Выбрать главу

І ўсё ж праца — руплівая, дбайная, засяроджаная — выдае ў Алене чалавека зь беларускім сэрцам. Алена гадуе дваіх дзяцей, урабляе гарод, глядзіць жывёлу, адпрацоўвае зьмену ў Алешчы, займаецца грыбамі-ягадамі, а ў дадатак штовесну разьбівае клумбы ля хаты і канторы. Дарэчы, і размаўляе Алена на класічнай трасянцы, хіба што з тутэйшым мяккім «р»: «ряка», «бряўно», «рябёнак».

Мая «хімія» толькі пачыналася, украінскія «памаранчавыя» былі на хвалі папулярнасьці, і Алена фарсіла па вёсцы: «Вось зьбяруся, паеду да Юшчанкі, я ж украінка!» Пасьля хвалі тэлевізійнае прапаганды і скандалаў у Кіеве аранжавы настрой быў хуценька дэзавуяваны: «Ну хахлы й раздрай навялі! Ды мне ўсё роўна — я ж расіянка, у мяне Пуцін прэзідэнт». А калі чарговы раз грымнула на Каўказе, пачала пляваць церазь левае плячо: «Цьфу-цьфу, каб малых туды не паадпраўлялі. Дзякуй Богу, што мы беларусы».

Найвялікшая мара Алены — зьезьдзіць да радні на Далёкі Ўсход. Але ж і далёка той Усход — што машынаю, што цягніком тыдні два, а яшчэ зь дзецьмі... А тут па тэлевізары ўсё гамоняць пра расейска-беларускае братэрства... «Паша, ты ўсе гэтыя вярхі ведаеш — да каго нам зьвярнуцца, каб дапамаглі?»

Ага, мяркую, праверым-ка на вашывасьць гаспадзіна Барадзіна. Знайшоў ёй адрас сакратарыята Саюза Беларусі і Расеі ў Менску. Тыдзень Алена дзяўбла ўсе службы і прыёмныя галоўнага ўпраўленьня славянскага адзінства, дзе яе вадзілі за нос ды адфутбольвалі, ды ўрэшце вылаялася: «Гары ён гарам, той саюз!»

Растройваецца ці раздвойваецца ў Малым Сітне не адна Алена. Кранаўшчык Іван Ярыца са знаўствам распавядае, што ў яго імя расейскае, а прозьвішча — польскае; «польскім» паходжаньнем ганарыцца Вікторыя зь дзявочым (і цалкам ліцьвінскім) прозьвішчам Закрэўская; рабочыя Юры ды Мікалай, самі Невельскія, называюцца расейцамі, але ж жыць ды працаваць у Расеі ня хочуць.

Столькі аказваецца тых, хто сьвядома ці падсьвядома ўнікае сваёй беларускасьці, што ўпару гукаць: а хто там ідзе, хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе?

Тутэйшы люд гатовы называць сябе беларусамі толькі калі гэта нешта дае — а такіх нагодаў што ў Малым Сітне, што ў Полацку, што па БТ для іх вобмаль. Мае расповеды пра ВКЛ ад мора да мора, адну зь першых у сьвеце друкаваных Бібліяў і 10 нобелеўскіх лаўрэатаў, якія паходзяць зь Беларусі, вяскоўцы слухаюць як легенды Старажытнай Грэцыі. Маўляў, калі гэта праўда, дык чаму ў школе ня вучаць? У газетах ня пішуць? Па тэлевізіі не паказваюць?

Вядома, нельга вінаваціць людзей, калі 12 гадоў ім пудраць мазгі пра славянскую еднасьць ды другасную тутэйшасьць, калі іхнай радзімай называюць то Русь, то эсэсэсэр, то эрбэ, а на адкрыцьці Нацыянальнай бібліятэкі аказваецца, што нам не стае драпежнага нішчыцеля беларускасьці Сталіна... Факт, што рэжым са сваёй ідэалогіяй «інтэрнацыянальнай беларускай нацыі» культывуе ў масавай сьвядомасьці шызафрэнію.

Уратаваць беларускі народ ад такіх расстройстваў, надаць яму пэўнасьці і радасьці адчуваньня самога сябе — унікальнага, непаўторнага, цудоўнага! — каб беларусы дарэмна ня сьнілі сябе «расейцамі», «палякамі», «летувісамі», «украінцамі», можа толькі нацыянальнае абуджэньне.

ДЗЕЦІ МАЛОГА СІТНА

Аднойчы ў алешчынскую сталоўку, дзе абедалі рабочыя, басанож зайшло мурзатае, ускудлачанае дзіцё гадоў пяці ў бясформеннай вопратцы. Падаючы сталоўшчыцы заціснутыя ў кулачку сто беларускіх рублёў (ледзь дацягнулася да акенца), тоненькім галаском, які выдаў у ёй дзяўчынку, папрасіла:

— Мама сказала, што вы мяне пакорміце...

Сталоўшчыца спачатку разгубілася: «Што ж я табе, дзетачка, на сто рублёў дам?..» Рабочыя загулі: «Ты ўжо нам недалівай, але ёй пакладзі поўную міску!»

Сьлёзы навярнуліся на вочы пазьней — калі дзяўчо, ледзь уладкаваўшыся за вольным столікам, пачало нават ня сёрбаць — прагна хлябтаць той гарачэнны суп, на які дзьмухалі і здаровыя мужыкі.

Недагледжаныя, галодныя дзеці зь сем’яў алкаголікаў — не навіна ані ў Сітне, ані ў Віцебску, ані ў сталічным Менску. Але тут мяне ўразіла напавал тое, адкуль гэтых дзяцей так шмат. Бацькі, імкнучыся атрымаць сацыялку, наўмысна плодзяць па трое-чацьвёра дзіцянят, маюць тыя ж славутыя 250 даляраў дый прапіваюць. Натуральна, дзеці з тых грошай ня бачаць ані цацкі, ані цукерчыны. А тым часам бацькі з забясьпечаных сем’яў скардзяцца, што ад гэтых «алкашовых выпладкаў» у школе вечна бруд і вошы.

Усіх хітраспляценьняў сіценскае сямейнасьці ня здолее апісаць ніякая генеалогія. Калі мне, удакладняючы сьпісы выбаршчыкаў, давялося высьвятляць ва ўчастковае камісіі прычыну адсутнасьці ў тых сьпісах некалькіх рабочых леспрамгаса і іхніх сваякоў, працэдуру штохвіліны суправаджалі выбухі рогату. «Такі й такі — муж гэткай? Га-га-га! Ды ў яе такіх мужоў па ўсім Сітне... А той — сын гэтага? Гы-гыгы, ведаем мы, хто ягоны бацька!.. Гэты — сужыцель, тая — сужыцелька, у яе сваё прозьвішча, той увогуле байструк...» Афіцыйна зарэгістраваных мужоў і жонак на кожнай вуліцы Сітна можна пералічыць па пальцах. Вядома, ідзецца пра тых, хто «расьпісаўся» ў мясцовым клубе, які выконвае функцыю загса; пра належнае вянчаньне і царкоўны шлюб няма і гаворкі.