Выбрать главу

Тры гады мінула з таго дня... Навошта яна ўсё гэта ўспомніла? Забараніла ж сабе ўспамінаць, вырашыўшы пачаць жыццё спачатку — без Яго! Выцягнула цыгарэту. Кінула позірк на гадзіннік. Стрэлкі па-здрадніцку капіравалі зламанае дрэўца: ствол паказваў на шэсць, вяршыня — на дзесяць. Кудзін чамусьці спазняецца... Ёй раптам стала холадна. Як была, у старанна адпрасаванай сукні, забралася пад тонкую казённую коўдру. Вось не магла за столькі год набыць хоць бы ватовую, — гэтым, дарэчы, Ён яе таксама папракаў. Ды пляваць ёй было і на коўдру, і на тэлевізар, на фіг патрэбны быў ёй той тэлевізар, — сем год яе каханне праецыравала на экран (а што ёсць свет, як не пусты экран, які адлюстроўвае нашы думкі і ўяўленні аб саміх сабе?), — праецыравала мары і сны, і Аля была адзіным гледачом гэтага захапляючага фільма! А яшчэ кахаць — гэта як песню складаць, казаў Айк, бард з іхняга гуртка шукальнікаў “мокшы”: быццам бы па вяроўцы на дыбачках ідзеш, трымаешся толькі за сярэбраны дрот голасу, туга нацягнуты над галавой, — і рукі да крыві рэжа, і адпусціць няма як : разаб’ешся насмерць. Яна тады расціснула пальцы і аказалася ў пустаце без апоры. Жыццё стала бяссэнсавым. Не, не атрымалася адразу паставіць гэтую самую “кропку”...

“Плюнь і разатры”, — раіла ёй сяброўка, татарка Натэла, вось яна дык не цярпела любоўных пакут і рамантычнага пафасу. Толькі Аля, дурнічка сентыментальная, усё чаравала над кветкавым вазонам. Загадала: прарасце зярнятка — быць яшчэ адной сустрэчы з каханым... Вось табе і “кропка”. Як высвятляецца, сімвалічны жэст “пахавання” лімоннай костачкі трэба было інтэрпрэтаваць зусім інакш: як хітрыкі памяці-марадзёркі, якая імкнецца любым шляхам раздабыць трафей, накшталт мундзіраў напалеонаўскай арміі, што пыляцца ў краязнаўчым музеі іх гарадка, — Аля кожны год водзіць туды студэнтаў, воляй-няволяй вымушаная ўнікаць у падрабязнасці мясцовай гісторыі, хоць, далібог, яе амбіцыёзная эпоха Банапарта не так ужо і цікавіць, яна больш любіць змрочную магію старажытнасці, асабліва ж — таямнічы Тыбет. Па вераваннях Тыбета яна напісала ў свой час дыпломную работу, абарона якой, помніцца, прыцягнула ў канферэнц-залу зачараваных “перабежчыкаў” з іншых кафедр.

За тры гады вунь як вымахаў яе трафей... Трафей? Не, пэўна, не зусім так. Над трафеямі не твораць абрадаў, іх кладуць пад музейнае шкло і забываюць. А яна кволы расток выняньчвала, ледзь не слязьмі, як фальклорная Настачка пунсовую кветачку, палівала, перастаўляла ўслед за сонцам па падаконніку і ўсё шаптала над кожным лісточкам, прыгаворвала: “Ён вернецца, вернецца...” І дрэўца чула яе — яна можа ў тым пабажыцца! — убірала яе пачуцці і думкі, як тэрафім [90] — заклінанні тыбецкага шамана... Прыпаліла цыгарэту ад недакурка. Ну вось і ўсё. Да ночы лімон завяне. Што ж, у каханага ёсць яшчэ час, каб прыйсці... Хацела засмяяцца жарту, а не атрымалася. Дурніцай, якой яна была дурніцай...

Боль у страўніку крыху сцішыўся, затое ўзмацніліся дрыжыкі. Накінула паўзверх коўдры старое футра. Рыхтуючыся сёння да сустрэчы з Кудзіным, без асаблівага, урэшце, імпэту, як Фама няверуючы да тайнай вячэры, яна не ўлічыла аднаго: што давядзецца вось так, гадзіну за гадзінай доўгайграючага выхаднога дня, сядзець у напружаным чаканні ля накрытага стала — зусім як тады... Жаласную ўсмешку ўсё ж выціснула. Вось зараз зламаная напалам вертыкаль у кветкавым вазоне паказвае пятнаццаць хвілін на сёмую, а нядбайны вучань трымціць ад прымхлівага жаху на парозе склепа, дзе чакаў знайсці адно пахавальныя пакрывалы былой жарсці, але магільня аказалася пустая і камень адвалены...

...Ля вялізнага каменя, пастаўленага на Батарэях у памяць аб рассеяных пад гэтым месцам рускіх і французскіх костачках, усё і адбылося. У тое лета ліхтары на правым беразе Бярэзіны былі як неміргаючы позірк, быццам бы ў зрэнках маладога горада адлюстроўвалася свечка, запаленая недзе ў левабярэжных нетрах горада старажытнага, — у тое незабыўнае лета ваенна-гістарычныя клубы з усяго “адзінага і магутнага”, якія на працягу месяца праследавалі прывід Напалеона ад Масквы да Смаленска, завяршалі тут, на месцы разгрому вялікай арміі, свой вясёлы паход. Прабіраючыся праз натоўп пераапранутых у гарадскім парку, Аля апыналася то сярод казакаў атамана Платава, то трапляла ў бівак гусараў графа Палена, якія мірна пацягвалі піва з гвардзейцамі маршала Нея, а то раптам яе звалі ў цень ліп вясёлыя апалчэнцы Сяславіна. На дашчанай сцэне ўдваіх з Айкам спявалі пад Аліну гітару, і ім шалёна апладзіравалі падпіўшыя воіны абедзвюх армій. Песня, якую склаў Айк, прысвячалася бою на Батарэях — так называлі мясцовыя жыхары зямляныя ўмацаванні, узведзеныя іх міралюбівымі продкамі перад мостам каля Маскоўскага тракта. У тым баі палягло шмат рускіх салдат, яшчэ больш — французаў. Аля дакранулася да ордэна святога Уладзіміра на грудзях у генерала Ламберта, які вадзіў салдат у штыкавую атаку на рэдуты. Ордэн быў падробкай, як, дарэчы, і сам генерал, музейны работнік. Ёй раптам стала сумна слухаць малодшага навуковага супрацоўніка з Масквы, апранутага ў форму камандзіра ўланаў, — помніцца, ён абяцаў са сваім “эскадронам” учыніць перапалох у горадзе, калі яна, Аля, не прыйдзе вечарам да ракі, дзе будзе гулянне; яна якраз спрабавала вызваліць руку з потнай далоні фальшывага ўлана, калі ўбачыла Яго.

вернуться

90

Тэрафім — прадмет, на які з пэўнай мэтай наслойваецца псіхічная энергія.