Выбрать главу

Драгун сеў пад шумлівай таполяй, абапёршыся плячыма аб яе шурпаты камель. Гэтай вясною ён тут першы раз. Ён прыходзіў сюды, калі балела галава, калі кепска працавалася, калі на сэрцы ляжаў які-небудзь цяжар.

А сёння нядзеля, ён ішоў у бібліятэку, але ногі неяк самі сабой прывялі яго сюды. Цяжкая, як чыгунная, галава, хочацца спаць, цела ўсё ные і просіць адпачынку, нібы ён учора рабіў немаведама што — цягаў камяні на гару. Але што фізічная стома! Пасля яе добра спіцца, чалавек назаўтра ўстае трохі змучаны, але расходжваецца, разварушваецца — і зноў робіцца бадзёры і здаровы, зноў можа працаваць. А пасля сямейнай сваркі чалавек горш чым пабіты. Сядзяць у галаве малюнкі, цэлыя сцэны, асобныя словы. Ад іх хочацца ўцячы, вытравіць іх з памяці, скінуць з душы іх цяжкі груз. Але нічога не выходзіць! Хіба толькі аддацца якому лёгкаму занятку! Хоць бы праводзіць вачыма жанчын, што праходзяць па сцежцы, любавацца прыгожымі. Глупства! Драгун быў сёння сярдзіты на ўсіх жанчын свету. Яму лезлі ў галаву самыя кепскія думкі. Жанчына прыгожая датуль, пакуль яна маўчыць. А калі яна раскрыла рот, дык скажа нешта такое, што адразу паставіць яе намнога ніжэй, чым яна стаяла дагэтуль. І наогул сваім словам яна можа сябе знішчыць, закрэсліць, прынізіць, ператварыць у нішто.

І тыя, што праходзілі ля яго, сёння здаваліся намнога лепшыя за яго жонку. А яна так не любіць, калі скажаш, што яна такая ж, як і ўсе. Яна — экстраардынарная, не падобная ні да кога, адзіная ў свеце! Злосць распірала яго ўсяго, чым болей ён думаў, тым болей рабілася неспакойна. Дурніца! Яна думае, што сваркамі, ці, як яна кажа, гутаркамі, яна мацуе сям’ю. Наадварот, яна яе разбурае! І Драгун сказаў сабе: досыць! Ён цярпеў, калі яна ўзняла цэлую буру з-за Лідзінага пісьма, цярпеў, калі распачала вайну з-за беднасці, маўчаў, калі лезла без канца ў кухонныя баталіі з Плоткінымі і Шварцманамі, падтрымліваў у яе міжусобнай вайне з Інэсай Рынковіч. Драгун думаў: можа, і праўда Веры было цяжка, мо і праўда яна не магла цярпець далей — было цесна, не хапала грошай, яны толькі станавіліся на ногі. Тут ён яе яшчэ хацеў разумець, лічыў, што вось пераедуць яны на новую кватэру — будзе лягчэй, Вера ўрэшце супакоіцца, усё стане на месца. Дык не! У яе такі ўжо характар, і яна заўсёды знойдзе, да чаго прычапіцца. А калі не будзе прычыны, то яна прыдумае яе. Цяпер, лічыў Драгун, ім ужо няма з-за чаго сварыцца, а яна знайшла! Цяпер яна пачала з-за таго, што Драгун многа памагае сёстрам. Не бацькам, а сёстрам. Які ход канём! Малодшая сястра Надзея жыве разам з бацькамі. Драгун лічыць, што калі ён памагае бацькам, дык памагае і сястры, а калі сястры — памагае бацькам, бо ў іх усё агульнае. Але гэтага Веры не дакажаш. Пачалося ўсё з ганарара. Хай бы ён яго лепей не бачыў!.. Ужо даўно, як быў яшчэ зімою дома, абяцаў сястры, што як выйдзе яго кніжка, то прышле ёй якую сотню ці дзве. Цяпер яны будуюцца, і грошы ім патрэбны, кожны рубель дарагі. І вось зноў пераняслі кніжку, але што сястры да таго? Сорамна Драгуну, што не стрымаў свайго слова... Ды нават калі б і не пераняслі. Яны там думаюць, што ў Драгуноў грошай многа і без тае кніжкі. Усё-такі двое з дыпломамі, працуюць даўно, ён піша, друкуецца, мае ганарары.

Яно і так, на добры лад — грошы павінны быць. Але іх усё ж няма! Ні да рэформы, ні пасля! Нават потым, як кажуць, рубель стаў намнога карацейшы. На рынку цэны растуць, усе здзіўляюцца. А ў магазінах? Тое самае. Адна зарплата застаецца тая самая... Каб хоць яны ўмелі эканоміць, а то ні Вера, ні Драгун не ўмеюць ашчаджаць капейкі. І не прапівалі, не праядалі, не хадзілі разадзетыя. Сяды-тады нават у рэдакцыі гаварылі свае жанчыны — Роўба ці Жывіца,— чаму ён не купіць сабе новы гарнітур, ці лепшае паліто, або людскі плашч? Але ён толькі пасміхаўся: ён і сам купіў бы, каб было за што, купіць не так цяжка. Ды хіба ад гэтага ён пераменіцца, стане лепшы? «Наша пасада нас абавязвае»,— гаварылі жанчыны. А Драгун ім адказваў прымаўкай: «Выцягвай ножкі паводле адзёжкі». Касцюм ён купляў тады, калі ў штанах пачынаў прадзірацца зад або ў пінжаку локці. Вера таксама не была модніцай, інакш яна не стала б Драгуновай жонкай.

Драгун разумеў, што, каб прытачыць у адным месцы, трэба ўрэзаць у другім. Гэта як тая кароткая коўдра, нацягнеш да барады, стануць відаць ногі. І ўсё ж ён не траціў надзеі на тое, што яны ўрэшце вырвуцца з беднасці. Вось выдасць ён кніжку... Праўда, увесь ганарар за першую ён аддаў на даўгі. А другая ўсё пераносіцца... Ды і каб хоць добрая плата, а то сто пяцьдзесят рублёў за аўтарскі аркуш...

А гэтыя дзве сотні, якія ён атрымаў і з-за якіх усчалася сварка... Дзіва, дый годзе! Не было грошай — было ціха! Бач, ёй патрэбны ўсе, паловы яна не хоча! А каб ён нічога не атрымаў? Не было б і гутаркі,— кажа на гэта Вера. Праўда, тады было б ціха.