Бяссоннай ноччу, уталопіўшыся ў каменны калодзеж двара, — прыглушана-блакітнае святло ў акне дома насупраць нагадвала акно працэдурнага пакоя ў анкалагічным стацыянары, дзе штоночы сінелі кварцавыя лямпы, — яна намагалася зразумець, чаму ў бюджэце няма грошай, калі з восені квартплата ўзляцела проста-такі да астранамічных велічыняў. Прыкладам, за сваю двухпакаёвую ёй даводзіцца выкладваць цяпер аж пяцьдзесят шэсць тысяч “бээр”. Метастазаў у яе, дзякуй Богу, не выявілася, таму і льгот па квартплаце няма ніякіх: сярод анкалагічна хворых тымі льготамі прадбачліва надзяляюць толькі паміраючых. “Ты ўсё сядзіш, Валянціна, а я вось суб-сі-ды-ю сабе выбегала,” — пахвалілася суседка, таксама пенсіянерка. Звярнулася была і яна за той субсідыяй: “Вось калі б пенсія ў вас на восем тысяч менш... ды кватэра аднапакаёвая...” — прабляялі ў домакіраўніцтве, і яна не стала спрачацца, пайшла сабе, здзіўляючыся ўжо чыста прафесійна, якая моцная ўсё ж такі рэч — магніт бюракратызму, і якое шырокае ён вакол сабе стварае поле, скрыўляючы ўсё прамое адпаведна сваім магнітным лініям, што не маюць ні пачатку, ні канца. Пасля аплаты “камуналкі” у яе заставалася пяцьдзесят тысяч. Жыць было можна (ела яна, што тая птушка, вопратку перашывала), нават сыну дапамагаць. Вядома, пакуль тамаксіфен быў бясплатны...
Тыя таблетачкі пры выпісцы са стацыянара малады, але ўжо змардаваны канвеерам бяды хірург, якому яна, саромеючыся, сунула дзесяць даляраў “на развіццё навукі”, загадаў ёй ужываць на працягу пяці год пасля аперацыі, не прапускаючы ніводнага прыёму з абавязковага курса, так, ніводнага, бо хімічнае рэчыва, якое стрымлівае рост клетак-“забойцаў”, хутка выводзіцца з арганізма. І яна, думаючы, вядома ж, пра сына — бо толькі дзеля свайго хлопчыка і змагалася за жыццё! — з добрасумленнасцю савецкага педагога штодня прынімала лякарства. Але неўзабаве тамаксіфен знік з усіх аптэк райцэнтра, і льготныя яе рэцэпты (нядоўга радавалася, што хоць гэта — бясплатна) ператварыліся ў бескарысныя паперкі з круглымі пячаткамі.
Няўжо тры сотні яе зямлячак, скрушна думала Валянціна, многім з якіх яшчэ “паднімаць” дзяцей (з усіх яе таварышак па анкалагічнай палаце толькі яна мела дарослага сына), — дык няўжо ж нас, гаротніц, проста кінулі?! — слоўка, дарэчы, з лексікону яе ўнучкі і, як ўсе тыя моўныя “эксцэнтрызмы”, пульсуюча-гарачае, жывое. Бо ўнутры мовы таксама адбываліся нейкія незваротныя працэсы (узрастанне энтрапіі, няйнакш, але гэта яна зразумее пазней, значна пазней): асобныя словы астывалі, ператвараліся ў мёртвыя абалонкі-шкарлупіны, унутры якіх — пустата, нішто. Калі яна адчула гэта ўпершыню? У кабінеце галоўурача? Або яшчэ раней — у анкалогіі? Дарэчы, там, у анкалогіі, яна ад тугі ўзялася чытаць замежны раман, які належаў маладзейшай з іх, студэнтцы Святлане, — у тым рамане мурашы так-такі і зжэрлі нованароджанае дзіця, пакінуўшы ад яго пустую абалонку. Такія вось выпатрашаныя абалонкі засталіся ад слоў “СУМЛЕННЕ”, “СПАГАДА”, “ЛЮБОЎ”. Хіба ў нашых медычных установах — дый не толькі ў іх! — завяліся міфалагічныя тэрміты, з горыччу разважала яна, але і тады — вось дзівачка! — не задумалася яшчэ пра ўсеагульную энтрапію.
Замест гэтага запісалася на прыём да дэпутата, за якога галасавала тры гады таму на парламенцкіх выбарах, — ён зрэдку наязжаў са сталіцы, дзе атабарыўся, у родную акругу. “Не хадзі, пустое”, — адгаворваў яе Андрэй, сын, па дзіцячай звычцы нізка схіліўшы голаў над талеркай супа, — машынабудаўнічы завод, дзе ён за сто пяцьдзесят тысяч у канструктарскім бюро “кантаваўся”(яшчэ адно ўнучкіна выслоўе, цешча ж казала больш жорстка: “прасіжваў штаны”), — завод той быў літаральна ў двух кроках ад яе дома, і ў абедзенны перапынак сын забягаў перакусіць (ў сталоўцы было дорага). Прыходзіў і пераказваў пачутае ад Наташы, жонкі, якая працавала на тым жа заводзе на складзе каляровых металаў: як генеральны з хаўруснікамі “пазычылі” са склада стратэгічны запас сыравіны, нарыхтаваны па асаблівым спісе на выпадак вайны, як пусцілі той метал на няўлічаную прадукцыю, як “загналі” яе, а грошы (“энзэшны” метал жа “халяўны”!) паклалі сабе ў кішэні, як спісалі і замянілі — так спрытна, што ніводная праверка не падкапалася! — зрасходаваныя медзь ды срэбра на новыя — ці не з дапамогай таго самага дэпутата, ранейшага дырэктара завода? Потым Андрэй, як звычайна, пераходзіў да асабістага, скардзіўся на нішчымніцу: дачка хварэе, патрэбны лекі, добрае харчаванне, а заробак мізэрны зноў затрымліваюць... жонка, каб падзарабіць, пацягнулася на Беластоцкі рынак за таварам і, узваліўшы на плечы вялізны рулон дывана (заказ дырэктарскай сакратаркі), там жа і асунулася... вядома, таваркі завалаклі ў аўтобус і яе, і той д’ябальскі дыван, але цяпер Наташа ляжыць — не падымаецца, скрыгоча зубамі ад болю ў пазваночніку...