Выбрать главу

— А Зінка? — бо гэта Зінчына грудастая постаць кінулася ёй тады ў вочы.

— Цяжарная. Яна ўжо ведае. Вырашыла захаваць дзіця.

— А Натэлка? З ёю ты таксама быў, так?! — раптам здагадалася яна.

— Сучка яна, Натэлка... — мужчына выцер твар бруднай шапачкай. —

Сучка, сучка... сама лезла... я не хацеў з-за Айка, ён жа так яе кахаў...

— Ты — поскудзь, — заўважыла амаль спакойна, бо раптам зразумела

ўсё, усё. Айк першы даведаўся, ён рэгулярна здаваў кроў, збіраў грошы на новую гітару. Там яму і паведамілі. Ён не мог думаць на Натэлку, якую абагаўляў. Пэўна, вырашыў, што заразіўся пры здачы крыві.

— Я толькі следаваў нашай філасофіі, ты ж памятаеш: будзь непрыхільны

ні да каго і ні да чаго! У кнігах я знайшоў, што секс і медытацыя аднолькава спрыяюць прасвятленню! Я дасягнуў ужо поўнай свабоды ад усіх кайданоў: сям’і, абавязку, Бога... “Сустрэў Буду — забей Буду!” Дык за што?..

— За што? — перапыніла Аля.

І пачала смяяцца, разгойдваючыся на крайку тахты, бы на арэлях.

Спачатку ціха, потым усё гучней. Нейкі калючы рогат ірваўся з яе перасохлага горла, балюча драпаючы яго, быццам праз яе рагатала нешта іншае, невядомае і страшнае. Дык вось яны, сем пакрывалаў, — па адным на кожнага з іх! Барвовага, з цёмнымі сполахамі, колеру... У нейкім дзікім захапленні яна прынялася загінаць пальцы. Так, Кудзін — шосты, а яго фрыгіднай жонцы пашанцавала... Тады хто ж сёмы? Абавязкова павінен быць сёмы! Яна не адразу заўважыла, што Чорнага Ламы ў пакоі няма, а ў расчыненыя дзверы заглядвае здзіўлены твар дзяжурнай.

— Вас да тэлефона.

Узяла слухаўку.

— Прывітанне, Літа.

Так называе яе толькі адзін чалавек у свеце! Знаёмы да дрыжыкаў голас

ляніва пацікавіўся — быццам бы і не было трохгадовага маўчання! — ці не пачастуе яго Аля чаем з лімонам?

— Я заскочу на паўгадзіны... Урэшце, калі ты занятая...

— Я свабодная! Чакаю! — адказала Аля, стараючыся ўкласці ў чужы

калючы голас усю сваю ранейшую пяшчоту.

У пакоі яна ўдзячна пагладзіла паніклае лімоннае дрэўца.

Ён прыйдзе! Яе Нябёсны Хлопчык! Яе Адзіны! Прыйдзе! Ад гэтага часу Ён будзе належаць толькі ёй, і яны больш ніколі не развітаюцца. Так, ніколі. Яна будзе кахаць яго цярпліва і горача, як ні разу ніхто за апошнія сорак тысяч год.

Май 2002

ЗМЯЯ, ПАКРЫТАЯ ПЁРАМІ ПТУШКІ СОНЦА

Нават пасля таго, як галоўны ўрач горада, яе равеснік, з валасамі колеру “спелы каштан”, фарбаванымі, ці што, і надзіва дагледжанымі пазногцямі раздражнёна патлумачыў, што ён асабіста ні пры чым, што абласная фармацыя ўзяла дый спыніла пастаўкі таго прэпарата ў горад, бо ўсяго на ўсіх, зразумела, не хапае (“Вы ж бачыце — эканоміка ў заняпадзе, дык адкуль у бюджэце возьмуцца грошы?” — гучна ўшчуваў ён яе, маўкліва-прыніжаную, як калісьці сама яна, у сваю бытнасць выкладчыцай, ушчувала занадта жвавых шкаляроў), — вопытны маніпулятар, ён дабіўся-такі свайго: на момант яна сапраўды адчула сорам, быццам бы прыйшла патрабаваць для сябе нейкіх незаконных ільгот, — так, нават пасля таго, як гэты заклапочаны сваёй знешнасцю дзеяч, дэманструючы танюткую скуру імпартнага пінжака, тэатральна развёў рукамі — маўляў, нічым не магу дапамагчы, — яна не здагадалася яшчэ пра энтрапію. Тысячу разоў (а мо і болей — ніхто не лічыў) даводзіла яна “прасунутым” вучням фізіка-матэматычнага каледжа другі пачатак тэрмадынамікі, шпарка пісала на класнай дошцы формулу, ажно крэйда крышылася пад ейнымі ўпэўненымі пальцамі, — але ў тым кабінеце з рознымі там факсамі-шмаксамі ну проста-такі разгубілася, як дзяўчынка, і думка пра энтрапію, з’явіся яна ў той момант, паказалася б ёй, пэўна, недарэчнай. Ды і што, скажыце, калі ласка, была ёй за справа да астывання любых сістэм — а хаця б і да цеплавой смерці Сусвету, якую прадказваў песіміст Клаузіус! — яе ў той момант хвалявала толькі ўласная смерць, якая не прымусіць сабе доўга чакаць, калі былая настаўніца фізікі, а цяпер пенсіянерка Валянціна Валовіч не здабудзе тое, за чым прыйшла. І таму, узгадаўшы, як галоўурач зарульваў на шыкоўнай “таёце” ува двор, поўны ўшчэнт дабітых машын “хуткай дапамогі”, яна авалодала голасам і даволі цвёрда запыталася, колькі ёй яшчэ чакаць. “Не ведаю. Купляйце прэпарат ў Мінску.”“Але ж у мяне даволі сціплая пенсія.”“Ну, пазавіхайцеся як-небудзь! — разнервавана павысіў голас лекар. — Дарэчы, вы не адна такая, каля трохсот жанчын у горадзе маюць патрэбу ў гэтым лякарстве!”