А ўвогуле бляшаныя чырвоныя зоркі панапрыбіваныя ў Сітне на палове хатаў. Калі напачатку маёй «хіміі» адна мясцовая жыхарка, вычарпаўшы ўсе аргументы ў спрэчцы, выпаліла ў твар: «Нацыяналіст! Ты нават у хаце паліцая жывеш!» — я шчыра зьдзівіўся: «Як гэта? Там жа зорка!» Яна адмахнулася: «Вядома, зорка... Ён жаўчасьнік вайны!»
Колькі іх было — адзначаных зоркамі на пагонах, на хатах, на могілках «учасьнікаў вайны». Вайны зь нядаўнім саюзьнікам, з класавым ворагам, з уласным народам. Вайны з Богам. Дзіва што, ад усёй эпохі камунізму, ад агромністае савецкае імперыі апроч паламаных лёсаў і зьнявечанае зямлі ў Малым Сітне ды Алешчы засталіся толькі вось гэтыя нязгасныя чырвоныя зоркі. Як крамлёўскае таўро. Па-над дзьвярыма. Па-над абеліскамі. Па-над гербам з каласкамі, што на ганку сельсавета.
Глядзіш на гэтыя злыя крывавыя значкі, быццам у вочы д’яблу. Глядзіш і думаеш: цікава, а што ж, акрамя магілкі з чырвонай пентаграмай 1994 года, застанецца ў Малым Сітне ды Алешчы ад эпохі Лукашэнкі, калі 19 сакавіка мы пераможам?
ТРЭСКІ ЛЯТУЦЬ
Выкліканы да начальніка лесапункта пасьля алешчынскіх праймэрыз, ужо на парозе я пачуў кароткі вырак: «У лес!» У Малым Сітне адпраўкай на лесапавал ганаруюць тых, хто праштрафіўся, надэбашырыў ці раззлаваў начальства. «У лес» — праца аўтаматычна падаўжаецца на гадзіну-паўтары, бо да дзялянкі колькідзясят кіламетраў. «У лес» — значыць, заробак ніжэйшы, а ўмовы цяжэйшыя. «У лес» — значыць, зусім бяз сувязі (у Алешчу бацькі яшчэ маглі датэлефанавацца, а тут навокал гушчары, дый да мяне на працу наўрад хто дабярэцца).
Лесапавал — скрозь у радыусе 60 кіламетраў ад Сітна. За месяц-другі тут узьнікае чарговая плеш, усеяная вываратамі ды раструшчаным суччам. Лес высякаюць па-барбарску, зьбіраючы толькі спраўную драўніну, прыдатную на экспарт сырым кругляком. Вялізная маса танкамеру, які ў Еўропе выкарыстоўваюць да апошняга сучка, застаецца гніць у лесе або спальваецца.
Лес валяць па 4-5 чалавек. Пільшчык зь бензапілой падпільвае дрэвы, вальшчык з 4-метровай вілкай піхае, каб падалі, куды трэба, сукаруб зь сякерай парадкуе сучча, а трактарыст чапляе і тралюе пачак у 10-12 ствалоў у гарадок (расчышчаная ў лесе пляцоўка), дзе сківічнік (машына зь вялізнымі клешнямі) грузіць іх на лесавозы.
Працуюць у касках. Галоўная небясьпека — сукі, што завісаюць на дрэвах: парыў ветру можа шпурнуць такую піку з вышыні 20 метраў і забіць напавал. Часам няўдала кладзецца дрэва (асабліва калі валяць у канадскі спосаб, з эфектам даміно) — тады не ўратуе і каска. Трэба пільнавацца і ля тралёвачнага трактара: іншы раз папярочны хлыст у 10-15 метраў, падцягваны ў пачак за трос лябёдкай, упрэцца ў пень і з трэскам, як гіганцкі бізун, выпісвае ў паветры самыя нечаканыя траекторыі.
У працы сукаруба няма нічога складанага. Цярэбіш направа ды налева сучча даўгой сякераю, стараесься цераз ствол, каб ня трапіць выпадкам сабе па назе, беражэш вочы ад пырскаў трэсак, абсякаеш верхавіны. Калі трактар валачэ апрацаваныя хлысты прэч, таўсьцейшыя сукі ды верхавіны ўкладваеш упоперак каляінаў (утвараецца волак — своеасаблівая гаць, каб на балацявінах, дзе застаўся прамысловы лес, трактар не праваліўся), а драбнейшыя зносіш у вогнішчы ды паліш.
На абедзенным перапынку лесарубы ідуць у будку — вагончык на колах, дзе топіцца буржуйка. Нават дзьве брыгады разам у будцы не зьмяшчаюцца — таму абедаюць пазьменна. Першая і другая стравы ў алюмініевых бітонах зь леспрамгасаўскай сталоўкі ранкам загружаюць у вахтоўку — разаграецца на буржуйцы; хлеб з салам, гарбату і да гарбаты трэба браць самім. У Сітна вахтоўка вяртаецца паміж пятай і шостай вечара. Час пасьля вячэры — 3,5-4 гадзіны да адбою — гэта ўсё, што застаецца на адпісваньне лістоў, працу над кнігай, чытаньне, тэленавіны, палітыку, Біблію. Раз-пораз адчуваю сябе маленькай трэскай, што далекавата адляцела з-пад сякеры найлепшага сябра ўсіх беларускіх лесарубаў. Што ж, пры Сталіне тое, чым мы займаемся, калісьці каштавала людзям 25 гадоў бяз права перапіскі, ды на Калыме, а то і расстрэлу ў Курапатах. А цяпер... Бог дасьць — прарвёмся.
Але каб лесапавалы Беларусі за бліжэйшыя пяць гадоў не ператварыліся ў ГУЛАГ або каб перад наступнай прэзідэнцкай кампаніяй дысідэнтаў не павысылалі ў далёкія ўладаньні нашчадка беларускіх магнатаў Абрамовіча пісаць чарговы таежны раман Беларусі з Расеяй — 19 сакавіка мы мусім абавязкова перамагаць.