час, калі трэба будзе перад людзьмі даказаць тое, што яны напісалі ў ЦК.
Нарэшце дзень прызначылі. Але па просьбе Шварцманаў тэрмін пераняслі. І яшчэ адзін раз пераняслі. Шварцман не згодзен са складам камісіі. Недзе скардзіцца, недзе піша яшчэ адну заяву. Кожны дзень у Шварцманаў нейкія людзі. Нешта раяцца, пра нешта спрачаюцца, нешта даказваюць.
Аднак хопіць адкладваць!
Разбор намячаюць перад самым Новым годам, далей цягнуць няма куды: пятніца, восем гадзін вечара, выдавецтва.
І вось усе сабраліся, няма толькі Шварцманаў. З невялікім спазненнем прыходзяць яго жонка і дачка. А самога Шварцмана няма, яны кажуць, што захварэў. Камісія радзіцца. Адкладваць яшчэ раз? Не, калі Шварцман не прыйдзе, справу закрыюць — і канец... Тады дачка спускаецца ўніз на некалькі паверхаў і прыводзіць «хворага» бацьку ўласнай персонай.
Урэшце ўсе ў зборы. Ад выдавецтва — парторг Пятроўскі і старшыня мясцкома Маскалевіч. Ад арганізацыі, дзе працуе Шварцман, таксама два чалавекі — Каткоў і Абражэвіч.
Справу вядзе Маскалевіч.
— Таварышы! У ЦК прыйшла скарга ад таварыша Шварцмана. Паколькі скарга датычыцца нашых работнікаў Драгуноў, і, перш за ўсё, Веры Драгун, то ЦК пераслала нам гэтую скаргу, каб мы разабраліся і далі адказ — не пазней як праз два тыдні. Сёння якраз апошні дзень... Як будзем рабіць? Я думаю, што спачатку мы зачытаем заяву таварыша Шварцмана?
— Зачытаць, зачытаць,— кажуць мужчыны.
Маскалевіч бярэ заяву, садзіцца за стол і чытае. Заява доўгая, чатыры старонкі на машынцы. Многа агульных фраз, палітычных вывадаў, але зусім мала фактаў. Яна (Вера Драгун) грубая, невыносная, высакамерная, ярая антысемітка. Ён (Драгун) спачатку вёў сябе культурна, а пад канец рэзка перайшоў на яе бок. Іх мэта — выжыць суседзяў і захапіць іх жылплошчу. Некультурныя, неахайныя, нявыхаваныя, у такім жа духу выхоўваюць сваіх дзяцей, настройваюць супраць іх сваю няньку.