Выбрать главу

Сьвятар з Полацка прыязджае ў Алешчу ды Малое Сітна раз на год — пахрысьціць немаўлят. Далучыць, так сказаць, прыплод да паствы. Ня верыцца мне, што гэтак тутэйшыя душы будуць збаўлены. Ня верыцца, што ў Полацкай епархіі няма магчымасьці хаця б раз на месяц, хаця б у прыватнай хаце арганізоўваць хаця >б адно набажэнства на абшары больш як 1 000 км2... Праваслаўны атэізм, інакш не назавеш.

І люд разважае: «Што нам Бог? Жылі неяк бяз Бога і памром сабе. Згніём, а пасьля ж нічога няма». Ці можа чалавек, які рыхтуецца адно згніць ды зьнікнуць, думаць пра лепшую будучыню? Пра краіну, праўду, свабоду?..

Бязьвер’е — найглыбейшы і самы чорны корань зла, што буяе ў Алешчы і Малым Сітне. Невідушчыя вочы, апушчаныя абліччы, жабрацтва, алкагалізм, самагубствы сілкуюцца адсюль. З пустога сэрца.

У тое, што гэтых людзей успоіць хрустальны сасуд рыначнага сацыялізму, што іх накорміць гуманітарка з Амерыкі, што іх выратуе наездамі раз на год бацюшка, у мяне веры няма.

Але ў тое, што Бог дасьць абуджэньне гэтаму краю, калі пераможам у 2006-м, — веру.

СІТНА І САТАНА

У Сітне часам хочацца крыкнуць: «Няўжо тут насамрэч усё так кепска?!» І чым далей, тым часьцей просіцца на язык: «праклятае месца». Насельнікі вёскі ня вераць у Бога. Затое кожны, узьняўшы палец угару, кажа: «Ёсьць жа нейкая вышэйшая сіла!» Тут сьвята вераць у порчу, сурок і чорную магію, тут уважліва чытаюць гараскопы на наступны тыдзень, спрабуючы разабрацца, у якім астрале супрацьстаяць адзін аднаму Ўран ды Юпітэр. Тут перакананыя, што на гары на ўезьдзе ў Сітна, дзе часьцяком б’юцца машыны, чорт жыве. Але сапраўдны тутэйшы бог існуе ў вадкім агрэгатным стане і мае моц 40 градусаў, а то і вышэй.

У навакольлі буяе распуста: да мужыкоў, якія адкрыта, на ўзор мармонаў, жывуць зь дзьвюма, а то й трыма «жонкамі», тут ставяцца гэтак жа цярпіма, нават спачувальна, як і ў Еўропе да гомасексуальных шлюбаў. У ветрынскай сьпецкамендатуры на сьцяне дзяжуркі — тры фотаздымкі. За апошнія некалькі месяцаў у раёне знойдзеныя трупы трох дзяўчат, падазраваных у прастытуцыі на трасах. Нікога гэта не палохае і не выклікае чутак пра маньякаў. Кажуць, звычайная справа, «абдарылі» кагосьці з дальнабойшчыкаў, вось тыя на зваротным шляху і расплаціліся.

Ад старасьці сіценцы звычайна не паміраюць. Вось толькі некалькі нядаўніх выпадкаў.

Падчас сваркі 50-гадовы муж да сьмерці зьбівае жонку; усю ў гузаках, сьсінелую, яе паказваюць фельчару: маўляў, упала з даху.

Пасьля сумеснага з сужыцелькай, загадчыцай леспрамгасаўскай лазьні, расьпіцьця «максімкі» мужык ідзе ў тую самую лазьню і вешаецца на яе дзьвярох.

Хлопец зь дзяўчынай у вёсцы, падвыпіўшы, выязджаюць пакатацца на матацыкле. Ля моста праз Палату абое разьбіваюцца насьмерць.

Пажылая кабета атручваецца «максімкай». Афіцыйная версія: сэрца.

Так, сэрца! Бо менавіта «з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі, і гэта апаганьвае чалавека» (Мацьвея 15:19-20).

Калі мы хочам выгнаць сатану зь Сітна, з Полаччыны, з сэрца Беларусі ды з сэрцаў усіх беларусаў — тым, хто верыць у Бога і любіць сваю краіну, у 2006-м абавязкова трэба перамагаць.

МАГІЛКА З ЧЫРВОНАЙ ПЕНТАГРАМАЙ

Каля алешчынскае канторы на беразе вялікае лужыны, што ўвесь час паглыбляецца лесавозамі, стаіць надмагільны помнік з чырвонай зорачкай. Імя, імя па бацьку, прозьвішча. Дата: 1938-1994.

Я калісьці чуў гісторыю пра лётчыка, які разьбіўся ў навакольлі падчас вучэньняў на палігоне. Але вырашыў спраўдзіць — запытаўся рабочых.

— Лётчык?! — выбухнула рогатам брыгада. — Герой Савецкага Саюза! Як ён тут у штопар увайшоў!..

Калі рогат сьцішыўся, мне патлумачылі. Помнік тут пастаўлены дзеячу, прысланаму сюды ў леспрамгас з Полацка. Якраз па прэзідэнцкіх выбарах, увосень, п’яны, засунуўшы рукі ў кішэні плашча, ён ішоў да канторы, але заваліўся тварам у лужыну ды захлынуўся. Ня здолеўшы дастаць рукі, патануў там, дзе вады на паўбота. А чырвоная зорка — таму што камуніст быў.

Яшчэ адзін помнік з чырвонай зоркай — над брацкай магілай часоў Другое сусьветнае — стаіць у цэнтры Малога Сітна, там, дзе раней была царква. Царкву ў 1941-м разабралі на бліндажы, а магілу выкапалі ўжо ў 1970-я, калі кампанія ўшанаваньня подзьвігу савецкага народа дакацілася да апошніх сельсаветаў. Прыязджаў пошукавы атрад, накапалі ў лесе касьцей («А дзе ўгадаеш, якія чые, столькі часу мінула: мо нашы, мо нямецкія, мо наагул сабачыя», — кажуць у вёсцы). Ссыпалі ў кучу. Карэспандэнт раёнкі, салдаты з салютам, «ніхто не забыты» — усё як належыць. Сабралі паўвёскі далакопаў, тыя рыдлёўкамі лясь ды лясь — ага, царкоўны падмурак. Узарвалі. Хрысьціянства тут выкаранялі грунтоўна, дарэшты, з коранем. Знайшоўся ж нейкі раённы ідэолаг, які распарадзіўся ўтнуць тую чырвоную пентаграму менавіта на месцы храма. Каб сьвятое месца не пуставала. Так і стаіць, глядзіць у вокны закінутага сьвятарскага дома сатанінскі сімвал. Маўляў, перамога за намі.