Выбрать главу

— Таварыш Шварцман, ці папярэджваў вас Драгун наконт нянькі? — спытаўся Маскалевіч у Шварцмана.

— Ён гаварыў, але гэта было беспадстаўнае абвінавачанне. Мы да іх нянькі нічога не мелі.

— А ці скардзілася больш нянька пасля таго, як вы, Драгун, гаварылі з таварышам Шварцманам? — спытаў Маскалевіч у Драгуна.

— Пакуль што не скардзілася.

— Ясна,— падвёў вынік Маскалевіч.— Пайшлі далей. Самае цяжкае абвінавачанне... Надпісы... Прыкладаецца фотакопія... Гэта вы пісалі, Вера Платонаўна?

— Я...

— Чым гэта было выклікана?

— Хай вам на гэта адкажа Шварцман. Ён спецыяліст... Павучальныя надпісы на сценах — гэта яго вынаходства.

Маскалевіч недаверліва глянуў на Веру, потым на Шварцмана.

— Растлумачце, таварыш Шварцман,— папрасіў Маскалевіч.

— Я сапраўды прыклеіў запіску, як карыстацца вадой на кухні і як карыстацца туалетам... У мяне былі самыя лепшыя намеры. А яна сарвала іх і напісала такое, што я рашыў зняць копіі... Вы толькі пачытайце. Гэта ж сорамна!

— А што сорамна? — ускочыла Вера.— Вы вучыце мяне, як карыстацца туалетам? Навучыце лепей свайго сына, які праседжвае ў туалеце па паўгадзіны і невядома чым там займаецца, а я павінна бегчы да суседзяў па патрэбе, прабачце за натуралізм. Я восем год пражыла ў інтэрнаце, правілы агульнажыцця ведаю лепей за вас. Таму я і прыклеіла на месцы вашага плаката свой!..

Прыблізна ў такім плане ішоў і далей разбор «палітычнай» заявы Шварцманаў.

Вось некалькі вытрымак з выступленняў, якія цягнуліся ажно да гадзіны ночы.

Пятроўскі. Шварцман не сказаў у сваёй заяве, у якім становішчы знаходзяцца Драгуны, а ў якім яны самі. Калі людзям цяжка, не трэба наступаць ім на балючае месца. Шварцман злоўжываў цярпеннем Драгуна, і мо ў тым яго віна, што Вера Платонаўна брала ўвесь цяжар кухоннай вайны на сябе. Мужу не варта было пускаць жонку першай.

Каткоў. Шварцмана я ведаю даўно. Ён добрасумленны работнік. Але скажу адкрыта: ён цяжкі чалавек. Хто з ім жыў, усе скардзяцца на яго. Праўдзівей, ён на ўсіх скардзіцца, хоць, як правіла, пачынае першы ён сам.

Абражэвіч. Такія людзі, як Шварцман, кідаюць цень на сваю нацыю, бо рысы яго цяжкага характару механічна пераносяцца на ўсіх яўрэяў. Вось чаму мы здзіўляемся, што антысемітызм такі жывучы. Якраз ён і жывіцца за кошт такіх людзей, як Шварцман.

Драгун. Упэўнены, што Шварцманы зноў пачнуць першыя. Але цяпер я не стану ўжываць стары метад, бо ён сябе не апраўдаў. Яны палічылі, што я іх баюся, і лезлі на галаву. Цяпер гэтага не будзе.

Маскалевіч. Нічога палітычнага я тут не бачу. Звычайная кухонная баталія. Калі б у Веры Драгун былі мацнейшыя нервы і больш гумару, з усяго гэтага можна было б смяяцца.

37

Пасля кухоннай баталіі надышла цішыня. Абодва бакі змагліся, асабліва Шварцманы. Гэтулькі сіл патрацілі, і ўсё дарэмна! Няйначай, цяпер яны ламалі сабе галаву, якую тактыку ўжыць на далейшае, бо старая, плоткінская, сябе не апраўдала. Здаецца, нават нашкодзіла: сваім шумам яны памаглі давесці некаторым, што Драгуны жывуць у жахлівых умовах. А ў Драгуноў трохі адлягло на сэрцы: на даляглядзе загарэлася зорка надзеі на тое, што кватэру дадуць. Няважна, урэшце, па якой лініі. Нават калі ад Саюза ці ад работы, то ў адным і тым жа доме, бо дом на двух паях — выдавецтва і Саюз пісьменнікаў.

У абед аднаго разу Драгуны згаварыліся пайсці паглядзець той дом. Ён якраз быў недалёка ад іхняй работы.

— Глянь, колькі часу,— напомніла Вера,— каб ведаць, колькі ісці.

— Хвілін дзесяць, не болей,— адказаў Драгун.

Ішлі моўчкі, хоць кожны думаў пра адно і тое ж. Але каб не спалохаць свайго шчасця, хай на яго... Снег парыпваў пад нагамі, Вера коўзалася ў сваіх чаравіках на скураной падэшве, і Драгун вёў яе пад руку, бо ў яго самога туфлі былі на мікрапоры, і на зямлі ён стаяў цвёрда.

— А што табе ў Саюзе сказалі, як насіў заяву?

— Нічога. Якраз яны абмяркоўвалі кандыдатуры. Засядала жыллёвая камісія. Мяне туды піхнулі сілаю, я аддаў заяву Кулаковічу і хацеў ісці, але затрымалі. Спыталі, колькі метраў старая кватэра, якія ўмовы. Я сказаў, што ўмоў ніякіх, плошча трохі болей як дзесяць метраў. Стараўся вельмі не скардзіцца...

— Ах, які ты сціплы...