Выбрать главу

«Там яго пахвалілі!» — сказаў нехта, узняўшы ўгору палец. І гэтага хапіла, каб Драгунову аповесць перанеслі ў плане яшчэ на год.

І было так не з адным толькі Драгуном. Пахвала або нават цытата з твора там лічылася самым вялікім грэхам. Прыпаміналі ўсім вядомыя словы, што калі мяне хваліць мой вораг, дык трэба паглядзець, ці тое я раблю, што трэба... Да слоў ворага прыслухоўваюцца болей, чым да слова сяброў. А забываюць, што вораг — ён заўсёды вораг. Ён якраз можа пахваліць цябе, каб збіць з правільнай дарогі. «Ага, мяне вораг пахваліў... Значыць, я раблю няправільна. Трэба мяняць курс. А ганіць мяне вораг, злуе — значыць, раблю правільна. Так трымаць!» А мо гэты вораг не апошні дурань і ведае, як мы тут рэагуем на яго словы, на яго крытыку і, сцяўшы зубы, знарок хваліць там, дзе яму хацелася б лаяць і крычаць, а лае там, дзе хочацца хваліць? Але каму гэта ахвота думаць, што вораг можа быць хітры і можа мяняць тактыку? Лепей думаць, што вораг дурань, а мы — разумныя. Тады спакайней спіцца...

А, урэшце, яшчэ: чаму мы павінны на сябе глядзець вачыма сваіх ворагаў? Няўжо свае дзейнасці, сваіх спраў не можам ацаніць правільна самі, без аглядкі на Захад?

Але дзе там! Дапрацоўвай — ды так, каб цябе там лаялі (так не скажуць, а разумець трэба так).

Драгун дапрацаваў, перапісаў аповесць ад пачатку да канца, толькі не пераканаўся, што ад гэтага аповесць стала лепшая. Згладзілася вастрыня ўзнятых пытанняў. Але хіба рэч ад гэтага робіцца лепшая?

Аднак не дагадзіў яшчэ! Гэты раз Драгун сам пайшоў да дырэктара Важніка, каб даведацца, па якой прычыне яго пераносяць яшчэ на год. Важнік развёў рукамі і сказаў, што не адзін Драгун такі нешчаслівы: пяцьдзесят назваў з плана гэтага года пераносіцца на наступны, бо не хапае паперы. А паколькі аповесць яшчэ ў стадыі дапрацоўкі, рукапіс у аўтара, а не ў рэдакцыі, то яе і пераняслі на наступны год. Адзінае, чым суцешыў яго Важнік, дык гэта тым, што яго кніжку ён абяцаў надрукаваць у першым квартале наступнага года, а ў вытворчасць здаць яшчэ ў канцы гэтага.

Драгун сказаў, што аповесць ён даўно здаў у выдавецтва, што дапрацаваў яе па заўвагах рэцэнзента.

Важнік падумаў хвіліну і ўпарта паўтарыў, што, відаць, на той час, калі «ўтрасаўся» план, яе не было ў выдавецтве, бо загадчык рэдакцыі сказаў, што аповесць у стадыі дапрацоўкі.

Драгун толькі крыва ўсміхнуўся: яму была добра знаёмая ўся механіка выкрэсліванняў і пераносаў. Калі не было важнай яўнай прычыны, маглі сапхнуць віну нават на машыністку: сказаць, што «ваша прозвішча механічна выпала пры перадруку». Механічна выпасці можа, а вось «механічна» ўставіць яго назад ужо нельга...

Як бы там ні было, аповесць выйдзе ў свет (калі яшчэ выйдзе) праз год, а грошы патрэбны цяпер, цяпер! Зноў давядзецца лезці ў даўгі. Драгуну не прывыкаць, а Вера баіцца іх, як агню. Для яе пазычаць — лепей хварэць. А Драгун сам лез ў даўгі спакойна, як цягавіты конь у хамут. Даўгі яго нічуць не палохалі. Быў толькі адзін непрыемны момант: гэта сказаць, што «прыйшоў да цябе, браце, не адведаць цябе і тваю сям’ю, а пазычыць грошай». І яшчэ нічога, калі пазычаеш у блізкага табе чалавека, сябра. А калі зусім у выпадковага, якога ты мала ведаеш — непрыемная рэч. Аднойчы Драгун чырванеў і праклінаў сябе і зарокся болей не лезці са сваімі клопатамі да чужых людзей. Неяк перад Новым годам яму спатрэбіліся грошы, ён стаў думаць, у каго б пазычыць. У некалькіх прыяцеляў, у якіх ён браў часта, не хацелася — ён ім ужо абрыд. Рашыў паспытаць шчасця і патурбаваць аднаго саліднага аўтара, якому зусім нядаўна адрэдагаваў, а праўдзівей, перапісаў ад пачатку да канца кніжку. Салідны аўтар выслухаў яго просьбу, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і з самым нявінным выглядам прызнаўся, што не можа пазычыць. «На жаль, на вялікі жаль, бо жонка купіла тое, купіла сёе, і ўжо няма. Шчыра, як на споведзі кажу — няма... А кніжку я вам падпісаў... Вельмі ўдзячны, вельмі...» І нават падпісанай ужо кніжкі так і не перадаў...

Не, лепей быць без грошай, чым пазычаць у такіх людзей!

39

Вясна! Пах таполяў п’яніць, дурманіць галаву. Лісточкі яшчэ малыя, клейкія, далікатныя. Зямля пад таполямі ўкрыта шкуркамі ад пупышак, яны трашчаць пад нагамі, як луска з разгрызеных вавёркаю яловых шышак.