Выбрать главу

Першы такі “канверт” Аля атрымала ў чатырнаццаць год — менавіта столькі ёй было, калі маці адцягала яе за валасы, аблаяўшы шлюхай: дачка, бач ты, груба адказала яе сужыцелю, — а Аля не была шлюхай, яна была выдатніцай і членам камсамольскага пражэктара, — ад крыўды дзяўчынка тады збегла з дому і села ў траву пад высакавольтнай лініяй, спадзеючыся, што провад абарвецца і заб’е яе (яна чула пра такі выпадак). Пачалася навальніца; яна працягвала ўпарта сядзець, прыціскаючыся бокам да жалезнага рабра апорнай вышкі. І дачакалася: зверху пачаў спускацца асляпляльны шар. Быццам зачараваная, яна не магла адвесці погляду ад вогненнай кропкі; у рэшце рэшт, усё затапіў прамяністы акіян святла. Потым — бы павярнулі трубку калейдаскопа — з вогненнага кіпеню саткаліся ўзорыстыя пакрывалы, Аля налічыла іх сем; яны зіхацелі і хваляваліся, бы паверхня вады ці агню. Выявы звяроў і птушак на пакрывалах рухаліся, быццам жывыя: Аля ўбачыла, як распускае хвост фанабэрлівы паўлін, як мядзведзь у жамчужным тумане прабіраецца па вяршыні скалы. На той цудоўны “экран” можна было ўздзейнічаць: любая Аліна думка ці адчуванне вокамгненна на ім адбіваліся. Так, пяшчота мела серабрыста-блакітны колер, страх — брудна-барвовы з цёмнымі сполахамі. Аля паспрабавала ўявіць сабе маці з айчымам; яны тут жа з’явіліся на “экране” у клубах жоўта-зялёнага атрутнага дыму. Потым постаць айчыма пачала змяншацца, ператварылася ў чорную кропку і наогул знікла. Пасля гэтага Алін зрок зноў надоўга зацягнула асляпляльным святлом. Павольна, вельмі павольна з малочнага туману сталі ўзнікаць асобныя постаці. “Анёлы”, — здагадалася яна. “Упершыню сустракаюся з такім выпадкам: шаравая маланка наблізілася да дзяўчынкі ўсутыч — і ніводнага апёку”, — вымавіў адзін з анёлаў. “Сапраўды, дзіўна, — адказаў другі. — Але мазгавыя парушэнні яўна маюць месца.” З тыдзень Аля правалялася ў лякарні, хоць адчувала сябе выдатна. Сужыцеля маці ў хуткім часе пасадзілі, а ёй з таго часу пачалі сніцца дзіўныя сны...

Божачка, навошта яна ўсё гэта ўспомніла? Чым былі тыя сны на самай справе: трызненнем, спароджаным яе хворым мозгам, прадуктам залішняга захаплення “чарналамаўскім будызмам” альбо містычным адкрыццём, — урэшце, ці не ўсё роўна ёй цяпер? Хутчэй, хутчэй прыходзь, Кудзін! “Дзе ты ходзіш, дурань-воўк, шэры воўк, страшны воўк?” — гэта яны ў дзіцячым садку вершык такі развучвалі. Кудзін, вядома, не воўк; ён, з яго маленькай галоўкай, зрэзаным дэгенератыўным падбароддзем і занадта вялікімі жоўтымі зубамі, нагадвае дварняка. Проста хатняя жывёла, не тое што, прыкладам, трансцэндэнтальны асёл Чорны Лама з яго “мантрамі” і “монда”, — Чорнаму Ламе не патрэбны ўвогуле ніхто, ён прытрымліваецца “непрыхільнасці да аб’ектаў пачуццяў”, ён і яе, Алю, спрабаваў “прадзвінуць” да ступені архата, гэта значыць, буддыйскага святога, але ёй заўсёды хацелася менавіта прыхільнасці, а зусім не “прасвятлення на працягу адной інкарнацыі”. Не, Кудзін якраз тое, што трэба (“Алечка, сонейка, разумееш, лічыў сябе ні на што ўжо больш не здатным: столькі год без гэтага самага... і усё з-за жонкі...”“А ты ёй казаў?”“Бессэнсоўна. Ды і мне з ёю ўжо не хочацца: атлусцела, ноччу ўстае да лядоўні.”“Але зараз у цябе ўсё добра! Проста супермужчына!”“Дзякуючы табе, сонейка...”). Ну, наконт “супер” яна, вядома ж, схлусіла. Што ж, у яе таксама ёсць свае словы-кручкі. Затое ўжо гэты дык нікуды ад яе не дзенецца; ён куды больш надзейны, чым іншыя “старацелі”, што расхіствалі дрымучыя нетры Алінай тахты пасля таго, як Ён сыйшоў...

— Аэліта Андрэеўна, вас да тэлефона!

Скінула коўдру. Ад рэзкага руху сэрца закалацілася недзе ля горла. Са слухаўкі, бы вёрткая змейка, выпаўзаў галасок Кудзіна:

— Алечка, сонейка, прабач... я не здолеў прызнацца жонцы... усё-ткі

дваццаць тры гады разам...

Не слухаючы далей, паклала трубку. Пацёрла вуха, у якім яшчэ гучаўагідны голас. За вухам намацала гарошыну ўспухлага лімфавузла. І такую ж — на шыі... Ах, вунь яно што! Прасквазіла яе. Майскае цяпло такое падманлівае. А можа... а можа... кроў кінулася ў твар, аглушальна ўдарыла ў скроні — можа, яна зацяжарала? Таксікоз? Прагна выпіла яшчэ шклянку віна. Лягла. У страўніку разлілася прыемная цеплыня. Ну што ж, яна народзіць. Пакойчык у яе ёсць. Дрэнна, вядома, што дзіця ад Кудзіна, бесхрыбетнага плюгаўца. Як хацела яна калісьці дзіця ад Яго — мужчыны-пераможцы з мяккай хадою драпежніка, самаўпэўненасцю Напалеона! Апошнім часам ёй ўсё часцей хацелася, каб хоць нехта быў побач, і зусім неабавязкова — герой і пераможца. Перагортваючы старонкі чарговай манаграфіі пра пераправу пад Студзёнкай, прызнавалася сабе ў тым, што і яе масты гараць, салдаты з крыкамі “Здрада!” мітусяцца ў дыме паміж перадавымі атрадамі Вітгенштэйна на беразе і полымем, адразаючым шлях да ўцёкаў. І выйсце ў яе, як і ў іх, адно: скачок у ледзяную ваду разам з канём і зброяй. Як спяваў тады ў гарадскім парку Айк: “Смяротны скачок уратуе наш гонар...” Ён і выбраў смяротны скачок. Хапіла сіл адважыцца. І імя гэта дзіўнае — Айк, не то мянушка, не то псеўданім, не слова, а ўсплёск каменя, што падае ў глыбіню, — і яго ён, атрымоўваецца, невыпадкова абраў сабе яшчэ ў дзяцінстве, — расказваў, што “зайкай-айкай” звала яго бабуля за вечнае пахмурнае айканне на просьбы не прапускаць школу, а ён проста адсек у слова кароткі “заечы” хвосцік. А ў яе хопіць сіл адважыцца на скачок? Не, ёй нельга. У яе дзіця будзе. Бедны “зайка-айка”. Яму ўвесь час не шанцавала: Натэлка яго кінула, бацькі-алкашы ўсё цягнулі з дому, нават гітару сына прапілі. Ён часцяком пазычаў гітару ў Алі. У іх гуртку “прасветленых” ён быў маладзейшым. І самым блізкім ёй па духу. Брат... Высокі, хударлявы, з завушніцай у мочцы вуха і кароткім, “заечым”, хвосцікам валасоў, перацягнутым гумкай, ён аднойчы прышкандыбаў да яе ў “абшчагу” увесь збіты, — нарваўся на п’яных адмарозкаў у позняй электрычцы, — і яна пакінула яго начаваць; нованароджаны кветнік пачуццёвасці, які мог бы ўзняцца з насення іх нясмелых дотыкаў адно да аднаго, быў падсечаны ў самай сцябліне дзіўным прадчуваннем інцэсту, якое адначасова агарнула абодвух. Яны былі занадта аднолькавыя для таго, каб прагучаў той “званочак”, што абуджае сексуальнасць: рамантычна-экзальтаваныя, схільныя да самакатавання. Таму яна адчувала да яго толькі невыразную пяшчоту, як да сына ці брата. Так і заснулі тады, не распранаючыся і не размыкаючы цнатлівых абдымкаў, на яе рыпучай тахце. Перадусім ён чытаў ёй вершы, там нешта было пра “натхнёны шэпт трызнення”, “вуснаў малітоўны экстаз”, пра “ландышы імгненняў”, што маюць цудоўны водар. Гэта ён Натэлцы прысвяціў. Госпадзі, ну чаму так: чым святлейшы чалавек, тым да больш цёмнай “палавінкі” яго цягне прыляпіцца? А як ён спяваў! Так звініць у музеі старажытная бронза. Калі яна народзіць хлопчыка, дык няхай ён будзе падобны да Айка. Не да Кудзіна, не да Чорнага Ламы і... не да Яго, не! Да Айка.