Маскалевіч скончыў чытаць, памаўчаў, а потым спытаўся:
— Як цяпер? Мо будзем разбіраць па пунктах?
— Правільна. Хай Вера Платонаўна дае адказы на ўсе закіды таварыша Шварцмана,— прапанаваў Пятроўскі.
Сталі разбіраць па пунктах. За агульнымі фразамі, за вялізным уступам стаяла на першым месцы, што Вера Драгун абазвала іх сына «жыдзянём пархатым».
— Было гэта ці не? — спытаў Маскалевіч у Веры.
— Было... Не стану пярэчыць... Але за што яго сын атрымаў такую абразу, Шварцман не напісаў. А чаму? Варта было б напісаць! Яго сынок выйшаў на кухню і стаў чысціць чаравікі, а я варыла абед. Я сказала яму, што так некультурна рабіць, можна выйсці на балкон, на дварэ цёпла. А ён нават не зварухнуўся, чысціць далей. Тады я ўсыпала яму гарачых... А што, я павінна цярпець усякаму хаму?
— Сама ты хамка! — ускочыла з канапы Шварцманіха.— Ты не ўмееш з людзьмі гаварыць!
— З якімі людзьмі? З вамі? Вас я не лічу за людзей...
— Таварышы жанчыны, перастаньце! Мы не прыйшлі сюды сварыцца! — спыніў іх Маскалевіч.
— Вы чуеце, яна сама прызнаецца, што не лічыць нас за людзей! — трагічна ўсклікнуў Шварцман, паказваючы на Веру.
— Дазвольце мне скончыць сваю думку,— папрасіла Вера і ўзняла ўгору руку.
— Канчайце, толькі спакойна,— папярэдзіў Маскалевіч.
— Чаму я не лічу іх за людзей?.. Не таму, што я антысемітка, як хоча даказаць Шварцман... А таму, што самі Шварцманы, яшчэ не перасяліўшыся сюды, ужо не лічылі нас за людзей. Яны перасяліліся, прабачце, як зладзеі, не палічылі нават, што з намі, суседзямі, трэба пазнаёміцца. Яны перш-наперш устаўлялі новыя замкі, бо думалі, што да старых мы ўжо дарабілі ключы. Цэлы тыдзень Шварцман начаваў там адзін, баяўся, што мы ўсё-такі ўломімся ў іх кватэру.
— Бо мы вас ведалі яшчэ да таго, як перасяляліся,— уставіў Шварцман.
— Вам нагаварылі Плоткіны... Яны знарок раздзімалі кадзідла, каб ачарніць нас, даказаць, што з намі нельга жыць, што ім трэба даць новую кватэру. І вы з першага ж дня перанялі іх тактыку — і хочаце зноў спекуляваць на гэтым, дабівацца сабе лепшае кватэры. Прабачце, мы не марскія свінкі, каб ставіць на нас такія доследы. Мы людзі і не дазволім вам прыніжаць нашу чалавечую годнасць...
— Вы страцілі ўсякую чалавечую годнасць яшчэ даўно, яшчэ як працавалі ў немцаў! — крыкнуў Шварцман і рукою, як пікай, зрабіў выпад у Верын бок.
— Не лезьце бруднымі рукамі не ў сваё! — ускіпела Вера.— Я працавала ў немцаў па заданні атрада і не збіраюся перад вамі рабіць справаздачу! А наконт чалавечай годнасці вы памаўчыце! Вы не ведаеце, што гэта такое!
Маскалевіч устаў з-за стала.
— Канчайце сварку... Пераходзім да другога пункту... Прашу цішэй! Другое абвінавачанне, што Драгуны настройвалі супраць іх сваё дзіця, што малая нават наліла вады ў іх варэнне... Што вы на гэта скажаце, Вера Платонаўна?
Вера абвяла ўсіх вачыма, толькі не дайшла да Шварцманаў, якія займалі канапу.
— Тут усе бацькі, гадавалі дзяцей і, думаю, ведаеце, што дзеці часам лепш за нас адчуваюць, хто ім жадае дабра, а хто іх вораг. Наша дзіця ніколі не хацела ісці да Плоткіных, хоць яго мы ніколі не агітавалі не хадзіць туды. І да Шварцманаў яно не гарнулася. Дык ім здалося, што мы настройваем дзіця... І вось Шварцман ужо ўцягвае ў гэтыя кухонныя памыі нават малое дзіця, хоча выставіць яго сваім ворагам: бачыце, яно наліло вады ў варэнне. Як вам не сорамна гаварыць такое глупства, вы, стары чалавек!
Маскалевіч перабіў Веру.
— Вера Платонаўна, дык вы кажаце, што дзіця не ліло вады ў варэнне?
— Даю галаву на адрэз, што не ліло!
— А Шварцманы... Вы бачылі, што дзіця ліло ваду?
Шварцман глянуў на жонку, тая панікла, апусціла долу вочы.
— Я не бачыла... але я пакаштавала варэнне, і мне здалося, што ў ім замнога вады,— выціснула з сябе Шварцманіха.— А на кухні нікога не было, толькі дзіця выбягала на балкон... да суседзяў.
— І ўсё-такі вы сцвярджаеце, што дзіця наліло вам у варэнне вады? — не адставаў Маскалевіч.
— Я не сцвярджаю... але думаю, што гэта яго... работа...
— Гэта работа вашай хворай фантазіі! — сказала Вера.
Маскалевіч толькі глянуў на яе, але нічога не сказаў.
— Пайшлі далей.— Ён зашастаў аркушамі заявы.— Тут сказана, што Драгуны натраўлялі на іх сваю няньку, дазвалялі ёй гаварыць усялякія грубасці суседзям. Скажыце, Вера Платонаўна, праўда гэта ці не?
— Ніякай праўды тут няма... Гэта яны настройвалі нашу няньку супраць нас, чарнілі нас перад ёю, гаварылі, што мы ёй мала плацім, кепска апранаем, дрэнна кормім, прымушаем многа працаваць. А нянька нам усё расказвала, і мы разам смяяліся з вас. Вам не спадабалася тое, што наша нянька не захацела быць вам служанкай, не згадзілася купляць вам малако і бульбу. Вам хацелася, каб яна ад нас уцякла, каб мы зноў жылі на адну зарплату, каб мы не вылезлі з беднасці. Вось чаго вы дабіваліся. Мой муж папярэдзіў іх, і ад нянькі яны адчапіліся.