Выбрать главу

Слухаю місіянерак і згаджаюся: калі б наша перамога залежала толькі ад пратэставых настрояў, прагі дабрабыту і банкруцтва ўлады, Малое Сітна ўжо даўно б абвесьціла на тэрыторыі сельсавета БНР. Але ані ленінская фармулёўка «рэвалюцыйнай сітуацыі», ані марксісцкае «быцьцё вызначае сьвядомасьць» тут не дадуць рады. Бо якраз асавечаная, сьпітая, пазбаўленая і беларускасьці, і Боскасьці сьвядомасьць скразіць у кожным дзіравым плоце, кожным пустым позірку, у кожным каліўцы сіценскага быцьця.

Праўда — студні ў Сітне ня гожыя. Неглыбокія, часьцяком нячышчаныя, на вёдрах застаецца брудны налёт... Запушчаныя, словам. Каб дабрацца да чыстае вады, трэба капаць глыбей.

Дзе ж здабыць крышталёвую, крынічную сьвядомасьць, якая можа вызначыць годнае, беларускае, хрысьціянскае быцьцё? Калодзеж якой глыбіні трэба выкапаць тут, у Сітне, каб дастаць да жывое вады, што тысячу гадоў таму вымкнула ў Палату і ўспаіла першую сталіцу беларускай дзяржаўнасьці?

Пэўна, трэба капаць сама менш да часоў шляхціца Завальні, калі адмова ад Бога і Радзімы пачала нараджаць у сьвядомасьці вяскоўцаў Полаччыны фантастычную нечысьць. Яшчэ глыбей, да мяжы Еўропы і імперыі, якую тут два стагодзьдзі вартавала сіценская фартэца. Да папялішча самое фартэцы, заснаванай Іванам Жахлівым і спаленай Сьцяпанам Батурам. Трэба ўнурыцца ўглыб да самых сьцежак першага хрысьціянскага прапаведніка Беларусі, Торвальда Вандроўніка, які абвяшчаў Хрыста ў ваколіцах Полацка і якога тутэйшыя паганцы зь берагоў Палаты тысячагодзьдзе таму сустракалі гэтак жа, як сёньня сіценцы евангелістаў.

І на самым дне, калі ўжо ня стане змогі, калі сонечнае сьвятло ўгары падасца поўняй сярод цёмнае начы, а пад рыдлёўкай нарэшце забруіць крынічка, мы зразумеем: свая студня жывое вады — глыбокая гісторыя, лёсы невядомых сьвятых і скарбы Слова Божага — стоеныя ў кожнай вёсачцы беларускай глыбінкі.

І калі зямля адкапаных нанова студняў, зь якіх чэрпаюць штодня, напоўніцца адлюстраваньнямі неба, — мы здолеем наталіць нашу самую пякучую смагу: смагу нацыянальнага абуджэньня.

МАКСІМ, «МАКСІМКА» І ВІКТОРЫЯ

Новаму майстру, «маладому сьпецыялісту», хлопцу са Стаўпеччыны, прысланаму ў леспрамгас паводле разьмеркаваньня зь Менскага тэхналагічнага ўніверсітэта яшчэ ўвосень мінулага года, Сітна нанесла ўдар з ходу — і пад дых. «Як цябе клічуць?» — працягваючы руку, абыякава запытаў брыгадзір. «Максім», — адказаў хлопец, нічога не падазраючы. «Як-як?» — брыгада стаіла дыханьне. «Ну, Макс... Максімка...»

Мужыкі выбухнулі рогатам, жанчыны захіхікалі. Назаўтра начальнік, адмыслова прыехаўшы на працу, распарадзіўся: новага майстра называць толькі па-бацьку — Міхалыч.

Сьпярша мне ніяк не ўдавалася ўцяміць, чаму леспрамгасаўскае начальства гэтак упарта дамагаецца, каб з «Полацклесу» прысылалі тых «маладых сьпецыялістаў». Можа, каб умацаваць і мадэрнізаваць вытворчасьць? Але сам лад вядзеньня гаспадаркі пераконваў у адваротным. Можа, спрацоўвала, так сказаць, адвечнае чалавечае імкненьне перадаваць свой досьвед новаму пакаленьню?.. Але выпускнікоў толкам нават не стажыравалі. Можа, спадзяваліся, што хтосьці з маладых, поўных сілаў і жаданьня, пацягне гэтую дабітую вытворчасьць на сабе?.. Але ніякай прасторы для дзеяньняў, а тым больш ініцыятывы новенькім тут ніколі не давалі. Звычайна іх адразу ставілі на адказны ўчастак і пачыналі лупіць тры скуры за ўсё, што маладыя ведалі і ня ведалі.

Максіма... выбачаюся, Міхалыча мы бачылі штодня ва ўсё больш змрочным настроі. Яго зрабілі «скрайнім» па адпраўцы вагонаў зь лесам, цяпер усе шышкі за няякасную расьпілоўку ды сартаваньне дрэва, хібы пагрузкі і затрымкі паставак, натуральна, валіліся на яго. Некалькі разоў полацкія нарыхтоўшчыкі, спажыўцы і экспарцёры пагражалі яму судом, па ўсіх здарэньнях на вытворчасьці і ў самой вёсцы яму даводзілася тлумачыцца з участковым; неспадзяваны штраф за пажарную бясьпеку давялося таксама кампенсаваць з уласнага заробку. Урэшце 24-гадовы дыпламаваны сьпецыяліст з вышэйшай адукацыяй на чарговую прапанову мяцовых выпівохаў далучыцца да супольнага расьпіцьця славутае «максімкі» махнуў рукой: «А, налівай!»

Кілбасіла Міхалыча пасьля гэтага тры дні. Як ён сам прызнаваўся, балела ўсё: ані есьці, ані піць ня мог; увесь час ванітавала. «Нічога, гэта зь непрывычкі, — падбадзёрвалі майстра падначаленыя, паляпваючы па плячы. — Тут уцягнуцца трэба». Міхалыч толькі моўчкі хітаў галавой.