Выбрать главу

Кожны візіт, кожны госьць, хто і адкуль, у мяне ў асобным сшытку запісаны. Больш за 260 чалавек. Лічу, колькі праехаў каторы зь іх — сюды і дахаты, — падсумоўваю і атрымліваю неверагодную лічбу 120 000 кіламетраў.

Тры зямныя экватары! Беларускай салідарнасьцю ў адным асобна ўзятым выпадку і толькі за год, аказваецца, можна тройчы абгарнуць зямны шар!

Нават з найбліжэйшага Полацка дасюль далекавата — 50 км. Але менавіта полацкая салідарнасьць усе гэтыя месяцы давала мне і хлеб надзённы, і духовую ежу. Міждэнамінацыйная дэлегацыя полацкіх хрысьціянаў (праваслаўны, каталік ды ўніят з уніяткаю) завезла сюды бульбы і гародніны, а ў дадатак і ката Партызана. Сябры незалежнага прафсаюза «Шкловалакна» ці не штомесяца прыязджалі з пакункамі харчу ды вопраткі, арганізатары агратурызму зь Мёраў — зь вясковымі прысмакамі. Лідары мясцовай апазіцыі Аляксей Трубкін ды Васіль Главацкіх забясьпечвалі газетамі. Каталіцкая пісьменьніца Ірына Жарнасек прывозіла посную ежу ды вітаміны. Грэка-каталікі перадавалі рэлігійную літаратуру. Самым жа частым госьцем быў пісьменьнік Вінцэсь Мудроў зь нязьменным «свабодаўскім» дыктафонам.

Віцебская салідарнасьць, у сваю чаргу, дамагалася для мяне адпачынкаў і арганізоўвала транспарт. Немагчыма апісаць, колькі разоў бацькі падымалі на вушы ветрынскую, полацкую і віцебскую міліцыю пасьля кожнага парушэньня ці абмежаваньня маіх правоў. Падчас аднаго з такіх вэрхалаў уражаны опер са сьпецкамендатуры прызнаўся: «Самая моцная партыя, Павел Канстанцінавіч, — партыя бацькоў». Сябра сям’і Вадзім Баршчэўскі, Хрыстафор Жэляпаў, лідар абласнога Фронту Кастусь Смолікаў штораз садзіліся ў машыны ды ехалі да Сітна. Валер Шчукін (пасьля якога любога барадатага наведніка сустракаюць захопленыя воклічы сіценцаў: «О! Аляксеіч!»), Яраслаў Берніковіч з Глыбокага, каталіцкія, уніяцкія, пратэстанцкія сьвятары з Полацкага ды Лепельскага раёнаў зрабіліся ў Малым Сітне ўжо сваімі.

Больш за ўсё наведнікаў было зь Менска. Сталічная салідарнасьць арганізавала ў глухой лясной вёсцы агмень цывілізацыі. Рэдакцыя «Нашай Нівы» прывезла сюды побытавую тэхніку ды аптэку лекаў; генерал Фралоў — тэлевізар, маладафронтаўцы — радыёпрымач; дэлегацыя Беларускага ПЭН-цэнтра на чале з Уладзімерам Някляевым, Лявонам Баршчэўскім, Уладзімерам Коласам ды Ўладзімерам Арловым — цэлую бібліятэку мастацкай літаратуры; ініцыятыўная група БХД — кубаметр кансерваў (састаўлены ў масіўную вежу проста на падлозе, ён яшчэ доўга выклікаў у сіценцаў сьвятарнае трапятаньне: «А што, Амерыка ўсіх, хто ў вашай партыі, так забясьпечвае?!»). Падзеі Плошчы, быццам на тэлеэкране, мне паказвалі запісаныя фільмам на ноўтбуку... Вячаслава Сіўчыка, які сябры з «Бацькаўшчыны» прывезьлі разам са сьвяточным сталом (!). Доўга сьмяяліся з прапановы занесьці такі сэрвіс у рэестр паслугаў МУС. Сіценцы і алешчынцы хаваліся ад камеры Юр’я Хашчавацкага, унікалі аб’ектыва фотаапарата Пётры Васілеўскага, скардзіліся на начальства ў мікрафоны Генадзя Барбарыча, Тацяны Мельнічук ды Аляксандра Старыкевіча; узгадвалі, што кніжкі Арлова стаяць у іхняй бібліятэцы, і ня верылі, што гэта ходзіць па лузе ён сам. Маладафронтаўцы і зуброўцы — гурбы камуфляжнае моладзі зь бел-чырвона-белымі значкамі ды шаўронамі — пакідалі ўражаньне, што ў вёску ўвайшоў сапраўдны беларускі партызанскі атрад і ўлада перамянілася.

Ну, а як сустракалі Аляксандра Мілінкевіча (кавалькада зь некалькіх машынаў, каманда суправаджэньня на чале зь Сяргеем Калякіным, фотаўспышкі), лепш за ўсё сьведчаць вынікі алешчынскіх праймэрыз, дзе адзіны атрымаў 70% галасоў супраць 10% у Лукашэнкі. Падчас другога, нядаўняга візіту сп. Аляксандру ў вёсцы проста не давалі праходу: прасілі дапамагчы з рамонтам хаты, падняць леспрамгас, павысіць заробкі...

Панаехала гасьцей і з астатніх абласьцей. Евангельскі пастар з Койданава цэлы дзень чакаў мяне з Полацкай царквы; мае дзядзькі з Гомельшчыны дабіраліся сюды двое сутак; берасьцейскія маладафронтаўцы арандавалі мікрааўтобус, каб ехаць 700 кіламетраў праз усю краіну, а гарадзенцы на чале з Паўлам Мажэйкам прывезьлі з сабою польскую тэлевізію (адзін зь мясцовых п’янтосаў, падняўшыся з канавы, растапырыў рукі і крычаў аператару: «Здымай! Я тут жыву!..»).

А хто-ніхто дабіраўся сюды і з-за мяжы. Пратэстанты-прадпрымальнікі ехалі з Кіева, каб абмеркаваць беларускую палітычную сітуацыю. Французскія і амерыканскія журналісты рабілі кола зь Менска, каб пацікавіцца быцьцём сіценскай глыбінкі. Прадстаўніку Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, каб перадаць мне кнігі, давялося езьдзіць у Сітна двойчы — першы раз узімку яго разьвярнулі ўжо ў вёсцы, і толькі праз паўгода, захаваўшы інкогніта, ён здолеў пранікнуць у засакрэчаныя гушчары беларуска-расейскай інтэграцыі. Пасьля візіту беларускіх студэнтаў, якія працуюць у Капенгагене і чые нумары на аўтамабілі мяцовыя віжы зблыталі зь нямецкімі, у навакольлі быў абвешчаны сапраўдны алярм: «Немцы ў лесе!» Ледзь не дайшло да аперацыі «Баграціён»...