— Жыве Беларусь!!!
І калі ўбачыш, як неба па-над шматтысячнай грамадою раптам запальваецца вогненным бел-чырвона-белым — ведай: гэты момант увойдзе ў гісторыю Беларусі як цуд 19 сакавіка.
ВЫБАРЧЫ КОДЭКС МАЛОГА СІТНА
«...Галасуйце за Аляксандра... — твар 70-гадовай бабулькі расьцьвітае, — Мілінкевіча!» Спалоханая старая жахаецца. Як?! Прэзідэнт Аляксандр — не-Лукашэнка?..
«Ці дасьць Мілінкевіч разгарнуцца фермерам?» — зморана, але з надзеяй пытае кабета гадоў 40, якой ля Сітна вылучылі 20 га пяску і цяпер абдзіраюць бы ліпку.
«Толькі за Лукашэнку!» — ледзь адчыніўшы дзьверы, заяўляе немаладая жанчына з палаючымі чорнымі вачыма. З-за яе сьпіны высоўваецца мужык: «Давай сюды, мы будзем за Мілінкевіча». — «За Лукашэнку...» — не здаецца кабета. «Муж сказаў за Мілінкевіча — значыць, за Мілінкевіча!» — нават хлопаньне дзьвярэй не заглушае раптоўнай сямейнай сваркі.
«Дык што, цяпер усе галасуем за яго? — прастадушна пытае бабуля веку Кастрычніцкае рэвалюцыі. — А ці зьменіцца яно да лепшага?» — «Зьменіцца, абавязкова зьменіцца!» — «Ой, мы ўжо не дажывём», — сумняваецца бабулька. «Дай вам Божа здароўя — дажывём!» — «Дай Божа.» — зь нечаканай цеплынёй прыгортвае бабулька да грудзей «Мілінкевіча» і ўсьміхаецца амаль дзіцячай усьмешкай.
«За Мілінкевіча? Паша, бутэлька — і хоць за чорта лысага!» Не, мы ня ўдзельнічаем у спойваньні беларускага народа.
Кампанія «ад дзьвярэй да дзьвярэй» метадычна, хата за хатай, прасоўваецца па Малым Сітне. Сабакі шалеюць, брэшуць, ірвуцца на ланцугах і ашчэрваюцца так шчыра, быццам іх нацкоўвалі адмыслова на нацыяналістаў.
«Колькі табе за гэта даюць?» — ківае на агітацыю магутны лясьнік, выразным жэстам паціраючы пальцы ў шчэпці. «Два гады “хіміі”, — адказваю, — а нашым маладафронтаўцам зараз даюць яшчэ больш».
У чацьвер, 16 сакавіка, увечары ў інтэрнат зьяўляюцца ўчастковы і тры міліцыянты з раёна (зусім ня простыя — кіраўнік полацкага крымінальнага вышуку, начальнік ДАІ і нейкі чын у цывільным, які камандуе парадам). «У Сітне ўчынена злачынства. Правяраем увесь кантынгент. Севярынец і Яхімовіч [мой сусед], едзем у сельсавет разьбірацца». Іншыя тры «хімікі» гасьцей чамусьці не цікавяць. Майго суседа пакідаюць у машыне, мяне заводзяць на прахадную леспрамгаса, дзе прысутнічае адно незнаёмы мне мужык «пад градусам». Міліцыянты час ад часу водзяць мужыка за дзьверы, пэўна на інструктаж, і ўрэшце той заходзіць ды заяўляе мне: «Прапала бензапіла. Прызнавайся, а то будзе горш!..» Ясна, правакацыя. «У аддзел!» — коратка распараджаецца незнаёмец у цывільным, і мяне цягнуць у машыну.
У Полацкім райаддзеле складаецца пратакол па «хуліганцы»: «Размахваў рукамі, нецэнзурна лаяўся, спрабаваў учыніць бойку». Адмаўляюся што-небудзь падпісваць. Вязуць у гарадскі ізалятар. І міліцыянтыахоўнікі, і люд, што сядзіць на «сутках», абмяркоўваюць «выбары», згаджаюцца, што налічаць, як мае быць, кажуць: сістэму абавязкова трэба мяняць.
Назаўтра ў судзе мужык, які нібыта згубіў пілу, блытаецца ў паказаньнях: «Ён нешта казаў па-беларуску... Можа, лаяўся так... матам». — «У беларускай мове мату няма», — адказваю. Судзьдзя (між іншым, з Вушаччыны) нечакана згаджаецца, і — першы выпадак за 10 гадоў! — мяне вызваляе. Але за дзьвярыма ўжо стаіць начальнік сьпецкамендатуры з брыгадай. Вязуць у Ветрына, дзе дзьве гадзіны чакаюць указаньняў «з вышыні». Нарэшце адбіраюць у мяне пасьведчаньне даверанай асобы Мілінкевіча, забараняюць назіраць на выбарах і пад канвоем двух супрацоўнікаў вязуць у Сітна. Селяць у пакой зь міліцыянтамі: цяпер любы выхад на вуліцу — толькі ўтрох. Даведваюся — пакуль я быў у Полацку, з пакоя зьніклі ўсе грошы.
У леспрамгасе пярэпалах. Убачыўшы настрой галасаваць за Мілінкевіча, начальства распускае чуткі: маўляў, Севярынец падкупае людзей, частуе іх «максімкай» і цукеркамі. Люд абурана абвяргае «дэзу» перад міліцыянтамі.
А 8-й раніцы 19 сакавіка ў інтэрнат прыбывае «падмацаваньне»: абласны кіраўнік камітэта выкананьня пакараньняў са сьвітай і начальнік камендатуры. Шасьцёра чыноў вартуюць аднаго «хіміка»! Галасаваньне — пад канвоем. Кіраўнік камісіі адмаўляецца даць інфармацыю пра датэрміновае галасаваньне (хаця мне ўжо паведамілі — каля 40%).
Пасьля таго, як у Менску дзясяткі тысячаў людзей выходзяць на плошчу, «варта» атрымлівае тэлефонны загад: сядзець у Сітне і ў панядзелак, і ў аўторак, і ў сераду...
Заявам сіценскай камісіі пра тое, што за Мілінкевіча ў вёсцы прагаласавала ўсяго 22 чалавекі, людзі ня вераць: «А чаго тады Пашу назіраць не пусьцілі?!» — «Менск бушуе!» — задаволена кажуць вяскоўцы і паказваюць, каб міліцыянты ня бачылі: трымайся!