Павел Севярынец
КАМЕННАЕ СЭРЦА
Беларуская турэмная літаратура
Каменнае сэрца
ПРАДМОВА
Каменным сэрцам у нас у «Маладым фронце» называлі «амерыканку» — сьледчы ізалятар ва ўнутраным дворыку КДБ. Невялікая, круглая, падзеленая на секцыі вузкіх перадсердзяў і жалудачкаў двухпавярховая турма з падвалам у самым цэнтры Менска. Сьледчыя, наглядчыкі, канваіры — нібы з булыжнікамі ў грудзях.
Але і ты сам, калі застаесься ў турме сам-насам з Богам, адчуваеш, як скамянела на волі сэрца тваё ўласнае. І як яно ажывае тады, калі неба — усяго тольга кавалачак форткі скрозь крыжы кратаў. Робіцца трапяткім і адкрытым да болю, любові і спачуваньня — пад ціскам, пад страхам, з малітвай і прагай свабоды.
За дваццаць з гакам гадоў мне давялося пабываць у двух дзясятках беларускіх месцаў зьняволеньня — камерах райаддзелаў, «стаканах» судоў, ізалятарах, карцарах, бараках і камендатурах «хіміяў». Калі ня хочаш, каб увесь твой народ сядзеў у сваёй краіне, нібы ў вялікай турме, мусіш адбыць столькі і столькі гадоў няволі сам.
І я ўдзячны Богу за ўсе гэтыя выпрабаваньні. Паверце, вернік, які праходзіць засьценкі, робіцца лепшым. Туды страшэнна ня хочаш трапіць зноў — але калі выходзіш, разумееш: гэта было адмысловае Божае дабраславеньне.
Вельмі ўдзячны тым, хто быў побач, хто падтрымліваў і пісаў лісты, хто перадаваў перадачы і скандаваў «Свабоду!» пад мурамі. Найбольш — маім бацькам і родным, братам і сёстрам у Хрысьце і маёй каханай Волечцы.
Ты выходзіш, і цябе сустракае Воля. Дзеля гэтага варта жыць.
Павел Севярынец
КАМЕННАЕ СЭРЦА
ПЕРШАЯ НОЧ У МАСКОЎСКІМ
Ёсьць свой знак у тым, што мая турэмная гісторыя пачалася менавіта ў Маскоўскім РАУСе Менска. Ведае кожны маладафронтавец: рэжым у нас маскоўскі, акупацыя — маскоўская, і ў кожнай зорачцы на пагонах у супрацоўнікаў-супраціўнікаў прасьвечваюць далёкія крывава-рубінавыя вочы Крамля.
Дык вось, 14 сакавіка 1997 года. Першая масавая акцыя на Дзень сьвятога Валянціна, калі тысячы маладзёнаў абыходзілі амбасады, а з вокнаў пад ногі ім кідалі кветкі, натхніла нас на яшчэ адзін марш — «Беларусь у Еўропу — 2!». У інтэрнаце мяне ўжо шукала міліцыя, начаваў у знаёмых. Пасьля колькіх дзён падпольля вынырнуў я, значыць, непадалёк ад прызначанай плошчы Волі, дачакацца акцыі ў людным ГУМе, і недзе па дарозе зь метро з самага насунутага капюшона курткі і вылавіў мяне фэйс-кантроль ціхароў.
Бралі пяшчотна, удвох, пад ручкі, вынесьлі акуратна да белага «жыгулёнка», прыпаркаванага на
прыпынку (так, быў час, міліцыя езьдзіла на «Жыгулях»!), ёмістым рухам клапатліва прыхінулі галаву, і спалохаўся я ўжо на заднім сядзеньні, паміж плячыстых дзядзечак у цывільным.
Машына газуе, і я чую ціхае, як зараз кажуць, пытаньнечка, ад якога кідае ў жар:
— Ну, кого ты там ножом пырнул?
Оперы з крымінальнага вышуку... Якім нажом?!. Каго? Правакацыя!..
— Заткнись, слышь, там разберутся.
А што вы думаеце, першае затрыманьне — і адразу па-даросламу. Страшна.
У дзяжурцы Маскоўскага афармлялі злавесна. Прозьвішча? Севяры-ынец?.. О-о-о, так гэта, значыць, ты... Сэрца апускаецца кудысьці ў кішэчнік. Што з табой, кажаш, будзе?.. О-о-о-о...
Гэта ж трэба, я здагадаўся дрыжачым голасам задаць тое самае пытаньне, пачуць якое — істае задавальненьне для кожнага супрацоўніка любога карнага органа!
Няпэўнасьць лёсу. Чаканьне невядомага. О-оо-о... Вось яно, вастрыё, якім ахвяра паражаецца ў падкорку мозгу. Ня грубы гвалт, не пакараньне, нават ня кроў — а вось гэтае самае «о-о-о-о», гэтая бясконцасьць нулёў, якая ператварае цябе ў нішто і са шматкроп’ем сыходзіць у бясконцую гулкую вечнасьць!..
Камера папярэдняга заключэньня, яна ж капэзэ, яна ж «стакан», яна ж каменны мех — бетонная скрыня метр на паўтара, да трох у вышыню. Аднаму можна стаць, неяк сесьці, а вось прылегчы— ані. Тускная лямпачка, якая сьвеціць праз закратаваную нішу вентыляцыі.
Так гэта ты, значыць...
І перабіраеш чытанае ды чутае: зрабіць зь цябе
забойцу ім раз плюнуць. У Бога я яшчэ ня верыў, у людзей ня верыў ужо — заставалася толькі заміраць ад жаху.
Гірчаць рацыі. Кагосьці заводзяць, выводзяць, афармляюць. Кагосьці, чутно, валяць на падлогу і робяць «ластаўку» — здаровы па голасе мужык пачынае енчыць так, што выварочвае душу.
Празь сьценку ад мяне ў суседняй камеры хтосьці абураецца ды блатуе:
— Э, начальнік! Пассаць выведзі!