— Што значыць: «Бог дазволіць, Бог не дазволіць»? Ты ж лічыш, што думкі матэрыяльныя і твае заняткі нібыта маюць нейкі фізічны ўплыў на рэальны астэроід. А тады якая, па вялікім рахунку, розніца паміж гэтай тваёй ментальнай буксіроўкай і звычайнымі фізічнымі дзеяннямі? Вырабам выбухоўкі, напрыклад? Ці ты думаеш, Бог хацеў, каб людзі знішчалі людзей атамнай бомбай? Але ж Ён гэта дазволіў. Калі бамбілі Хірасіму, з нябёсаў чамусьці не высунулася велічэзная рука, якая б схапіла бомбу і сціснула яе ў кулаку. Ці як ты ўяўляеш умяшанне Бога? Не трэба забывацца на тое, што Бог зрабіў чалавека вольным. І даў яму вялізную колькасць магчымасцей. А як чалавек іх выкарыстоўвае — пытанне сумлення самога чалавека. Нехта, напрыклад, вынайшаў адвёртку, каб прасцей было працаваць з тэхнікай. Аднак, калі ты пырнеш гэтай адвёрткай чалавека і заб’еш яго — хіба будзе ў тым віна вынаходніка? Не ён жа вінаваты, што ты выкарыстаў яго вынаходніцтва не так, як трэба, ужыў яго дзеля зла... Тое ж і з Богам. Магчыма, думкі насамрэч могуць матэрыялізавацца. Магчыма, гэта не супярэчыць законам фізікі, якіх яшчэ не адкрылі, і гэта таксама пэўны падарунак чалавеку ад Бога. Аднак і інструмент можна выкарыстоўваць па-рознаму. Ты думаеш, як абрынуць астэроід, а мог бы думаць пра тое, што скончацца войны, перастануць паміраць дзеці, а людзі стануць дабрэйшымі... І калі ты верыш, што рэальна можаш кіраваць каменнай глыбай, якая знаходзіцца за сотні кіламетраў, чаму ты не можаш паверыць, што здольны аказаць аналагічны ўплыў на тое, што зусім побач? Паспрабаваў бы спачатку сілай думкі адвучыць суседа ад гарэлкі...
— Астэроід зрушыць прасцей, мне здаецца... Ты ж сам кажаш, што нават Бог не можа паўплываць на дзеянні чалавека... Куды ўжо мне?.. А што астэроід? Ён жа неадушаўлёны, уласных думак не мае... вялізная глыба... Ёсць жа ў гісторыі факты тэлекінэзу?.. Вось і тут тое ж самае... У нейкім сэнсе... Я толькі цяпер падумаў пра сваю ідэю, як з’яву тэлекінэзу... Але ж тут сэнс не толькі ў фізічным уздзеянні... Хоць нават і з дапамогай думкі... Гэта толькі інструмент, сродак для дасягнення сапраўднай мэты...
Ён казаў свае словы павольна, з вялікімі паўзамі — адчувалася стомленасць, хацелася спаць. Думкі Яго цяпер былі быццам развараныя спагецці — зліпаліся адна з адной, блыталіся, утваралі ў галаве нейкі цяжкі нязграбны камяк. І Яму складана было выцягваць з гэтага камяка нешта адзінае, яснае і паслядоўнае... Цяпер Ён ляжыць, заплюшчыўшы вочы, і ўяўляе, як цягне да сябе з халоднага космасу вялікую каменную глыбу. Сіл, каб суправаджаць гэты працэс фізічнымі рухамі, не засталося. Ужо ў дрымоце Ён пачуў словы Злога:
— А некаторыя людзі, якіх, дарэчы, ты хочаш забіць, спрабуюць. Хтосьці моліцца, хтосьці імкнецца ўявіць нешта добрае, прыемнае... А ты хочаш усё знішчыць. У тым ліку і гэтых, з добрымі намерамі... Але ж верыш, што твае намеры значна дабрэйшыя...
Злы казаў яшчэ нешта, але Ён ужо нічога не чуў Ды і апошнія пачутыя словы не зачапілі Яго як звычайна. Стомленасць і дрымота не пакінулі Яму сіл ні на аналіз, ні нават на эмоцыі.
НОЧ ПЯТАЯ
Хто не здольны да вялікіх здзяйсненняў, той зневажае вялікія задумы.
Л. дэ КЛАПЬЕ ВОВЕНАРГ
Ён ляжыць нерухома. Спрабуе ўзгадаць дыялог са Злым, які адбыўся мінулай ноччу. Яму здаецца цікавым, што гэтыя начныя дыялогі, маналогі і ўласныя развагі днём Ён амаль не памятае. Затое наступнай ноччу ўзгадвае іх нават у дробных дэталях. І ўсе ночы быццам бы зліваюцца ў адну, якая ўяўляе сабой нейкую асобную рэальнасць. Рэальнасць, дзе ўсё статычна і стабільна. Дзе заўжды ўсё адно і тое ж: Ён, Злы, Добры, няўтульны ложак, цемра, цішыня. Адныя і тыя ж тэмы, адзінае кола думак. І гэтая агульная ноч для Яго — як дом, у які заўжды хочацца вярнуцца. Дні ж падаюцца Яму нейкімі фальшывымі: кожны дзень па-свойму розны, з нейкімі новымі падзеямі, клопатамі, праблемамі. Але яны падобны адзін да аднаго толькі сваёй непатрэбнай мітуснёй і шэрагам аднолькавых дзеянняў, якіх патрабуе гэтая мітусня. Бо асноўную колькасць дзеянняў Ён вымушаны выконваць не таму, што так хочацца, а таму, што так трэба.
Кожную раніцу Ён п’е каву не таму, што яна падабаецца, а таму, што кава дапамагае Яму прачнуцца, узбадзёрыцца. Снедае не таму, што хочацца і не таму, што гэта смачна, а таму, што трэба набрацца сіл на дзень. Прымае душ не таму, што брудны і сам хоча памыцца, а таму, што трэба мець выгляд, які адпавядае патрабаванням грамадства. І яшчэ шмат чаго іншага. І ўсё гэта — у нязручна хуткім тэмпе, такім, што нават пры жаданні Яму цяжка атрымаць асалоду. Таму Яго дні — набор механічных рухаў з папраўкай на абставіны кожнага асобнага дня. І ад гэтых непатрэбных рухаў Ён толькі стамляецца і зношваецца, як механізм. І ўся сукупнасць такіх дзён падаецца Яму нейкім нецікавым, хваравітым, мітуслівым і адначасова марудным сном.