— А ты не бядуй. Колькі трэба, гэтулькі і будзе,— падбадзёрваў яе Драгун. Сам ён майстраваў на кухні, папраўляў накрыўку ў люк. Майстры ломам адчынялі люк, але якраз не ў тым месцы, дзе трэба, і пашчапалі дошкі.
— Адкуль жа ты возьмеш?
— Дзядзька прышле.
— Дзе ты возьмеш такога дзядзьку? Цяпер нам трэба сама мала тысячу на новыя. А гэта не ў яйку пішчыць.
— Ты ж ведаеш, што ў мяне запланавана аповесць.
— Яна даўно запланавана, а якая карысць?
— Ну, я не думаю, што яе перанясуць другі раз. А ўрэшце калі нават перанясуць? Будзем купляць патрохі, як бы ў растэрміноўку, тады лягчэй дыхаць, а ўсё зараз — гэта не з нашаю кішэняй.
Вера маўчала, занятая фіранкамі.
— А што было б, каб нам не далі кватэры? — ні з таго ні з сяго спытаўся Драгун.
Вера апусціла фіранку на калені, выпрасталася.
— Навошта гадаць?
— А па-мойму, ты вельмі любіш гадаць, зазіраць наперад і назад, усюды.
— Я цікаўная. Гэта кепска?
— Нічога тут кепскага. Я пытаюся проста так.
— Няма чаго табе гаварыць. Забыўся ўжо, што два ордэры ў адзін дзень выпісвалі?
— Але, але...— Драгун стаў шараваць нажоўкай, нарабіў шуму.— А ўсё-такі ты ўцякла б ад мяне?
— Дык і ты цікаўны. Не падазравала...
— Ну скажы!
— Кінь ты!
— Скажы!
— От смала! Уцякла б! Пакінула б табе старэйшую, а сама ўзяла б малую — і жыві з богам.
— Не веру я ў гэта. Ты не магла б пражыць без старэйшай і тыдня, як і без малодшай.
— Мо і праўда. Мы сябе да канца не ведаем.
— Правільна. Мо ў табе ці ўва мне сядзіць геній або чорт ці д’ябал. Але як яго ніхто не чапае, дык ён і сядзіць і падохне мо разам са мною. Трэба, каб нехта яго спудзіў, абудзіў, ці што...
— Ты вось лепей скажы, геній, ці будзеш хадзіць у сваю бібліятэку? Яна ўжо мне ў касцях...
Што яна табе далася ў знакі? Без бібліятэкі я прапаў. Не забывай, што ўсе свае рэчы я напісаў у бібліятэцы... А каб я трымаўся за тваю спадніцу...
— Мо я была б шчаслівейшая...
— Дык чаго ж? Яшчэ не позна!
— Вось я і пытаю: ці будзеш хадзіць?
— Відаць, буду. Сябе пераламаць цяжка. Ва ўсякім разе, пакуль не падрасце малая, буду хадзіць.
— Але ты хоць паспрабуй папрацаваць дома!
— Дома я адпачываю. З мяне гэтага даволі.
— З цябе даволі — і табе добра. А сям’я?
— Сям’я будзе мець кватэру. Што ёй яшчэ трэба?
— А гаспадара, бацьку?
— Калі ласка! Хто ўстае ноччу да малое? Бацька!
— Дык тут заслуга малое, а не твая!
— Хітранькая! Я мог бы і не чуць яе піску.
— Ах, які ты... Думаеш, мне цяжка ці я не магу? Проста хачу, каб ты зусім не адбіўся ад рук, каб гэтая Аленка цябе болей прывязвала да дому. Думаеш, мне там было лёгка, калі я засталася адна? Гэта што я не скардзілася табе, думала: працуй, навошта табе мяшацца, ірваць нервы? Хопіць таго, што рвала я.
— Ну, за гэта ты маладзец, а падумаўшы, то не вельмі. То ты мяне лаяла, што не ўмешваюся, то цяпер гаворыш, што сама не хацела мяне ўцягваць у гэтую калатушу. А калі разам заварылі, то разам трэба было б і расхлёбваць. Але ж цяпер табе ніхто не будзе назаляць, не будзе заглядваць у твой кухонны столік, як тая Шварцманіха. Сама сабе гаспадыня! Прасторна, чыста, светла! Большая ходзіць у сад, а праз два гады пойдзе і ў школу, меншую мо як уладкуем у яслі або што іншае прыдумаем. Нянькі гэтыя мне абрыдлі...
— Толькі табе! Ты ведаеш, як яны мне ўеліся? Чужы чалавек! Ці ён табе будзе спрыяць? Абы яму добра... Ну, Нэля... Бач, вучылася на курсах, скончыла. Цяпер кажа: прыпішыце. А як гэта зрабіць? Ты можаш?
— Не прыпішуць. Калі то часова, на колькі згаджаецца быць нянькаю. А блату і знаёмства ў мяне няма...
— Ну вось, скажа, што не хочам памагчы. І будзе рабіць усё абы дзень да вечара... Суседка мне гаварыла, што яна ведае адну бабку, якая бярэ гадаваць малых дзяцей. Трэба неяк схадзіць да яе...
Аповесць, пра якую гаварыў Драгун, засела ў выдавецтве моцна. Усю справу сапсавала тое, што з год назад гэтая аповесць, добра падрэзаная, друкавалася ў часопісе. Драгун памятае, што праз пару месяцаў пасля надрукавання яму сказалі не вельмі прыемную навіну. У Заходняй Германіі, у Мюнхене, сядзяць так званыя беларускія эмігранты, якія ўцяклі з беларускай зямлі разам са сваімі гаспадарамі — нямецкімі фашыстамі. Яны і па сёння востраць вушы і цікуюць з-за мяжы, што тут робіцца ў нас. Адно іх засмучае, другое радуе. Засмучае агульны наш рост, нашы поспехі, радуюць асобныя зрывы, недахопы, недаробкі і промахі. Тады яны там выскаляюцца ад радасці: знайшлі, знайшлі! Вось знайшоў нейкі адзін крытык і ў Драгуновай аповесці патрэбнае для сябе. Даспадобы яму прыйшлося тое месца, дзе гаворыцца, хоць і мімаходам, пра памылкі часоў культу асобы Сталіна, калі чалавек быў зведзены да ролі «вінціка», «шрубкі». Узрадавала і тое, што аповесць закранала такія пытанні, якія ў нас часцей за ўсё абыходзіліся, і таму ў Мюнхене лічылі іх «забароненымі», пытанні нацыянальнай самабытнасці, роднай мовы і культуры. Адзін з герояў аповесці сцвярджаў, што прапагандаваць асіміляцыю — шкодны шавіністычны ўхіл, што да камунізму мы прыйдзем толькі праз росквіт нацыянальных культур.