Выбрать главу

Бо менавіта Айка напомніў ёй у даўнім сне юны складальнік гімнаў Вялікай Маці. Яна гэта ў той вечар зразумела, калі яны ўсе пяцёра ў апошні раз сядзелі разам на падлозе “хрушчобы” Чорнага Ламы, дзе не было ніводнага крэсла і наогул ніякай мэблі, акрамя матраца з выпнутымі спружынамі, таму што мэблю, як элемент “майі”, Чорны Лама яшчэ раней выкінуў на сметнік, да вялікай радасці бамжоў, а ўсе рэчы, якія не звезла ў Калінінград Рытка, раздаў жабракам і цыганам: “Я вызвалены ад матэрыяльнага!” Вось таму і сядзелі на голай падлозе, скрыжаваўшы ногі па-будыйску, і Айк усё спяваў, спяваў, перабіраючы струны Алинай гітары... У той вечар яго голас як ніколі кранаў душу. Чорны Лама нерваваўся: ён, з яго комплексам Нарцыса, і тут хацеў быць першы (ага, будыст храновы), ён таксама спрабаваў складаць нейкія духоўныя гімны, толькі хіба ж гэта былі гімны: “Я іконы спалю, попел вецер усходні развее...”

? Гэта ён у тым сэнсе, што не пакланяецца бачным выявам Бога, толькі Вялікаму Даа. Ёй, Алі, усё гэта здавалася глупствам і кашчунствам. Уявіўшы сабе ўскалмачаны вожык Чорнага Ламы, падобны да густа змазанай гуталінам шчоткі, яго пакамечаныя нагавіцы і сарочку, яна ўспомніла гісторыю, якую ёй некалі расказаў калега-гісторык. Аднаму яго сябру, які лічыў сябе рэрыхаўцам, пашчасціла апынуцца ў Кітаі. Ён тут жа кінуўся вывучаць храмавыя надпісы і выявы бостваў, — патаемныя веды шукаць. У маляўнічым месцы, на беразе ракі, на напаўразбуранай сцяне ён убачыў старажытны надпіс і, канечне ж, захацеў яго прачытаць. Запрасіў перакладчыка. А там вось што аказалася напісана: “Тапіць дзяўчынак тут дазволена”. Так-так, вось тут — калі ласка, колькі заўгодна, а ўніз па рацэ — там чамусьці нельга. “Азіятчына, дзікунства,” — абураўся “рэрыхавец”. Справа ж у тым, што душа Усходу закрыта для няўдалых “шукальнікаў”. Нездарма тамтэйшая мудрасць кажа: толькі калі вучань падрыхтаваны, прыходзіць настаўнік. Вось так і з Чорным Ламай: колькі б ён ні карпеў над Ведамі ды Упанішадамі, знойдзе там толькі брутальны надпіс на разбуранай сцяне. Нават тыя штукі, дзэн-монда, нават іх Айк складаў лепш за Чорнага Ламу, далібог, лепш! Вось яна зараз паспрабуе ўспомніць апошняе дзен-монда Айка, — у той вечар яны яго і пачулі, больш ён ужо нічога не напісаў, таму што ў дваццаць тры трыццаць (так “мянты” потым сказалі — пра час, а яна і без іх здагадалася, спраўлялася па календары: Айк дачакаўся захаду сонца, бо вычытаў у “Бхагавадгіце”, што той, хто пакідае гэты свет пры святле дня, абавязкова вернецца сюды ў новым целе), — роўна ў дваццаць тры трыццаць ён выкінуўся з даху дзевяціпавярхоўкі, — дык яно ж пра гэта, апошняе яго дзэн-монда: