Выбрать главу

Магчыма, сакавіку-2006 не хапіла духу, руху, зуху, каб перамяніць Беларусь адным рыўком. Але пераможны прарыў — празь ператрусы і арышты, праз крывыя люстэркі тэлеэкранаў, праз здушаныя страхам душы — ужо зроблены. Дзясяткі сіценцаў, што галасавалі за Мілінкевіча, заўважалі вусьціш мясцовага начальства і жах сталічнага афіцыёзу, назіралі за камічным міліцэйскім канваяваньнем да прыбіральні небясьпечнага «хіміка» і бачылі бел-чырвона-белыя ўспышкі на паўсьвету, ужо прачулі сваю еднасьць зь дзясяткамі тысячаў менчукоў. Адчулі сябе нацыяй!

Сьвітанак, які мужная моладзь на Кастрычніцкай плошчы штодня сустракала сьпевам «Магутны Божа», зрабіўся сігналам для ўсёй краіны. Званком будзільніка. Пара ўставаць! Ад самага пачатку дарог у Беларусі рушыла нацыянальнае абуджэньне.

А ЦЯПЕР — САЛІДАРНАСЬЦЬ

Алешча страйкуе. Старшыня мясцовай выбарчай камісіі, няйнакш за выкананьне плану волевыяўленьня акурат пасьля выбараў прызначаны начальнікам лесапункта, павялічыў працоўны дзень на гадзіну: маўляў, затое зробім выходны ў суботу. Люд спраўна працаваў тыдзень з 8-й да 17-й у першую зьмену і ад 17-й да 2-й начы ў другую... а напярэдадні ўікэнду новы начальнік выдаў загад: «У сувязі з вытворчай неабходнасьцю аб’явіць суботу працоўным днём». Здавалася б, фінт немудрагелісты, накшталт гульні ў напарсткі са скрынямі для галасаваньня — але ж гэтым разам народ абурыўся.

Раней, за былым начальнікам, падобныя штукі праходзілі ці не штотыдня. Людзей выганялі працаваць і па нядзелях, і на вялікія сьвяты. Загад на такі выпадак выдаваўся безь пячаткі і часьцяком нават бяз подпісу — бо паводле працоўнага заканадаўства гэткія фокусы могуць і пасады каштаваць. Цішкам лаяліся, але выходзілі. А вось цяпер рабочыя пабачылі «свабодныя і справядлівыя выбары», паглядзелі, што пасьля кампаніі ўлада проста перастала саромецца, — і вырашылі: досыць.

Спадзеючыся, што рабочыя спалохаюцца пісьмовай адказнасьці, у канторы разьлінавалі аркушы паперы з загадам, напісалі ўсе прозьвішчы рабочых і два варыянты: «згодны» і «ня згодны». У другой графе расьпісаліся ўсе: штрэйкбрэйхера не знайшлося ніводнага. Начальства тэрмінова прыехала ў Алешчу ды заявіла: «Не дамо плану ў гэтым месяцы— леспрамгас зачыняць». — «Штогод зачыняеце, — адрэагавалі рабочыя, — хлусьня». Тады ім паабяцалі аплату ў двайным памеры ды прыгразілі, што завадатараў скароцяць. Марна: у суботу на працу людзі ня выйшлі. За восем месяцаў у Сітне мне даводзілася бачыць небагата рэчаў, якія тутэйшыя рабілі разам (і гэта пры тым, што ў вёсцы ўсе адзін аднаму сваякі ці суседзі). Разам прапівалі заробак, пачынаючы з крамнага «віна» і завяршаючы павальным ужываньнем «максімкі». Аднадушна, але ціхма, на перакурах, клялі начальства, міліцыю, сельсавет ды ўладу ўвогуле. І дружна, апусьціўшы долу вочы, брылі па загадзе працаваць у выходныя. А зараз, нечакана нават для саміх сябе, азіраючы паплечнікаў са зьдзіўленьнем ды неспадзяванай радасьцю, адкрыта зьядналіся супраць уладнага ўціску. Хай сабе, як той казаў, і зь непалітычнае прычыны — але ж з падобнага працоўнага адзінства калісьці пачалася і «Салідарнасьць». Такое ўражаньне, што падзеі сакавіка-2006 у Беларусі скаланулі нейкія глыбінныя пласты масавае сьвядомасьці. У гэтую вясну Беларусь на поўныя грудзі ўдыхае дух салідарнасьці.

Сотні людзей, не знаёмых паміж сабой і не прыналежных да палітычных партыяў, зьбіраліся ўначы ля ізалятараў ды прыёмнікаў, каб сустрэць вязьняў. Перадавалі прадукты і цёплыя рэчы, развозілі герояў Плошчы па хатах, дзякавалі і абяцалі адно аднаму — наступным разам быць разам. Тысячы наведнікаў інтэрнэту, дагэтуль занятых гульнямі ды тусоўкамі на чатах, некалькі тыдняў ставілі на вушы сталічную міліцыю нечаканымі і вынаходлівымі перформансамі.

Дзясяткі тысячаў каталікоў, пратэстантаў, уніятаў ды праваслаўных упершыню супольна пасьцілі і маліліся да Адзінага Бога за свабоду, праўду і справядлівасьць у Беларусі. Менавіта акцыі салідарнасьці зрабіліся гітом Вясны-2006.