Выбрать главу

Зрэшты, не адзін ейны сын такі, думала яна, стоячы ля акна ў чаканні, — двор быў засцелены прасцінай снегу, жаўтавата-шызай ад зносу, з грубым вываратным швом самотнага сабачага следу пасярэдзіне, з бальнічным вуглавым штампам счарнелай ад сырасці пясочніцы, — не адзін Андрэй наліваецца па вечарах танным віном: так робіць большасць мужчын у іхнім горадзе. Цяпер — толькі цяпер! — яна пачала разумець, што цяга да алкаголю таксама, пэўна, абумоўлена духоўнай энтрапіяй: такім чынам мужчыны прымушаюць замаўчаць сумленне, спагаду і... страх, часова прыпадабняюцца памерлым. Але ж заканчваецца той самападман досыць сумна: ранкам мужчыны прачынаюцца, ахопленыя яшчэ большым страхам і адчаем, у яшчэ больш моцных цісках жалезнага закону. І тады, тады... учыняюць самагубствы, паміраюць ад хвароб. Так, паміраюць насамрэч...

Дый чаго яно вартае, такое жыццё?!

Гэтыя думкі ўсхвалявалі яе, моцна ўсхвалявалі; тым часам вецер за акном ашалела біўся, як клаустрафоб, у замкнёнай прасторы двара, і амаль так жа білася ў клетцы звыклых уяўленняў яе думка... Зноў узгадалася студэнтка Святлана, суседка па анкалогіі, — на тумбачцы ў той ляжала забагата кніжак, яна, Валянціна, яшчэ паспачувала: маўляў, дзяўчына наўрад ці паспее ўсё прачытаць — так прама на вачах зжыраў яе хуткацечны рак. Святлана аднойчы распавяла ім, няшчасным кабетам, пра нейкіх людзей, якія быццам бы жывуць — дзіўная рэч, калі прыняць да ўвагі энтрапію! — не толькі не вынішчаючы ў сабе любоў, а пашыраючы яе на ўсё жывое. А калі да іх прыходзіць смерць, яны ўнутрана даюць на гэта згоду, бо смерць, накшталт школьнай вучыцелькі, усяго толькі сцірае з класнай дошкі засвоены матэрыял, ператвараючы яе гладкую паверхню ў імітацыю некранутай роўнядзі вод, над якою насіўся НАПАЧАТКУ Боскі Дух... Так, тыя людзі, нібыта бессмяротныя богі, самі твораць свой Сусвет ад пачатку да канца.

Валянціна тады толькі паўсміхалася пра сябе: хіба існуюць насамрэч людзі, якія любяць усіх і не баяцца смерці? А цяпер задумалася над тым нібыта парадоксам; неадчэпныя думкі вялі яе ўсё далей... Вецер між тым раз’юшана кідаўся на сцены дамоў, ажно трымцелі металёвыя карнізы, а потым узмываў вышэй за дахі, і адтуль, выгінаючы па-змяінаму гнуткі хрыбет, дудзеў у трубу бетоннага калодзежа... У адной з тых кніжак, што грувасціліся на тумбачцы ў Святланы, — яна, Валянціна, узяла яе пагартаць, каб прагнаць страх і боль пасля аперацыі, — была змешчана выява бога ветру старажытных індзейцаў. “Змяя, пакрытая пёрамі птушкі Сонца” — так гучала дзіўнае імя таго божышча, недарэчнай, з яе, Валянціны, пункту глеждання, істоты, бо, не маючы сапраўдных крылаў, змяя, вядома ж, не магла лятаць, а пер’е ўздоўж тулавішча, няхай нават і было яно як у птушкі Сонца, толькі перашкаджала поўзаць па зямлі. Тады Валянціне, зразумела, было не да таго, каб цікавіцца паганскімі прымхамі, а цяпер, слухаючы выццё ветра за акном, яна ўпарта раздумвала над тым, навошта ж той змяі боскае ці анёльскае апярэнне.

І сапраўды — навошта?..

Грукнулі дзверы ў вітальні; Андрэй, худы, у паношанай куртачцы і вязанай шапачцы, няголены, прайшоў у пакой, выклаў на стол непатрэбныя паперкі з круглымі пячаткамі: “Бясплатна па мясцовых рэцэптах у Мінску не даюць...” Адарвалася ад акна: “Я ж казала, сынок, не трэба было і час губляць...” Падышла, абняла свайго хлопчыка. І — адхіснулася: у твар ударыў пах алкаголю. Ён зразумеў, адхіліўся ўбок, неахвотна патлумачыў: “Сябра сустрэў у электрычцы... ён півам пачаставаў... Дарэчы, — працягваў Андрэй, — купіць прэпарат у сталічных аптэках можна... я падлічыў: на месячны курс табе трэба каля дваццаці тысяч...”

Глядзела, як ён есць, нізка нахіляючыся над варывам з нечага, што з вечнай схільнасцю гандлю да эўфемізмаў называецца “супавым наборам”...

Вецер за акном зусім звар’яцеў, круціўся ў нейкай экстатычнай плясцы, нібыта індзейцы пад шаманаў бубен... Міжволі яна падлічыла ўсё, і калі сын устаў з-за стала, абціраючы рот рушніком, ужо ведала “расклад”: пенсія — 106, квартплата — 56, тамаксіфен — 20... На існаванне целу, яшчэ жывому, яшчэ патрабуючаму нейкіх клопатаў аб сабе, застаецца трыццаць тысяч рублёў. Нібыта прачытаўшы ейныя думкі, Андрэй пахмурна кінуў: “У мяне праз тыдзень палучка. Калі не затрымаюць, вядома. Куплю табе тваё лякарства”. Яе слых неяк непрыемна разанула гэта “табе, тваё”, але справа была ў іншым: унучка, празрыста-блакітная скура схуднелага тварыку, вялізныя вочы... Унучка месяц ужо ляжала ў лякарні з запаленнем лёгкіх. “Не уздумай! — рашуча сказала яна. — Грошы патраць на дачку. Купі садавіны, вітамінаў.”“Куплю табе тваё лякарства,” — з п’янай настойлівасцю паўтарыў Андрэй.