Выбрать главу

— А калі мы паедзем на новую кватэру? Заўтра? — не адставала Валька.

— Трохі пачакай. Яшчэ не далі ордэр.

— Табе дадуць ордэн? За што?

— За тое, што многа цярпеў,— адказала за яго Вера.

— Якраз табе такі ордэн больш падышоў бы.

— Куды там! Я якраз нецярпячка...

— Нецярпячка, нецярпячка, глядзі, цябе затопча качка,— лапатала Валька.— Калі мы паедзем на новую кватэру?

Бацька і маці смяяліся, бачачы, як адразу ажыло дзіця.

— То давайце збірацца! Чаго вы расселіся? — тузала Валька бацькоў за рукі.

— Ціха, дачушка, збяромся, яшчэ рана.

Дзіця пачало плакаць.

— Якое рана? Ужо вечар... Кватэру даюць, а збірацца не хочуць... Вось людзі...

Пасля вячэры доўга не маглі ўгаманіцца. Потым дзеці паснулі, а Драгун і Вера ўсё шапталі адно другому ўсялякае глупства, будавалі планы. Вера ад радасці была на сёмым небе. Яна размалявала ўсё ў такія ружовыя фарбы, што ў Драгуна ажно мігцела ў вачах. Купім тое, купім гэта, паставім так, паставім тут... Драгун толькі смяяўся.

Назаўтра яго чакала яшчэ адна радасць: з Масквы прыйшоў грашовы перавод на трыста рублёў (новымі грашыма) за апавяданне, надрукаванае ў зборніку.

А потым атрымаў на рукі ордэр і ключы. Дзіўна, што ў той дзень Драгуну выпісалі два ордэры! Пра гэта ён даведаўся ад Жывіцы, якая была ў камісіі па размеркаванні кватэр у выдавецтве. Другі ордэр яму выпісалі па чарзе, на якой ён прастаяў роўна дзевяць год. Драгун толькі вылаяўся сам сабе. Іронія лёсу! Як паўгода назад ён прасіў-маліў у райсавеце, каб яму далі кватэру па чарзе, бо далей нельга цярпець, ніхто нават не паварушыў пальцам. А цяпер яму ў адзін дзень выпісваюць два ордэры! Якая шчодрасць!.. Ды д’ябал яго бяры! Усё ўжо ззаду, у яго ордэр і ключ на руках, а гэта — дробязь, якая толькі на момант скрабянула па сэрцы.

Цяпер заставалася толькі пераязджаць.

Драгун дамовіўся з хлопцамі, узялі нейкі грузавік з друкарні і за адзін раз перавязлі ўсё Драгунова багацце.

Шварцманы некалькі разоў выглядалі праз шчыліну, назіралі, як іх ненавісныя суседзі выязджаюць. Няйначай, яны зайздросцілі Драгунам.

А на Драгунова месца перабіраўся малады хлопец, журналіст з літаратурнай газеты.

Пазней Драгун пачуў, што не паспеў ён сюды пераехаць, як Шварцман ужо напісаў заяву ў райсавет, што яму падсяляюць нейкага п’яніцу, бабніка і разбэшчанага тыпа.

38

Пасля цеснаты новая кватэра здалася Драгунам зямным раем. У тым пакоі нельга было ні размінуцца, ні прайсці з-за мэблі, а тут яе не было нават відаць. У кухні паставілі столік, у зале — вялікі круглы стол, куплены ў Плоткіных, іх жа цяжкі нязграбны сервант, а кніжная паліца, якой там закрывалі забітыя ад Турбан дзверы, сціпла прымасцілася ля капітальнай сцяны. Канапа зусім стала маленькай і непрыкметнай, і месца, здаецца, займала палавіну менш, чым у той кватэры. У спальні паставілі старую сваю невялічкую шафу, ложак, дзіцячую драўляную калыску на ножках, раскладное крэсла-ложак, на якім спала старэйшая, Валька. Голыя пясочнага колеру сцены, белая столь, іржава-ядавітая падлога, на якой паслалі адну-адзіную дарожку, што Драгун купіў яшчэ халасцяком,— вось і ўсё іх багацце.

Першыя дні была толькі вада. Потым далі электрычнасць, сталі грэць батарэі. Якраз на дварэ стаялі лютыя маразы, вецер дзьмуў у вокны і высвістваў хату за ноч. Днём трохі цяплела. А мо так проста здавалася, таму што чалавек днём варушыцца, нешта робіць. На другі ж дзень забіліся каналізацыйныя трубы, і ў Драгуноў у туалеце сантэхнікі адкрылі цэлую майстэрню: знялі ўнітаз, у трубу загналі доўгі жалезны прут і перылі па ім молатам... Казалі, што ў трубу трапіў раствор і застыў там... Пацелі доўга, але ўрэшце прабілі той бар’ер. Наладзілі ўсё, прыкруцілі «выратавальны» круг, бо першы ўжо нехта паспеў зняць.

Газ праводзілі неяк доўга, гатаваць даводзілася на электрычнай плітцы. Потым газавікі перарабілі духоўку, уставілі сваю трохражковую гарэлку. Сталяр прыладзіў французскі замок. Праз некалькі дзён прыйшлі майстры абіваць дзверы. Драгуны адразу згадзіліся: першы паверх, і шум, і холад не так будуць пралазіць у кватэру.

Першы тыдзень увесь дом аж развальваўся ад стуку — у бетонных блоках людзі, як дзятлы, выдзёўбвалі дзіркі, каб можна было развесіць фіранкі, шторы, карціны.

Потым Драгуны зрабілі невялікую замочку, «улазіны», і Вера сказала аднойчы мужу, што ад іх трохсот рублёў нічога не засталося.

— Бачыш, усяго па тры, па пяць рублёў, і няма. Вось колькі патрэбна для новай кватэры,— разважала Вера, працягваючы шнурок у фіранку.