Сам Драгун маўчаў, хоць і сядзеў, як на баране. А Вера нават не пайшла на гэтую цырымонію — баялася, што не вытрымаюць нервы.
Прозвішча Драгуна зала ўспрыняла стрымана, хоць сям-там пачуліся галасы:
— Толькі прынялі ў Саюз — і ўжо кватэру!..
— Хай палучае ў выдавецтве!
Кулаковіч растлумачыў, што гэта якраз па дамоўленасці з выдавецтвам.
Галасы сціхлі. І тут папрасіў слова Фальскі-малодшы.
— Нядаўна я ажаніўся,— пачаў ён, але яго перабілі.
— Скажы спачатку: развёўся! — крыкнулі з залы.
Ён не адказаў на рэпліку і працягваў:
— Спадзяваўся, што Саюз дасць мне магчымасць уладкавацца па-чалавечы. І што ж я ўбачыў? Мяне адпраўляюць жыць у такую нару, што мне стала страшна! Ні адзін нармальны чалавек — хай даруе мне Драгун — там доўга не пражыве. Там жа катарга! Там няма ніякіх санітарных умоў, там халодная кухня з цэментавай падлогай, вечны змрок, холад і вільгаць, не гаворачы ўжо пра цеснату. А суседзі! Божа барані мяне ад такое кватэры! Калі я нават буду паміраць пад адкрытым небам, у такую, з дазволу сказаць, кватэру ніколі не пайду! І прашу камісію яшчэ раз перагледзець спіс і ўлічыць маю просьбу, а не даваць тое, што з носа спадзе.
Драздоў, які сядзеў побач з Драгуном, нахіліўся да яго і шапнуў на вуха:
— Ну, цяпер ты, Драгун, моцна акапаўся.
Драгун толькі стрымана ўсміхнуўся: здаецца, яго пакідаюць у спісе.
Сход яшчэ цягнуўся з гадзіну, але Драгун, стомлены напружаннем, ужо не так востра ўсё перажываў. Дзіўная чалавечая натура! Чужая рана не баліць... І нават чужыя слёзы не заўсёды кранаюць. За ўвесь гэты час ніхто не адмовіўся ад свае кватэры ў нечую карысць, усе крычалі толькі за сябе.
І кантрастам гучалі ціхія роўныя словы ўдавы пісьменніка Пяткевіча.
— Хіба я вінавата,— гаварыла ўся белая, маршчыністая і слабая, хоць яшчэ не зусім старая па гадах жанчына ў чорнай сукенцы,— хіба я вінавата, што засталася адна? Хай бы ён забраў мяне з сабою на той свет, я была б шчаслівейшая. Я пажыла з ім пяць гадоў — і яго пасадзілі... І што я бачыла цэлых дваццаць год пасля таго?.. Кім я толькі ні працавала і дзе я толькі ні была?.. І вось мая старасць... Няўжо яго жыццё і мае пакуты каштуюць менш, чым тая аднапакаёвая кватэра, якую я прасіла?
Кулаковіч раз-пораз выціраў свой круты лоб, які пакрываўся потам. Сёння Кулаковічу было цяжка. Але ўсё ж такі ён папацее колькі гадзін — і канец, пойдзе дадому, у сваю трохпакаёвую кватэру, а вось тыя, што сёння прымушаюць яго пацець, будуць самі пакрывацца цыганскім потам яшчэ невядома колькі год. Кулаковіч трымаўся надзіва спакойна і стрымана, і чым ён быў спакайнейшы, тым болей, па сабе ведаў Драгун, кіпела ў яго ў душы. Гэта ўжо такі характар у чалавека... Няўжо ён такі і дома? — пытаў сябе Драгун. Ён і сам на людзях быў ціхі, аж занадта, асабліва сярод малазнаёмых, а ў сваім, блізкім асяроддзі адчуваў сябе натуральна, вольна і быў усялякі: на кепскае рэагаваў бурна, чырванеў ад гневу, са смешнага гучна рагатаў, аж браўся за жывот, на дзіця пакрыкваў, любіў, каб яго каманды тут жа выконвалі, хоць сам цярпець не мог, калі ім камандавалі... Драгун лавіў сябе на тым, што ён па характары нечым падобны да Кулаковіча. Гэта нават відаць і на творчасці, калі тое, што пісаў Драгун, можна ўжо назваць творчасцю: абодва расцягвалі, часта нават надакучліва-нудна вялі на адной ноце...
І яшчэ адно пераконанне выносіў Драгун з гэтага сходу. Хто ўмее моцна плакаць, крычаць, бедаваць, таму хутчэй дадуць, чым другому, які спадзяецца на законнасць, на справядлівасць: маўляў, і так відаць, як я жыву, усе бачаць, усё ўлічаць — не абдзеляць, не абыдуць. На практыцы было зусім не так! Цяпер Драгун лаяў сябе за непаваротлівасць і маруднасць, за гэтую марную надзею, што камісія ўбачыць яго цяжкі стан... Бач, як Фальскі ўмее пастаяць за сябе! Каб ён жыў у такой кватэры, як Драгун, ён ужо даўно вырваў бы сабе тое, што трэба!
Драгун прыйшоў дадому задыханы і мокры ад поту. Калі ён сказаў жонцы, што ім даюць кватэру, Вера спачатку не паверыла, а потым абняла яго, стала цалаваць і плакаць.
— Мо я была кепская, злая, нячулая з табою, то даруй... Мне было цяжка...
— Я табе веру... І дарую. А ты даруй мне, што я быў непаваротлівы, мала стараўся, мала дабіваўся...
Драгун пасадзіў Веру на канапу, а Валька ўзабралася яму на калені, падскоквала і ўсё паўтарала, як папугай:
— Мы паедзем на новую кватэру... А мы паедзем на новую кватэру! Чуеш, Аленка, мы паедзем на новую кватэру!
— Цішэй, Валька,— супакойваў яе Драгун.— Дай пагаварыць з мамай!.. Сёння я паглядзеў, што не трэба вельмі спадзявацца на справядлівасць... Каб я не хадзіў гэтыя два ці тры месяцы, а сядзеў склаўшы рукі, то невядома, ці далі б нам кватэру... А мо і далі б? Чорт яго ведае, як лепш...