Выбрать главу

Нарэшце, і мяне — па дарозе з саўковае РБ да сапраўднае Беларусі спыняеш у простае вёсачцы, якая не перастае зьдзіўляць глыбінёю гісторыі і насычанасьцю сэнсам.

Што было ў Сітне часоў Аледскага? Памежны замак, дзе Стэфан кіраваў невялікай залогаю; мытня на шляху з Пскова да Полацка, на месцы якой дзятва дагэтуль капае старажытныя манеты; карчма, ля якой любы падарожны можа сёньня падабраць ашкелкі даўняе керамікі і дзе, як і зараз ля крамы, ашываліся тагачасныя бражнікі; Расея, зь якой сюды цягнулася галеча і наязджалі разбойнікі... Усё амаль як цяпер.

Што вартаваў Стэфан Аледскі на мяжы з Расеяй, калі Масква ўжо напоўніцу гаспадарыла і ў Полацку, і ў Вільні, і ў Варшаве? Што сказаў бы, калі б даведаўся, што выхаванцы ягонае альма-матар тыднямі ваююць з урадам, каб іхнія працоўныя месцы не дасталіся ўсякім палякам, што паляк Ян Павел ІІ ад імя ўсяго Каталіцкага Касьцёла пакаяўся перад іншаверцамі за колішнія рэпрэсіі, а беларускія пратэстанты, якіх ізноў залічваюць да «нетрадыцыйнага для Беларусі веравызнаньня», стаяць поплеч з ксяндзамі ў намётавым гарадку супраць тыраніі?..

Які шлях прайшоў Стэфан Аледскі? З бліскучай адукацыяй, у пажыцьцёвым выгнаньні, у глушэчы, сярод безнадзёгі, на тле грамадскага ўпадку, гаспадарчага бязладзьдзя і палітычнай нецярпімасьці — пераклаў кнігу ў духу гэткіх жа гнаных хрысьціянаў па ўсёй Рэчы Паспалітай. Ня выракся веры, не апусьціў рукі, ня сьпіўся — і вось, праз два з паловай стагодзьдзі зноў завітвае да тысячаў суайчыньнікаў, каб падбадзёрыць іх: «Вышэй галаву, бывала й горш!»

Часам нам здаецца, што мясьціны шэрыя, часы змрочныя, людзі нудныя, а жыцьцё марнае — але менавіта сум сьвету, тлум чалавечы і доўгае чаканьне ёсьць абавязковай платай пілігрыма за спатканьне са сьвятасьцю.

Спачатку ў кожнага пілігрыма свой шлях. Кожны пакідае ўласную хату са сваімі думкамі, уласным грахом, пакаяньнем ды пакліканьнем. Кожны ўяўляе падарожжа па-свойму, размаўляе з Богам асабіста і адольвае цяжкасьці самотна. Але па меры набліжэньня да мэты сустракае тых, хто ідзе туды ж, куды і ён, — і асобны шлях уліваецца ў супольную пілігрымку. Чароды падарожнікаў злучаюцца: на дарозе ўжо хроснае рушаньне пад агульнымі сьцягамі і харугвамі, з дружнымі гімнамі і шматысячным рокатам малітвы... І калі дзясяткі, сотні тысячаў вернікаў, паплечнікаў, вандроўнікаў зьбіраюцца разам ля самое сьвятыні — кожны бачыць на свае вочы, што ягоны няблізкі і цяжкі, але ўпарты асабісты шлях у рэшце рэшт вёў да ўсеагульнага нацыянальнага абуджэньня.

БЫЦЬЦЁ 26:21

«У Сітне манашкі пасяліліся!» — «Якія яшчэ, к чорту, манашкі?!» — «Адна пажылая, другая маладзейшая; каля рэчкі кватаруюць — прапаведуюць, кніжкі раздаюць, па хатах ходзяць». — «Секта! Гнаць іх адсюль — дзяцей ачмураюць... Егавісты ці як іх там». — «Пераксьціся — у іх усё пра Хрыста!»

Чуткі ў вёсцы распаўсюджваюцца з маланкавай хуткасьцю і абавязковым эфектам сапсаванага тэлефона: евангелісткі, што прыехалі сюды зь Менска зь місіяй, на ўезьдзе, каля Палаты, усё яшчэ манашкі, у цэнтры, ля гаража, — ужо сектанткі, а падалей, на хутарах, увогуле сатаністкі.

«Абяцалі за мяне маліцца», — сьмяецца на ўсе зубы работнік Алег. Ані ў тое, што будуць маліцца, ані ў саму малітву ён проста ня верыць. «А мяне пажылая па галаве пагладзіла, я аж узбудзіўся», — у лысага Сашы-«хіміка» думкі толькі «пра гэта». «Думаеце, з самога Менска яны пра Бога расказваць сюды прыехалі?..» — яхідна шчэрыцца Алена, кабета з тае ж вуліцы.

Самі верніцы адной зь менскіх евангельскіх грамадаў тлумачаць: «Пачулі, што ў Беларусі ёсьць такая вёска — Сітна. А Біблія піша пра калодзеж жывое вады, выкапаны ў Палесьціне патрыярхам Ісакам і названы Сітна. У Сьвятым Пісьме выпадковасьцяў не бывае — прыехалі паглядзець».

Глядзім.

«І капалі рабы Ісакавы ў даліне і знайшлі там калодзеж вады жывой» (Быцьцё 26:19).

У Бібліі, дзе ўвогуле вада сімвалізуе Слова Божае, такі калодзеж сьведчыў Божаму народу пра Зямлю Абяцаную. Невыпадкова няверуючыя філістымляне (цяперашнія палесьцінцы), як паведамляе Кніга Быцьця, зацята спрачаліся за гэтую студню, што Ісак назваў Эсэкам, з габрэямі. Сёньня ўвесь сьвет назірае за несканчонай барацьбой, пачатай яшчэ тады, 4 тысячы гадоў таму.

«Выкапалі другі калодзеж; спрачаліся таксама і за яго; і ён даў яму імя: Сітна» (Быцьцё 26:21).

Місіянерак, якія за тыдзень абышлі ўсю вёску ад дзьвярэй да дзьвярэй, быцьцё сучаснага Сітна ўразіла да глыбіні душы: «Людзі жывуць страшэнна і вельмі незадаволеныя. Але — ня вераць у Бога, ня вераць увогуле, што дабро пераможа зло, ня ведаюць нават, навошта яны жывуць, — і ад безнадзейнасьці сьпіваюцца. Які там калодзеж...»