Іскра не гарыць па-за вогнішчам, Воблаку не захаваць адну і тую ж форму, Кропля высыхае па-за акіянам —
Так частка памірае без Цэлага.
Вогнішча зліваецца з прагнай іскрай, Неба перацякае ў распасцёртае воблака, І ў кроплю ўпадае акіян:
Так частка вяртаецца ў Цэлае.
Вось ён і распасцёрся на асфальце, як воблака, адлюстраванае ў калюжыне, каб вялізнае неба перацякло ў яго...
Чаму, чаму яна ўспомніла ўсё гэта?
Няўжо толькі з-за зламанага лімона?
Пасля гібелі Айка яна не хадзіла больш у аднапакаёўку без мэблі, аклееную аранжавымі шпалерамі. Усе яны: шызоідны гаспадар кватэры, шалапутная Натэлка, тоўстая Зінка — нагадвалі ёй таго “рэрыхаўца”. Урэшце, былі ў Алі і іншыя прычыны не жадаць сустрэчы з Чорным Ламай...
Раптам яна штосьці ўспомніла, кінулася шукаць у тумбачцы, выцягнула, нарэшце, кішэнны каляндарык. Так яно і ёсць... Не можа яна быць цяжарнай. Што ж тады з ёю? Што? Сэрца паляцела ўніз, быццам француз пад лёд Бярэзіны...
У дзверы нясмела пастукалі. Кудзін адважыўся! Адважыўся... І — адхіснулася: на парозе стаяў Чорны Лама ў жоўтай бруднай балонневай куртачцы, вязанай шапачцы, няголены, падобны да бамжа, з нейкім новым, зацкаваным позіркам. Два гады таму, у час іх апошняй сустрэчы, ён глядзеў зусім па-іншаму: ганарліва, самаўпэўнена. Госць марудзіў. Відавочна, таксама ўражаны змяненнямі, якія з ёю адбыліся, здагадалася Аля.
— Можна ўвайсці?
Яна моўчкі саступіла ўбок. Мужчына прайшоў у пакой і сеў на адзіную табурэтку, ля стала.
— Навіна ёсць. Дрэнная. Ты справішся, Алька?
Выліў у шклянку рэшткі віна з бутэлькі. Рука яго дрыжэла... Ды ён жа п’яны! Напіўся і строіць з сябе містыка, які ўбачыў самога Усявышняга!
— Ну, і што там табе “адкрылася”?
— Я ВІЧ-інфіцыраваны.
— Спачуванні.
— Ты не разумееш... я ўжо быў ВІЧ-інфіцыраваны, калі мы з табой... на
Новы год... якраз перадусім мая ранейшая, Рытка, прыязджала скасаванне шлюбу афармляць, ёй карцела выскачыць за свайго марачка... Ну вось, цяпер яны абое ў лякарні. Калінінград — партовы горад. Сніданосцы там —звычайная справа...
Ён яшчэ працягваў гаварыць, але ў Алі раптам моцна заламіла ў скронях і нібыта вяроўкай зашмаргнула горла. Нейкая сіла пацягнула яе са страшэннай хуткасцю праз бетонныя сцены і зямлю, поўную веснавых сокаў, — толькі косці хрусцелі... Вось яна зноў — у цэнтры каменнай пляцоўкі... яе цела вымазана крывёю... вакол яе — рэшткі гніючых трупаў... пах страху і смерці... пульсуючая сфера барвовага колеру з кароткімі шчупальцамі...
Калі яна ўжо бачыла гэта?
Апрытомнела на тахце. Чорны Лама сядзеў тут жа, на кукішках, вочы яго ліхаманкава блішчэлі.
— Гэта ўсё Рытка, Рытка...
Бачыла ў сне, некалькі год таму!
Бачыла днямі, гартаючы медыцынскі часопіс, дзе быў намаляваны
вірус СНІДу!
— Ты з ёй трахаўся, так?!
Недарэчнае пытанне чалавеку, у кватэры якога ўсяго адно “спальнае месца” — матрац на падлозе. Чалавеку, які лічыў сабе настолькі “вызваленым” ад прыхільнасці да каго б там ні было, што калі яна, Аля, два гады таму прыбегла ў яго кватэру на досвітку, з першым снегам трэцяга тысячагоддзя на вейках, узрушаная тым, што не адчувае аніякай віны перад тым, іншым, сваім Нябесным Хлопчыкам, пасля бурнай навагодняй ночы з Чорным Ламай (а высвятляецца — і яна можа быць па-будыйску “непрыхільнай”і “адвязанай” — як паветраны шарык, адпусці нітачку — і паляціць!), — дык вось, калі яна ціхенька, з намерам пабудзіць спячага пацалункам, дурнічка, увайшла у кватэру (ключ быў ува ўсіх пецярых), тыя двое на матрацы не паспелі нічым прыкрыць голыя целы...