Выбрать главу

Пасля ягонага сыходу памыла посуд, прыбрала ў пакоі. Зараз сын наўрад ці ўсведамляе, што сказаў; але заўтра, працверазеўшы, акажацца перад непамысным, нечалавечым выбарам: каго ратаваць — маці або дачку, на каго патраціць апошнія грошы. У ім прачнуцца яшчэ жывыя сумленне, спагада, любоў, якія не ўзнімуць яго на крылах дагары, не прымусяць дзейнічаць — на гэта ён не здольны (ці ж не яна, маці, у тым вінаватая?), а яшчэ ніжэй прыціснуць да зямлі, як, пэўна, пацяжэлыя ад дажджу, запэцканыя брудам сонечныя пёры — тую няўклюду-змяю... І ён не вытрымае, зноў пабяжыць за чаркай, каб забыцца на сам той жахлівы выбар...

Падышла да тэлефона, набрала нумар. Адказала свацця. Пасля стандартных фраз пра здароўе — на месцы левай грудзі між тым калола тупой іголкай — папрасіла паклікаць Андрэя. “Спіць твой Андрэй, — пахмурна адазвалася свацця. — Дрыхне без задніх ног.”“Тады перадайце яму, калі ласка, Антаніна Пятроўна, толькі адразу ж, як прачнецца... мне толькі што тэлефанавалі ад нашага дэпутата, дык вось, ён разабраўся, дапамог... тамаксіфен заўтра паступіць у гарадскія аптэкі, і я зноў буду атрымліваць яго... бясплатна...”

Вярнулася на кухню. У прааперыраванай грудзі зноў адчула нейкую пульсацыю. Што ж, яна купіць тамаксіфен на сваю пенсію, так, купіць. Галоўнае цяпер — выратаваць унучку. А трыццаць тысяч, якія застануцца ад пенсіі — гэта паўбуханкі хлеба і пакет малака на дзень. Нічога, у вайну людзі горш жылі. Вядома, яна не зможа больш дапамагаць сыну, але... Андрэй павінен прызвычаіцца да таго, што хутка застанецца ў гэтым свеце без яе. Так, без яе. Бо колькі яна вытрымае ўбойную моц “хіміі” пры такой “дыеце”? Месяц? Год? Можа, наогул не здолее прымаць тую атруту на галодны, лічы, страўнік, і хутка вырашыць кінуць тое лячэнне-мучэнне? Зрэшты, гэта ўжо няважна...

Яна, Валянціна Валовіч, больш не баіцца смерці.

Зноў успомнілася студэнтка Святлана, яе абсалютны спакой, яе незвычайная цеплыня ў адносінах да хворых і нават да грубых санітарак...

Э-эх! Чалавеку не дадзена крылаў, каб узнесціся над жалезнымі законамі жыцця, над уласнай знямогласцю і хуткай, як ні круціся, смерцю; але пёры птушкі Сонца (ці Каго-Там-Яшчэ?), бач, вытыркаюцца ў таго-сяго з нас. Як жа няўтульна з такім “упрыгожаннем” на астылай, пустой абалонцы Зямлі!.. І не ўратаваліся ж тыя інкі ці майя, не ўратаваліся, калі сышлі на бераг барадатыя іспанцы Картэса! Дык навошта ж Змяі тыя пёры птушкі Сонца? Навошта?!

Алена Брава

Нарадзілася 18 жніўня 1966 года ў горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і службоўцаў. Скончыла з залатым медалём спецыялізаваную школу з ангельскім ухілам, затым факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля нядоўгага перыяду працы ў раённай газеце Барысава з'ехала з мужам і дачкой на Кубу. Пасля вяртання з 1990 года жыве ў Барысаве і працуе намеснікам галоўнага рэдактара ў раённай газеце "Адзiнства".

Літаратурная вядомасць прыйшла да Алены Брава адразу ж пасля першых публікацый яе твораў у "тоўстых" літаратурных часопісах - чытачы і крытыкі звярнулі ўвагу на новае імя ў беларускай літаратуры. Проза Алены Брава адрозніваецца падкрэсленым інтэлектуалізмам, пранікненнем у найглыбейшыя закамаркі чалавечай душы.

Пісаць Алена пачала яшчэ ў школе - зразумела, вершы; да паэзіі вярталася і ў больш спелыя гады, вынікам чаго стаў паэтычны зборнік "На глыбіні каранёў", выдадзены ў 2002 годзе. Пасля таго, як аддала даніну захапленню вершатворчасцю, пераключылася на прозу.

Як празаік Алена публікавалася ва ўсіх вядучых літаратурных часопісах Беларусі, удзельнічала ў калектыўных зборніках "Апавяданне - 2005", "І зоркі над Бярэзінай - ракой". Першая яе кніга "Каменданцкі час для ластавак", якая выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" у 2004 годзе ў серыі "Дэбют", была ганараваная літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес".