Выбрать главу

Другая прычына была больш празаічнай: Ён разумеў, што Яго самагубства будзе клопатам для іншых. Нехта першым знойдзе Яго цела, якое, натуральна, будзе мець не лепшы выгляд — ужо непрыемнасць для чалавека. Добра яшчэ, калі хутка знойдуць... Некаму трэба будзе паведаміць пра гэта ў адпаведныя інстанцыі... Камусьці давядзецца прыбіраць за Ім рэчы... А што будуць адчуваць сваякі, калі даведаюцца пра такую навіну? Магчыма, для некаторых з іх Яго смерць стане сапраўдным горам. Хаця, наўрад ці. Магчыма, некаторыя мелі на Яго пэўныя спадзяванні... У любым выпадку, ім трэба будзе займацца пахаваннем і спадарожнымі пытаннямі... Разумеючы ўсё гэта, Ён адчуваў нейкі сорам перад усімі гэтымі людзьмі. Уяўляючы такую сітуацыю, Ён шкадаваў больш іх, чым сябе, хоць адначасова разумеў, што ўжо праз пару год ім будзе ўсё роўна. Тым не менш, іншым разам у сваіх разважаннях на гэты конт Ён даходзіў да таго, што можна з’ехаць на ўсе апошнія грошы куды-небудзь у Сібір, заблукаць у глухой тайзе і памерці там, каб цела Яго ніколі не знайшлі. А напярэдадні напісаць родным, што ўсё добра, што пачынаецца новае жыццё, толькі вось сувязь падтрымліваць будзе цяжка... Аднак Злы заўжды перарываў такія разважанні відавочнымі аргументамі, якія разбуралі гэтыя дзіўныя і наіўныя фантазіі да рэшты. Добры ж увесь час паўтараў, што самагубства і нават думкі пра яго — цяжкі грэх.

Пасля гэтага Ён прыйшоў да высновы, што аптымальным варыянтам будзе няшчасны выпадак. І Ён нават пачаў на яго спадзявацца, чакаць, што з Ім павінна нешта здарыцца. Такі варыянт адначасова стаў бы для Яго і Божай ласкай (маўляў, Бог пашкадаваў Яго, не стаў даводзіць да граху самагубства і адначасова пазбавіў пакут), і вырашыў бы пытанне са страхам забіць сябе ды з дурной надзеяй на лепшае. Аднак, з іншага боку, праблемы побытавага характару засталіся б. Цела, бруд, непрыемная навіна для родных, клопаты з пахаваннем... Ён разумеў, што калі зда­рыцца няшчасны выпадак, — быццам бы Ён і ні пры чым, — усё можна будзе зваліць на волю лёсу. Але разуменне таго, што сам жадаў бы гэтага выпадку, пакідала Яму пачуццё віны. Ды і шкадаванне людзей, якім Яго смерць прынесла б клопаты, нікуды не падзелася. І вось ужо пасля гэтага ў Яго хваравітай свядомасці ўзнікла жаданне нейкага глабальнага, агульнага для ўсіх, канца.

Нягледзячы на тое, што ў сваіх разважаннях наконт самагубства Ён быццам бы прыйшоў да пэўных высноў, вельмі часта вяртаўся начамі ў самы пачатак гэтых думак і праходзіў кола «самагубства — няшчасны выпадак — глабальная катастро­фа» зноў і зноў... І вось цяпер Ён ляжыць і думае, што ідэя глабальнай катастрофы ўсё ж з’яўляецца геніяльным выйсцем і вырашае пытанне Злога, хоць яно і з’яўляецца правакацыяй. Пытанне гэтае, як і абсалютная большасць іншых псеўдафіласофскіх пытанняў Злога, уяўляе сабой гордзіеў вузел. Аднак у дадзеным выпадку, падзенне каменнай глыбы гэты вузел рассячэ. Бо, з аднога боку, пра ніякую пасмяротную пашану гаворкі быць не можа, паколькі шанаваць Яго не будзе каму. А з дру­гога боку, «пасля мяне — хоць трава не расці» азначае ўсё ж не сапраўдную траву, а цяжкасці, якія чалавек пакідае пасля сябе іншым людзям. Паколькі ж усе павінны памерці разам, то і з цяжкасцямі ніхто больш не сутыкнецца. Ніхто і ніколі... І Яго хваравітая і санлівая свядомасць успрымае гэтыя думкі як нейкае прасвятленне, як яшчэ адно пацверджанне неабходнасці абрынуць астэроід. І Ён стомлена пасміхаецца сам сабе...

Раптоўна пачуўся голас Злога:

— Ты ж разумееш, што тваё самазадавальненне ад падзення астэроіда і ёсць тая ж пасмяротная пашана? Прызнайся, што яна патрэбна табе сама па сабе, а не таму, што будзе з’яўляцца паказчыкам плёну твайго жыцця, паказчыкам таго, што ты пакінуў пасля сябе нешта карыснае... Як патрэба пацверджання нейкай перавагі над іншымі. І хіба ты не атрымаеш тое ж самае, калі нейкім чынам здолееш абры­нуць свой астэроід? Атрымаеш, нават у большай ступені. Магчыма, у абсалютнай. Бо ты будзеш лічыць, што астэроід зваліўся не выпадкова, што гэта менавіта ты яго абрынуў што менавіта ты, а не хто-небудзь іншы, паставіў кропку ў існаванні чалавечай цывілізацыі. Ніякія прамовы на пахаванні і блізка не змогуць параўнацца з фактам ажыццяўлення тваёй хворай ідэі ў памеры самазадавальнення, якое ты жадаеш адчуць. Бо насамрэч ты шукаеш толькі самазадавальнення. І ведаеш гэта. І табе нават усё роўна, якім чынам ты яго атрымаеш: працуючы ўсё жыццё на карысць людзей ці знішчыўшы гэтых жа людзей у адзін момант. І паколькі другі ва­рыянт прынясе самазадавальнення значна больш, ты і абіраеш менавіта яго. Гэта — квінтэсэнцыя твайго эгаізму... Ці, дакладней, геданізму. У любым выпадку, гэта і ёсць адказ на маё пытанне: той варыянт, які ты абярэш і будзе з’яўляцца правиль­ным, бо выбар ты будзеш рабіць толькі на сваю карысць.